Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міхалевіч за мяжой працягне дзейнасьць супраць катаваньняў КДБ


Алесь Міхалевіч

Алесь Міхалевіч

Былы кандыдат на прэзыдэнта, абвінавачаны па справе аб падзеях 19 сьнежня, Аляксей Міхалевіч паведаміў у сваім блогу, што знаходзіцца па-за зонай дасягальнасьці КДБ. Тое, што Міхалевіч за мяжой, пацьвердзіла ягоная жонка Мілана і сябры. КДБ пакуль не камэнтуе сытуацыю з уцёкамі асобы, якая знаходзіцца пад падпіскай аб нявыезьдзе.

У мінулую пятніцу Алесь Міхалевіч камэнтаваў "Свабодзе" чарговыя прысуды па справе аб падзеях на плошчы Незалежнасьці. Даволі спакойным тонам ён адказаў і на пытаньне пра тое, ці ёсьць нейкая рэакцыя КДБ на выкрыцьцё ім катаваньняў у ізалятары КДБ.

Карэспандэнт: "Усё ў цябе ціха? Ніхто не турбуе?"

Міхалевіч:
"Толькі раз адзін допыт быў, і ўсё. Можа, пакуль мантаваньнем фільму займаюцца…"

У суботу сытуацыя кардынальна зьмянілася, кажа жонка Міхалевіча Мілана:

Мілана Міхалевіч
"У нас быў на панядзелак ужо заплянаваны дзень: і мэдычныя дасьледаваньні, і сустрэчы з адвакатамі, і ўсё астатняе. Так што вельмі імкліва ўсё памянялася".

Апошні раз Мілана бачылася з Алесем Міхалевічам у суботу ўвечары, пасьля чаго ён пайшоў на нейкія сустрэчы і начаваць не вярнуўся, хаця, як кажа Мілана, яшчэ ўначы быў у Менску. Мілана кажа, што, як і сябры, чакала паведамленьня ад Алеся ў блогу. У запісе, які зьявіўся ў 0.20 у ноч на панядзелак, 14 сакавіка, Алесь піша:

"Мяне выклікаюць для правядзеньня сьледчых дзеяньняў у КДБ.

Я маю абгрунтаваныя падставы меркаваць, што з будынка КДБ ужо ня выйду.

Таму мяне ў КДБ ня будзе.

Цяпер я знаходжуся ў надзейным месцы, ня ў зоне дасяга[льн]асьці беларускага КДБ.

Зьбіраюся працягваць працу над спыненьнем катаваньняў і вызваленьнем усіх, хто незаконна ўтрымліваецца па паліт[ычных] матывах".

Алесева жонка Мілана кажа, што даведалася, што яе муж у бясьпецы, толькі з блога.

"Наколькі я разумею, гэтае рашэньне прымалася вельмі імкліва, нічога ён ня ўзяў. Ня ведаю ні як, ні дзе, ні з кім ён выяжджаў. Я, безумоўна, цешуся, што ён у бясьпецы".

Мілана мяркуе, што Алесю ў Беларусі сапраўды пагражала небясьпека:

"Я ня ведаю ніякіх падрабязнасьцяў, але, наколькі я ведаю свайго мужа, калі ён прымае нейкае рашэньне, то звычайна мае для яго сур'ёзныя падставы".

Мілана кажа, што КДБ не вярнуў Алесю Міхалевічу пашпарт. Яна ж пашпарт мае, але выяжджаць нікуды не зьбіраецца, застаецца зь дзецьмі ў Менску.

Сябра Міхалевіча Юрась Губарэвіч гутарыў з Алесем праз скайп у нядзелю ўвечары, калі той ужо быў за межамі Беларусі:

Юрась Губарэвіч
"Я не валодаю вялікімі падрабязнасьцямі пра тое, дзе зараз знаходзіцца Алесь, але я магу сказаць, што мы мелі зь ім размову праз скайп учора ўвечары, дзе ён сам пацьвердзіў, што ён знаходзіцца ў бясьпечным месцы і што зь ім на гэты момант усё нармальна. Ён жывы, здаровы і зьбіраецца працягваць сваю дзейнасьць, якая скіраваная на спыненьне катаваньняў і вызваленьне палітзьняволеных".

Юрась Губарэвіч мяркуе, што ў Алеся Міхалевіча былі рэальныя падставы для такога рашэньня:

"Той удар, які ён нанёс па іміджы, калі можна так сказаць, КДБ, даволі адчувальны. І ў іх не заставалася нічога іншага, апрача таго, каб адпомсьціць Алесю за тое, што ён распавёў на той прэсавай канфэрэнцыі. Сёньня яго выклікалі для правядзеньня сьледчых дзеяньняў, і цалкам верагодна, што сёньняшні паход у КДБ мог скончыцца зноў зьмяшчэньнем за краты".

У Генэральнай пракуратуры пакуль не змаглі паведаміць, ці разгледжаная заява Алеся Міхалевіча пра катаваньні ў ізалятары КДБ. Гаворыць прэсавы сакратар ведамства Пятро Кісялёў:

"Калі зварот накіраваны, то ён будзе абавязкова разгледжаны. Мне ж нічога пакуль не даводзілі".

Пятро Кісялёў паведаміў таксама, што інфармацыя са СМІ пра ўцёкі Міхалевіча даведзена да ведама кіраўніцтва пракуратуры. У КДБ гэтую інфармацыю пакуль ніяк не камэнтуюць.

Вядомы юрыст Гары Паганяйла мяркуе, што за парушэньне падпіскі пра нявыезд Міхалевічу адмыслова нічога не пагражае — толькі зьмяненьне меры стрыманьня і абвяшчэньне яго ў нацыянальны і міжнародны вышук з патрабаваньнем аб выдачы да ўладаў краіны, дзе ён апынецца.

Гары Паганяйла мяркуе, што заявы Міхалевіча пра катаваньні нясуць небясьпеку беларускім уладам, бо ў іх гаворыцца пра злачынствы супраць чалавечнасьці.

Гары Паганяйла
"Такога роду злачынствы зьяўляюцца міжнароднымі, яны караюцца крымінальна, на іх не распаўсюджваецца тэрмін даўнасьці і па гэтых справах краіны, якія валодаюць унівэрсальнай юрысдыкцыяй, могуць заводзіць справы па заявах пацярпелых, праводзіць расьсьледаваньне, выдаваць ордэры на арышт вінаватых".

Гары Паганяйла мяркуе, што Алесь Міхалевіч за мяжой можа стаць ініцыятарам такой крымінальнай справы. Юрыст мяркуе, што калі б Міхалевіча зноў арыштавалі ў КДБ, то небясьпека для ягонага жыцьця і здароўя была б высокая.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG