Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь парушае правілы Мытнага саюзу "тройкі"


Аляксандар Лукашэнка, Нурсултан Назарбаеў, Дзьмітры Мядзьведзеў

Аляксандар Лукашэнка, Нурсултан Назарбаеў, Дзьмітры Мядзьведзеў

Абмежаваньні, якія днямі ўвёў Нацыянальны банк Беларусі на выдачу валютных крэдытаў, выклікаюць занепакоенасьць у партнэраў па мытнай "тройцы". Гэта прызнаў сёньня і намесьнік міністра эканомікі Беларусі Антон Кудасаў. Паводле яго словаў, падобныя праблемы патрэбна вырашаць у судзе. Аднак такі суд... яшчэ не створаны.

Тэму сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі новага намесьніка міністра эканомікі Беларусі Антона Кудасава сфармулявалі так: "Удзел Рэспублікі Беларусь у Адзінай эканамічнай прасторы". І гэта невыпадкова – праз тры дні ў Менску кіраўнікі ўрадаў Беларусі, Казахстану і Расеі абмяркуюць справы мытнай "тройкі" і пэрспэктывы АЭП.

Літаральна за тыдзень да сустрэчы прэм'ераў Беларусь падрыхтавала "сюрпрыз" - увяла абмежаваньні на пакупку валюты пры імпарце інвэстыцыйных тавараў на суму 50 тысяч эўра. Дарадца ў эканамічных пытаньнях амбасады Расеі ў Менску Андрэй Кузьняцоў сказаў, што гэта рашэньне "перашкаджае прасоўваньню на беларускі рынак расейскіх тавараў". І дадаў:

"Цяпер ідзе працэс "урастаньня" у Мытны саюз. На жаль, адзін з удзельнікаў Мытнага саюзу, не параіўшыся з партнэрамі, зрабіў крокі, якія закранаюць іх інтарэсы".

Эканамісты тлумачаць такое рашэньне Менску жаданьнем зьменшыць імпарт і праз гэта скараціць дэфіцыт гандлёвага балянсу. Антон Кудасаў сёньня публічна прызнаў існаваньне такога пытаньня:

"Шчыра скажу, абмежаваньні валюты, з пункту гледжаньня нашых расейскіх калег, праблему ствараюць. І гэту тэму нам зь імі давядзецца абмяркоўваць. Толькі хачу дадаць, што міжнароднае права дазваляе дзяржаве ўжываць спэцыяльныя захады валютнага кантролю ў адпаведнасьці з сытуацыяй нацыянальнага плацёжнага балянсу. Аднак само па сабе гэта толькі аргумэнтацыя. Гэта не ліквідуе ўплыву гэтых захадаў на таварныя патокі".

Кіраўнік і аналітычнага цэнтру "Стратэгія" Леанід Заіка тлумачыць рашэньні беларускага кіраўніцтва абмежаваць валютныя крэдыты на пакупку імпарту праваламі ў зьнешнеэканамічнай палітыцы:

Леанід Заіка
"Гандлёвы дэфіцыт пад 10 мільярдаў даляраў. І абсалютна асноўная частка яго – гэта гандлёвы дэфіцыт з Расеяй. Таму былі вымушаныя ўвесьці гэтыя захады. Гэта – бяда беларуская. Але яе можна вырашыць. Трэба пазычыць два-тры мільярды ў Расеі. І тады гэтыя абмежаваньні аўтаматычна будуць зьнятыя".

Паводле апошняй справаздачы Нацыянальнага банку Беларусі, агульны зьнешні доўг краіны за 2010 год узрос на 29,2% і дасягнуў 28,5 мільярда даляраў. Гэта складае 52,2% Валавога ўнутранага прадукту Беларусі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG