Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паганяйла: Улады, як і раней будуць душыць адвакатаў і грамадзкія аб'яднаньні


Вярхоўны суд адхіліў скаргу Беларускага Хэльсынскага камітэту да Міністэрства юстыцыі. Праваабаронцы абскарджвалі папярэджаньне Мін'юста, вынесенае на адрас БХК 12 студзеня.

Папярэджаньне Мін'юста зьвілася адразу пасьля таго, як БХК накіраваў спэцдакладчыку ААН у пытаньнях незалежнасьці судзьдзяў і адвакатаў Габрыэле Кнаўль інфармацыю пра ціск уладаў на адвакатаў, што абараняюць фігурантаў справы аб масавых беспарадках 19 сьнежня.

Прадстаўнікі Міністэрства юстыцыі заявілі, што праваабаронцы нібыта падалі ў ААН неаб'ектыўныя, непраўдзівыя, няпоўныя зьвесткі, накіраваныя на дыскрэдытацыю праваахоўных органаў і органаў юстыцыі. Таксама яны выкарыстоўваюць скарочаную назву свайго аб'яднаньня, што таксама зьяўляецца парушэньнем закону.

Судзьдзя Галіна Жукоўская палічыла, што інфармацыя праваабаронцаў спэцдакладчыку "не зьяўляецца дастаткова поўнай і аб'ектыўнай". Таксама яна адзначыла, што БХК выкарыстоўваў назву, якая не адпавядае статуту і стары штамп. Суд не задаволіў скаргу БХК на вынесенае Мін'юстам папярэджаньне.

Камэнтуючы рашэньне суду старшыня БХК Алег Гулак заявіў:

Алег Гулак
"Мы вельмі зьдзіўленыя і абураныя такім рашэньнем суда. Бо суд палічыў усе падставы для вынясеньня папярэджаньня абгрунтаванымі. Гэта значыць, і сам зварот да спэцдакладчыка, і выкарыстаньне няпоўнай назвы арганізацыі. Суд пацьвердзіў, што гэта парушае заканадаўства. Мы ня можам пагадзіцца з такім рашэньнем суда. Магчымасьці для абскарджаньня зараз вельмі абмежаваныя, бо касацыйнай скаргі быць ня можа. Я думаю, мы пададзім скаргу ў парадку нагляду. Апроч абурэньня гэта нічога больш не выклікае. І шкадаваньня таксама".

Праваабаронца Гары Паганяйла паведаміў, што БХК мае намер даслаць гэтае рашэньне суду ў Вэнэцыянскую камісію, якая на просьбу Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы будзе разглядаць праблему свабоды дзейнасьці грамадзкіх аб'яднаньняў у Беларусі. Камэнтуючы рашэньне суду, Паганяйла адзначыў, што гэта "нармальная практыка таталітарнай дзяржавы, якая і заклікана душыць усё, што шавеліцца, усе расткі грамадзянскай супольнасьці і яе структуры".

Гары Паганяйла
"Улады, як і раней, праз выканаўчыя органы, такія як Міністэрства юстыцыі, будуць душыць і адвакатаў, і грамадзкія аб'яднаньні, якія ўзяліся абараніць адвакатаў. І ў краіне сытуацыя ў гэтым пляне ніяк не паляпшаецца. Мы ўжо неаднаразова казалі, што сыстэмных зьменаў няма. А пасьля 19 сьнежня і з публічных выступаў спадара Лукашэнкі, я яго не магу назваць прэзыдэнтам, і іншых высокапастаўленых асобаў гучыць, што дэмакратыя - гэта не для Беларусі, у нас свой шлях і апазыцыі тут таксама няма месца".

Спадар Паганяйла адзначыў, што праблема вакол адвакатаў гэтым рашэньнем суду не вычарпаная. Ён падзяліўся ўражаньнямі ад таго, як рэагуюць многія адвакаты на ціск з боку ўладаў на працэсах па падзеях 19 сьнежня.

"У працэсах яны сядзяць, як мышы пад венікам. Я бачу іх прыгнечаныя паводзіны ў працэсах. Адвакаты практычна не заяўляюць хадайніцтваў, неабходных для абароны іх кліентаў, у судах мы ня бачым сьведак абароны, якія маглі б аб'ектыўна сьведчыць пра тыя падзеі. што адбываліся на плошчы. Яны не хадайнічаюць пра многія дакумэнты, якія мае пракуратура, МУС і КДБ".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG