Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Японцы першымі адгукнуліся на Чарнобыльскую бяду


Чарнобыльская АЭС

Чарнобыльская АЭС

Сёньня да амбасады Японіі ў Беларусі людзі прыносілі кветкі, пісалі словы спачуваньня народу, пацярпеламу ад стыхіі. А ў Сэндайскім сквэры, каля Тэатру музкамедыі ў выходныя таксама ўжо стаялі сьвечкі, кветкі і нават некалькі папяровых жураўлікаў. Бо ў беларускага і японскага народаў быў і ёсьць агульны боль — наступствы ядзерных катастофаў.

Японскія навукоўцы і лекары дзяліліся досьведам працы зь беларускімі калегамі, дапамагаючы пераадолець наступствы Чарнобылю. Японцы дагэтуль дапамагаюць у пераабсталяваньні сучаснай мэдычнай тэхнікай шпіталёў і паліклінік у пацярпелых ад катастрофы на ЧАЭС рэгіёнах.

Дырэктар Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру паталёгій шчытападобнай залозы прафэсар Юры Дзямідчык кажа, што толькі дзякуючы намаганьням японскіх мэдыкаў была прызнана залежнасьць імклівага росту захворваньняў шчытападабнай залозы з наступствамі Чарнобылю:

«Як ні дзіўна, Эўропа побач, а Японія далёка, але японцы аказаліся самымі актыўнымі. Я і нашы супрацоўнікі ў Японіі шмат разоў бывалі. Яны сапраўды аказалі вялікую дапамогу і гуманітарную, і навуковую. У нас у цэнтры японскі прафэсар працаваў. Прычым, прафэсар Акіра Сугеноя быў простым хірургам, а цяпер ён стаў мэрам гораду Мацумота. Мне нават крыху шкада, што гэты мой настаўнік зараз працуе не ў мэдыцыне, а пайшоў, так бы мовіць, у палітыку. Ён напісаў некалькі вельмі пазытыўных кніг пра Беларусь. Цёплыя кніжкі...»
Як ні дзіўна, Эўропа побач, а Японія далёка, але японцы аказаліся самымі актыўнымі.

Прафэсар Акіра Сугеноя, а таксама галоўны лекар клінікі ўнівэрсытэту Сінсю Мінора Камата, прафэсар унівэрсытэту Нагасакі Сюніці Ямасіта, дырэктар Чарнобыльскага дзіцячага фонду Руіці Хіракава за шчырую дапамогу і дабрачыннасьць былі ўганараваныя ордэнам Францыска Скарыны. Беларусам дапамагалі ня толькі мэдыкі — простыя японцы таксама адгукнуліся на бяду, кажа дырэктар Рэспубліканскага цэнтру дзіцячай анкалёгіі і гематалёгіі прафэсар Вольга Алейнікава:

«Яшчэ ў 1991 годзе Тамакі Курыхара, знакамітая японская акторка, нам за свае грошы купіла вельмі шмат розных мэдычных прыстасаваньняў: там былі і шпрыцы, і розныя антысэптычныя сурвэткі, і плястыры, якіх мы ніколі ня бачылі, ну ўсё-усё-усё. Быў яшчэ адзін чарнобыльскі фонд, які прыяжджаў сюды, рабіў фатаграфіі ў Чарнобыльскай зоне, выдаваў календары і дасылаў нам штогод на рахунак па 10 тысяч даляраў. Японцы нам дапамагалі істотна».

Менск — горад-пабрацім японскага гораду Сэндай. А каля Чырвонага касьцёлу ў 2001 годзе ўсталяваная мэмарыяльная кампазыцыя «Звон Нагасакі». Сам звон зьяўляецца «двайніком» звону «Анёл», уцалелага пасьля атамнай бамбардзіроўкі Нагасакі 9 жніўня 1945 году. Гэта падарунак каталіцкага касьцёлу Японіі Беларусі.

Летась Японія, якая знаходзіцца ў тысячах кілямэтрах ад Беларусі, распачала супольны праект зь беларускімі памежнікамі. Японія акажа тэхнічную дапамогу Беларусі на 1 мільён даляраў у справе процідзеяньня незаконнаму абароту ядзерных і радыеактыўных матэрыялаў.

Прэсавы сакратар Дзяржаўнага памежнага камітэту Аляксандар Цішчанка: «Па гэтай праграме ідзе пераабсталяваньне, забеспячэньне новым сучасным абсталяваньнем нашых мабільных лябараторыяў, якія ажыцьцяўляюць маніторынг і насельніцтва, і прадуктаў, і грузаў. Ёсьць яшчэ і памежны флот, берагавая ахова — бо большасьць водных межаў праходзіць менавіта ў Чарнобыльскай зоне. Таму мабільныя лябараторыі дазваляюць хутка, апэратыўна выяўляць крыніцы радыеактыўнага выпраменьваньня».

Дзяржаўная дапамога ўраду Японіі, пачынаючы з 1991 году, склала каля 15 мільёнаў даляраў, японскія грамадзкія і няўрадавыя арганізацыі аказалі беларусам гуманітарную дапамогу на суму каля 30 мільёнаў даляраў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG