Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стратэгію дзейнасьці дэмакратычных сілаў Беларусі 14 сакавіка абмяркуе Нацыянальная каардынацыйная рада. Калі ўсе суб'екты рады пагодзяцца з адзінай стратэгіяй, то наступным крокам стане іх шчыльнае структураваньне. Калі ж згоды ня будзе, то асобныя суб'екты стануць супольна працаваць толькі па некаторых, цікавых для іх кірунках.

Намесьнік старшыні Аб'яднанай грамадзянскай партыі Леў Марголін лічыць: вызначэньне адзінай стратэгіі дэмакратычных сілаў у цяперашняй сытуацыі асабліва актуальнае:

"Бо як сказаў вельмі слушна Вінцук Вячорка, па вялікім рахунку, стратэгіі могуць быць дзьве. Альбо мы павінны дамагацца, каб Лукашэнка капітуляваў. Альбо мы павінны капітуляваць перад ім. Таму неабходна выбіраць.

І тут ня ўсё так проста. Напрыклад, падсьвядома ўзьнікае пытаньне: ці можна нам дамаўляцца з Лукашэнкам пра вызваленьне палітвязьняў? Альбо гэта павінна стаць той ультыматыўнай умовай, без выкананьня якой ніякіх перамоваў з рэжымам быць не павінна?"

Тым часам у інтэрнэце ўжо зьявіўся дакумэнт – "Стратэгія – 2012". Адзін зь яго аўтараў – Андрэй Ягораў, дырэктар Цэнтру эўрапейскай трансфармацыі – распавёў "Свабодзе", што першыя накіды такой канцэпцыі пачаліся яшчэ ў 2005 годзе:

"Ужо на той час было відавочна, што калі ўся наша дэмакратычная супольнасьць, уключна з палітычнымі партыямі і грамадзкімі арганізацыямі, ня будзе дзейнічаць у рамках агульнай стратэгіі, то нельга будзе дамагчыся перамогі. Але ж дагэтуль стратэгіі, не як папяровага дакумэнту, а як таго, што знаходзіцца ў разуменьні і рэалізацыі ў палітычнай практыцы, так і не зьявілася".

Цікаўлюся ў спадара Ягорава, чаму менавіта цяпер аўтары вярнуліся да сваіх распрацовак:
Мы выступаем з новай вэрсіяй стратэгічнай прапановы, якая падаецца для дыскусіі ды ўзгадненьня розным палітычным сілам...


"Пасьля 19 сьнежня зьяўляецца час рэфлексіі, разуменьня гэтай сытуацыі і магчымасьць узгадненьня пазыцыяў розных палітычных сілаў. І таму мы выступаем з новай вэрсіяй стратэгічнай прапановы, якая падаецца для дыскусіі ды ўзгадненьня розным палітычным сілам".

Лічба "2012" у назове дакумэнту невыпадковая – гэта часавая прывязка, арыентаваная на выбары ў Палату прадстаўнікоў, якія павінны адбыцца ў наступным годзе.

Ці можна зь дзьвюх стратэгіяў зрабіць адну супольную? Леў Марголін кажа, што ў прадстаўнікоў рады ёсьць даволі шмат пытаньняў па "Стратэгіі-2012":

"Таму мы спачатку прапанавалі запрасіць на наша паседжаньне Андрэя Ягорава, каб ён зрабіў прэзэнтацыю, адказаў на пытаньні".

Нацыянальная каардынацыйная рада дэмакратычнай апазыцыі была створаная 9 студзеня 2011 году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG