Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская АЭС: Лукашэнка ўхваляе, Літва пратэстуе


Аляксандар Лукашэнка ўхваліў праект міжурадавага пагадненьня з Расеяй адносна будаўніцтва на тэрыторыі краіны атамнай электрастанцыі. Як перадае «Інтэрфакс», сваім указам Лукашэнка ўпаўнаважыў на падпісаньне адпаведных дакумэнтаў зь беларускага боку міністра энэргетыкі Адяксандра Азярца.

15 сакавіка ў рамках паседжаньня саюзнага саўміну плянуецца падпісаць пакет пагадненьняў пра будаўніцтва ў Беларусі атамнай станцыі. Менск на гэтыя мэты разьлічвае атрымаць расейскі крэдыт у памеры 9 мільярдаў даляраў. Прадпрыемства «Атомстройэкспорт» пацьвердзіла пляны пабудаваць на Астравецкай пляцоўцы і ўвесьці ў эксплюатацыю першы блёк АЭС у 2017 годзе, а другі ў 2018-м.

Тым часам беларускаму паслу ў Літве Ўладзімеру Дражыну ў панядзелак уручаная нота пратэсту ў сувязі з будаўніцтвам АЭС у Беларусі. Абурэньне літоўскіх уладаў выклікалі заявы беларускіх афіцыйных асобаў пра тое, што ў Літвы нібыта няма прэтэнзіяў адносна будаўніцтва АЭС блізу літоўскай мяжы.

Літва, у сваю чаргу, заяўляе, што працэс ацэнкі ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе заплянаванай да будаўніцтва АЭС не завершаны і Вільня супраць плянаў узьвядзеньня станцыі ў паўсотні кілямэтраў ад літоўскай сталіцы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG