Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БАЖ прадстаўляе: «Свабода слова — твая свабода»


Беларуская асацыяцыя журналістаў прапануе інтэрнэт-супольнасьці новы 11-хвілінны відэафільм «Свабода слова — твая свабода».

У стужцы сабраныя сьведчаньні парушэньня правоў журналістаў падчас разгону дэманстрацыі 19 сьнежня і расповеды пра тыя падзеі. Дакумэнтальныя кадры зьмяняюцца цытатамі з закону «Аб СМІ», які гарантуе права журналіста знаходзіцца ў месцы грамадзка-значных падзеяў і перадаваць адтуль інфармацыю.

«Замах на прафэсію журналіста — гэта замах на права ўсяго грамадзтва атрымліваць усебаковую інфармацыю і рабіць усьвядомлены выбар», — падкрэсьліваюць стваральнікі фільма.

Пры падрыхтоўцы фільма выкарыстоўваліся фота- і відэаматэрыялы, зьнятыя карэспандэнтамі «Нашай Нівы», БелаПАН, Радыё «Свабода», «Белсату», «Эўрапейскага радыё для Беларусі» і некаторых іншых СМІ, а таксама ўласныя відэаматэрыялы.

Праект «Свабода слова — твая свабода» не абмяжуецца выпускам дакумэнтальнага кіно. Ідзе праца над яшчэ адным відэаролікам на тэму правоў чалавека, удзел у якім пагадзіліся ўзяць вядомыя замежнікі — журналісты, палітыкі, грамадзкія актывісты, творчыя асобы.

Акрамя таго, у хуткім часе ў сеціве зьявіцца анімацыйны флэш-ролік, які заклікае задумацца над стаўленьнем да прафэсіі журналіста ў Беларусі. У найбліжэйшых плянах БАЖ таксама выпуск кампутарнай гульні «Я — журналіст», дзе кожны ахвотны зможа пабываць у ролі прадстаўніка мас-мэдыя і сутыкнуцца з тыповымі для беларускіх журналістаў перашкодамі ў працы.

XS
SM
MD
LG