Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэй Саньнікаў пакутуе ў турме ад хваробы суставаў. Уладзімер Някляеў зможа карыстацца ноўтбукам пры выкананьні пэўных умоў. Сваякі вязьняў "амэрыканкі" накіравалі другі ліст прэм'еру Расеі Ўладзімеру Пуціну. Зьміцер Дашкевіч піша пра дрэнныя ўмовы на "Валадарцы".

Ала Саньнікава атрымала ліст ад сына, якога з 19 сьнежня трымаюць
у турме КДБ "амэрыканка". "Зь ліста я зразумела, што ў яго баляць моцна суставы ног. Магчыма, гэта наступствы зьбіцьця на плошчы Незалежнасьці", — мяркуе Ала Саньнікава. У сувязі са станам здароўя Андрэя Саньнікава адміністрацыя "амэрыканкі" абмежавала сьпіс харчоў, якія прымаюць для яго ў перадачах. "Нельга перадаваць садавіну і гародніну", — паведаміла Ала Саньнікава.

Уладзімеру Някляеву дазволілі для працы карыстацца ноўтбукам, але абмежавалі гэта шэрагам умоваў, паведаміла жонка палітыка і вядомага паэта Вольга Някляева:

"Трэба, каб аддаваў на праверку тое, што напісаў, супрацоўніку КДБ, які ёсьць у ахове. Ды іншае, усё распавесьці зараз не магу. Але, мяркую, карыстацца ноўтбукам ён будзе".

Паўтара месяца экс-кандыдата ў прэзыдэнты Ўладзімера Някляева трымаюць пад хатнім арыштам у гарадзкой двухпакаёвай кватэры. На мінулым тыдні з-за рэзкага пагаршэньня стану здароўя не адбыўся допыт, прызначаны Някляеву ў КДБ. "Ціск у мужа застаецца павышаны", — паведаміла 14 сакавіка Вольга Някляева.

Адразу 6 лістоў атрымаў ад жонкі экс-кандыдат у прэзыдэнты Мікалай Статкевіч. Пра гэта Марына Адамовіч даведалася зь ліста, які атрымала 13 сакавіка. "Напярэдадні я скардзілася ў пракуратуру на дрэннае ліставаньне", — адзначае Марына Адамовіч. "Зноў пачаў выходзіць на прагулкі", — з гэтага радка зь ліста Статкевіча Марына робіць выснову, што ў яго таксама былі праблемы са здароўем. Адваката да Статкевіча не выклікаюць, і атрымаць дадатковую інфармацыю пра здароўе вязьня немагчыма.

Таксама Марына Адамовіч лістуецца зь лідэрам "Маладога фронту" Зьмітром Дашкевічам, якога нядаўна перавялі з жодзінскага ізалятара на "Валадарку". У апошнім лісьце Дашкевіча былі зьвесткі пра ўмовы ўтрыманьня:

"Як перавялі на "Валадарку", дык лісты перасталі ісьці, бо быў карантын. Але вось прыйшоў ліст, праўда, пакрэмзаны. Але можна разабраць, што піша пра ўмовы. Што турма вельмі перанаселеная і часам нават "няма дзе прысесьці".

Суд над Зьмітром Дашкевічам адбудзецца праз тыдзень, 21 сакавіка. Разам з Эдуардам Лобавым Дашкевіча будуць судзіць паводле абвінавачаньня ў злосным хуліганстве.

Пытаюся ў бацькі журналісткі Ірыны Халіп Уладзімера, ці вяліся за час хатняга арышту ягонай дачкі нейкія сьледчыя дзеяньні зь яе ўдзелам? "Не, нічога не было", — адказвае Ўладзімер Трафімавіч. Які настрой у Ірыны?

"Безумоўна, ёй цяжка. Ужо 45 дзён сядзець у сваёй хаце і ня мець магчымасьці нават выйсьці за парог — гэта ўсё ж такі катарга".

Зоя Яўменава, бабуля актывіста штабу Статкевіча Сяргея Марцалева, падала скаргу на тое, што яе ўнуку ў камэры не перадаюць газэты, якія яму былі выпісаныя. "Мы выпісалі яму 5 недзяржаўных выданьняў, але рэгулярна перадаюць толькі адно — "Камсамолку", і вось упершыню перадалі нумар "Беларускага рынку". А дзе "Народная воля", дзе іншыя газэты? — пытаецца Зоя Фёдараўна. Учора яна атрымала трэці ліст ад унука за амаль тры месяцы ягонага знаходжаньня ў "амэрыканцы". Сяргей Марцалеў, да якога не дапускаюць і адваката, напісаў бабулі, што пакутуе ад недахопу інфармацыі:

"Ён заўсёды шмат чытаў і зараз піша, што перажывае "інфармацыйны голад". Дайшло да таго, піша, што перачытаў усе цэтлікі на бутэльках ад шампуня... Пра адваката напісаў, што вельмі дзіўна — бачыў яе толькі адзін раз, два з паловай месяцы таму, калі выстаўлялі абвінавачаньне".

Паводле Зоі Яўменавай, адвакат паведаміла ёй, што зноў і зноў атрымлівае адмову на наведваньне Сяргея Марцалева з прычыны "адсутнасьці ў "амэрыканцы" вольнага памяшканьня для сустрэчы".

Сябры камітэту сваякоў вязьняў "Вызваленьне" аднесьлі ў амбасаду Расеі ў Беларусі тэкст звароту да прэм'ера Расеі Ўладзімера Пуціна. Раней сваякі зьвярталіся з просьбай дапамагчы ў вызваленьні вязьняў да прэзыдэнта Расеі Дзьмітрыя Мядзьведзева.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG