Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці абвешчаны ўжо Аляксей Міхалевіч ў вышук, не атрымалася высьветліць ні МУС, ні ў КДБ.

Жонка палітыка Мілана паведаміла БелаПАН, што зь сілавых структураў яе пакуль ніхто не турбаваў.

Мілана мяркуе, што сьледзтва не чакала ад Міхалевіча такіх дзеяньняў, паколькі ў іх знаходзіцца ягоны пашпарт.

Апошні раз Мілана бачыла свайго мужа 12 сакавіка.

Міхалевіч перасёк мяжу на дыпляматычным аўтамабілі адной з амбасадаў і цяпер знаходзіцца ў Польшчы, паведамілі паплечнікі палітыка gazeta.ru.

Першы сакратар пасольства Польшчы ў Беларусі Павал Марчук абверг інфармацыю пра тое, што нібыта Міхалевіч выехаў на польскім дыпламатычным транспарце.

Ананімны экспэрт сілавых структураў ня верыць, што Міхалевіч зьбёг

У інтэрвію Інтэрфаксу неназваны прадстаўнік сілавых структураў адзначыў: "Неабходна ўлічваць, што пакуль няма афіцыйнай інфармацыі пра тое, што Міхалевіч зьбег з краіны (…) Тое, што зьявілася інфармацыя ў ягоным блогу, што ён пакінуў краіну, нічога не пацьвярджае. Чалавек можа сядзець у сябе на лецішчы і пісаць у блогу, што сышоў у Гімалаі шукаць старажытныя цывілізацыі. (…) Вось калі Міхалевіч сапраўды зьявіцца ў іншай краіне, зробіць афіцыйную заяву па цэнтральным тэлебачаньні той краіны на фоне пазнавальных архітэктурных збудаваньняў, можна будзе з упэўненасьцю сказаць - так, яму сапраўды ўдалося пакінуць Беларусь".

У выпадку затрыманьня Аляксею Міхалевічу пагражае больш строгая мера стрыманьня, чым падпіска пра нявыезд. Гэта вынікае з артыкулу 120 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса.

Уначы 14 сакавіка ў сваім блогу былы кандыдат на прэзыдэнта Аляксей Міхалевіч абвясьціў, што знаходзіцца "не ў зоне дасяжнасьці беларускага КДБ".

Рух "За Свабоду" паведаміў, што Аляксею Міхалевічу атрымалася ноччу выехаць з краіны ў "надзейнае месца".

"Для мяне існуе адзіная прычына, якая апраўдвае такія мае крокі, - гэта рэальная фізычная пагроза”, - заявіў Міхалевіч – “Гэтыя людзі гатовыя пайсьці на ўсе, у іх дзеяньнях няма законнасьці і адкрытасьці".

Палітык зьяўляецца абвінавачваным па крымінальнай справе пра падзеі 19 сьнежня 2010 году ў Менску.

Міхалевіча затрымалі ў ноч на 20 сьнежня.

Праз два месяцы, 19 лютага, яго адпусьцілі з СІЗА КДБ пад падпіску аб нявыезьдзе.

28 лютага на прэсавай канфэрэнцыі Міхалевіч заявіў, што быў адпушчаны з СІЗА пасьля таго, як пагадзіўся стаць агентам КДБ.

Па словах палітыка, ён вымушаны быў пайсьці на такі крок "з-за жудасных умоваў утрыманьня ў СІЗА, якія можна расцаніць як катаваньні".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG