Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі пісьменьнік Віктар Ерафееў, які патрапіў у “чорны сьпіс” асобаў, чые імёны забаронена ўзгадваць у беларускіх афіцыйных СМІ, разважае над прыродай абыякавасьці сучаснай культурнай эліты.



Апошні тыдзень мяне даставалі з усіх бакоў: "Чаму вас забаранілі ў Беларусі?".

Мелася на ўвазе: разам зь іншымі пісьменьнікамі і музыкамі апынуўся ў чорным сьпісе.

Дзівіла інтанацыя, зь якой пыталіся журналісты: "Вам ня крыўдна, што забаранілі згадваць ваша імя ў беларускіх СМІ?".

Ну, вядома: сяджу і плачу! Зь іншага боку: і ганарыцца асабліва няма чым. Я не люблю рэжым Лукашэнкі. Гнюсны рэжым. Надзеў каўпак на цудоўную краіну лясоў і азёр – душыць. Ня дзіўна, што яны мяне там таксама ня любяць. Зразумела: забараняць пісьменьнікаў – паказваць сваю імпатэнцыю. Я вось і Буша–малодшага не асабліва любіў. Але было б сьмешна, калі б мяне ў Амэрыцы забаранілі.

Мяне зьдзіўляе іншае: вельмі мала пісьменьнікаў і музыкаў забаранілі. Мала тых, хто пратэстуе супраць дзяржаўнага тэрарызму, катаваньняў і бяспраўя, супраць гэтай лукашэнкаўскай аўтарытарнай заразы, эпідэміі, якая і нас тут у Маскве чакае. Чхае і кашляе. Дзякуй за гэта, у прыватнасьці, і Менску. Але адкуль абыякавасьць іншых?

Нам тут не балюча за іншых. Эўропа, Амэрыка, арабскі сьвет – усе абураюцца тэрарыстам Кадафі, а ад нас – амаль нічога. Як вады ў рот набралі. Афіцыйна Масква толькі стрымлівае размах сусьветных пратэстаў, палохае ісламізацыяй і намякае на памаранчавасьць самой рэвалюцыі. Так праходзіць водападзел. На Кадафі кляйма няма дзе ставіць. Захад прагінаўся – тэрарыста, сапраўды, трэба баяцца, але калі лібійскі народ паўстаў, кінуліся народу дапамагаць, падтрымліваць.

А каму ў нас патрэбны лібійскія паўстанцы, якія ваююць дзесьці ў незразумелай пустэчы? Хто можа ім сказаць добрае слова? Ды прападзі яны пропадам!

Мы хворыя на сьмяротную абыякавасьць. Нас без асаблівых намаганьняў раскалолі на кавалкі. Інтэлігенцыя, якая калісьці пісала лісты ў абарону нашых дысыдэнтаў, ператварылася ў гістарычную акамянеласьць. Культурная эліта – як зараз прынята называць некаторую колькасьць праслаўленых дзеячаў мастацтва – разбэшчаная і разьяднаная. Аб сваіх вязьнях яшчэ сёй–той шкадуе, чужых і ведаць ня хочуць.

Бяспамяцтва – бізун. Такі ж біч – адрахлеласьць сумленьня. Кіруй, Кадафі! Душы ўсіх, Лукашэнка! Мы не занадта "за", але мы і не асабліва "супраць". Нас задзяўбло жыцьцё. Адчапіцеся! Адчапіцеся тыя, каму больш за ўсіх трэба! Прывітаньне дыктатарам з нашай канапы! Кадафі і Лукашэнка прыгрэліся ў промнях нашага бясслаўя.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG