Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Час дапамагчы лібійскім паўстанцам?


Штораз гучней чуваць галасы, што сьвет не павінен проста назіраць за тым, як рэжым Муамара Кадафі выбівае антыўрадавыя сілы з чарговых гарадоў Лібіі, а дапамагчы паўстанцам.

У сёньняшнім выданьні The Times былы міністар замежных справаў Вялікабрытаніі Малкалм Рыфкінд перасьцерагае, што Кадафі можа здушыць супраціў паўстанцаў за два бліжэйшыя тыдні. Паводле Рыфкінда, перамога Кадафі мела б "зьнішчальныя наступствы" як для арабскага сьвету, так і ўсяго Блізкага Ўсходу.

Малкалм Рыфкінд
"Дэспаты ў Сірыі, Іране і іншых месцах атрымалі б выразны сыгнал, – піша Рыфкінд. – Адмоўся ад рэформаў, адкажы на пратэсты брутальнай сілай і ты застанесься пры ўладзе. Замест прывітаньня Арабскай вясны сьветам, мы мелі б Будапэшт 1956 году або Прагу 1968 году, куды свабода прыйшла на адно пакаленьне пазьней, або плошчу Цяньаньмэнь 1989 году, дзе кітайцы ўсё яшчэ чакаюць свабоды".

Паводле Рыфкінда, сьвет павінен і можа неадкладна дапамагчы паўстанцам супраць рэжыму Кадафі без наўпроставай ваеннай інтэрвэнцыі. Рыфкінд прапануе чатыры элемэнты такой стратэгіі дапамогі: пастаўкі зброі антыўрадавым сілам; аказаньне міжнароднага ціску на ўрады Чаду, Альжыру і Сірыі, каб яны спынілі высылку наёмнікаў на дапамогу Кадафі; усталяваньне ў Лібіі зоны, вольнай ад палётаў авіяцыі Кадафі; пасланьне яснага сыгналу генэралам Кадафі, што ўсе яны стануць перад Міжнародным судом у Гаазе, калі не парвуць з дыктатарам.

Брытанскі палітык і дыплямат Пэды Эшдаўн, які быў Высокім прадстаўніком па Босьніі і Герцагавіне ў 2002-2006 г.г., таксама заклікае міжнародную супольнасьць да дзеяньняў у справе Лібіі. У сёньняшнім выданьні The Financial Times Эшдаўн перасьцерагае, што далейшая бязьдзейнасьць сьвету адносна Лібіі можа давесьці да разьні цывільнага насельніцтва, падобнай на тую, якая здарылася ў 1990-х у Босьніі.

Паводле Эшдаўна, міжнародная супольнасьць павінна ўвесьці ў Лібіі зону, вольную ад палётаў, і прымусіць рэжым Кадафі датрымлівацца гэткай забароны палётаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG