Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як ставяцца да ўцёкаў Алеся Міхалевіча іншыя фігуранты справы аб падзеях 19-га сьнежня, адпушчаныя пад падпіску аб нявыезьдзе? Ці зьмяніўся рэжым адносна іх? Ці не пацярпяць тыя, хто паручаўся за Алеся Міхалевіча?

Пасьля вызваленьня зь СІЗА КДБ рэдактарка сайту "Хартыя 97" Натальля Радзіна павінна знаходзіцца ў Кобрыне пад падпіскай аб нявыезьдзе. Яе абвінавачваюць у арганізацыі масавых беспарадкаў 19 сьнежня ў Менску і ўдзеле ў іх. Яна кажа, што разумее ўчынак Алеся Міхалевіча:

Натальля Радзіна
"Я магу зразумець Алеся Міхалевіча, калі праўда тое, што ён кажа, што яго жыцьцю пагражае небясьпека. І насамрэч пасьля тых гучных заяваў, якія ён зрабіў, у гэта можна паверыць. Таму мне зразумелыя яго дзеяньні, я не магу яго асуджаць. Ёсьць асобныя жыцьці асобных людзей, і калі ім пагражае небясьпека, то іх учынкі можна зразумець. А як гэта адаб'ецца на нас? Паводле закону ніяк не павінна адбіцца, бо мы ўмовы падпіскі не парушалі. Схаваць нас у турму толькі таму, што ўцёк Алесь Міхалевіч — ня думаю, што ўлады пойдуць на гэта. Таму ня трэба ўпадаць у гістэрыку".

Натальля сказала, што ня мае права пакідаць Кобрын, рабіць ацэначныя выказваньні, пісаць артыкулы ад свайго імя як журналістка. Сваё знаходжаньне ў Кобрыне яна называе "ссылкай". У зьвязку з уцёкамі Міхалевіча яе рэжым пакуль ніяк не памяняўся.

"Пакуль ніякіх дзеяньняў не было зроблена. Я так разумею, што зараз спэцслужбы абдумваюць, як паступіць у гэтай сытуацыі".

Адзін з арганізатараў кампаніі "Гавары праўду" Сяргей Вазьняк, абвінавачаны па справе аб масавых беспарадках, адбыў у "амэрыканцы" 41 дзень. Напрыканцы студзеня яго выпусьцілі пад падпіску аб нявыезьдзе. Палітык ня мае права выяжджаць за межы Беларусі, а па краіне можа перамяшчацца толькі з дазволу кіраўніка сьледчай групы.

Сяргей Вазьняк кажа, што ніколі не зрабіў бы так, як Алесь Міхалевіч, бо ня лічыць сябе ні ў чым вінаватым і не баіцца суду. Але найперш — каб не нашкодзіць іншым. Вазьняк не ўхваляе ўчынак Міхалевіча:

Сяргей Вазьняк
"Чалавек, які знаходзіцца пад падпіскай аб нявыезьдзе, павінен думаць ня толькі пра сябе, але і пра тых людзей, якія цяпер знаходзяцца ў сьледчым ізалятары. Я ўжо ня думаю, што нас назад вернуць. Але я непакоюся, што ў тых, хто там знаходзіцца, былі шанцы выйсьці пад падпіску аб нявыезьдзе, і гэтыя шанцы цяпер зьменшыліся".

Сёньня Сяргей Вазьняк браў удзел у чарговых сьледчых дзеяньнях у КДБ. Ён кажа, што не адчуў нейкіх зьменаў адносна сябе: усё было карэктна і спакойна.

Экс-кандыдат у прэзыдэнты Віталь Рымашэўскі, які таксама пасьля вызваленьня зь СІЗА КДБ знаходзіцца пад падпіскай аб нявыезьдзе, двойчы з дазволу сьледчага пакідаў Менск. Ён кажа, што пакуль не адчуў нейкіх зьменаў свайго рэжыму.

Віталь Рымашэўскі
"Што будзе далей, прагназаваць складана. У прынцыпе, уцёкі Міхалевіча могуць паўплываць. Але я не адчуваю, каб гэта было зараз. Ну, а што тычыцца ўчынку Міхалевіча, то я яго цалкам разумею. Пасьля яго заявы гэтыя паводзіны даволі лягічныя. Я думаю, ён прыняў гэтае рашэньне, таму ён палічыў для сябе гэта найлепшым. Ці павялічылася пагроза таго, што нам могуць зьмяніць меру стрыманьня ў зьвязку з тым, што Алесь зьехаў? Так, павялічылася. А ці хвалююся я з гэтай нагоды? Не хвалююся".

Партыя БНФ працягвае кампанію па зборы паручальніцтваў за вызваленьне палітвязьняў зь СІЗА КДБ. Паручальніцтвы будуць перадавацца ў суды. Паводле ініцыятараў, паручальніцтвы за Алеся Міхалевіча падпісвалі Аляксандар Мілінкевіч, Рыгор Кастусёў ды іншыя вядомыя асобы.

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч адзначае, што з-за ўцёкаў Міхалевіча паручальнікі не пацярпяць, бо яго мера стрыманьня не была зьвязаная з паручальніцтвамі.

Валянцін Стэфановіч
"То бок гэта не паручальніцтва, а падпіска аб нявыезьдзе. То бок гэта іншы від меры стрыманьня. Там пракуратура пісала, што яны ўлічылі звароты грамадзянаў, але яны абралі іншую меру стрыманьня — падпіску аб нявыезьдзе. Калі б яму абралі меру стрыманьня — асабістыя паручальніцтвы, тады былі б задзейнічаныя мэханізмы, якія тут прадугледжаныя. Тыя, хто за яго паручаўся, плацілі б штраф. А так гэтая падпіска аб нявыезьдзе ніяк не адаб'ецца на тых, хто падпісваўся".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG