Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дакладна прыедзе. Нават на два эканамічныя пасяджэньні. Гэта дарэчы першы візыт аднаго з тандэмакратаў пасьля леташняй інфармацыйна-эканамічнай вайны, дакладней, пасьля раптоўнага сьнежаньскага прымірэньня.

І пасьля таго, як расейскае вымярэньне справы 19 сьнежня здаецца цалкам вычарпанае. Арцём Брэўс і Іван Гапонаў атрымалі немалыя штрафы, але былі вызваленыя ў залі суда, расейская публічная і патаемная дыпляматыя можа сьвяткаваць перамогу, заявы амбасады, МЗС і прэзыдэнта Расеі ў гэтым сымбалічным пытаньні прынесьлі пэўны плён. Варта заўважыць, што чаканы госьць – расейскі прэм’ер, не сказаў у абарону ўвязьненых у Менску суайчыньнікаў ніводнага слова, так што цяжка меркаваць, што мяккі прысуд – падарунак менавіта яму.

Жэст на ягоны адрас – хутчэй павучэньні амэрыканцам і палкая абарона Пуціна ў інтэрвію The Washington Post. Аляксандра Лукашэнку пра Пуціна карэспандэнт не пытаўся, так што гэтае імкненьне закрыць грудзямі расейскага прэм’ера рабіла ўражаньне руху досыць штучнага. Але відаць сытуацыя такая, што ўжо не да палітэсу, у якім праўда кіраўнік Беларусі і наагул ня надта моцны.

І ў гэтым сьвятле выглядае неяк сумнеўным, што, як кажуць чуткі, Лукашэнка паўторыць свой дэмарш роўна гадавой даўніны, калі расейскі прэм’ер прыехаў у Берасьце, а кіраўнік Беларусі дэманстратыўна накіраваўся ў Каракас. Не да Каракасу сёлета.

Беларусі патрэбныя грошы. Пра тое сьведчыць і сумная дынаміка сальда зьнешняга гандлю, падзеньне рэальнага заробку са “сьвятога” узроўню ў 500 даляраў на ўзровень значна менш сьвяты, і высновы апошняга дакладу МВФ, у якім Беларусі ўпершыню з 2008 году прапаноўваецца дэвальваваць рубель, прычым рэкамэндацыя даецца адкрыта. Ня варта драматызаваць сытуацыю, што маўляў, заўтра абвал, каляпс і катастрофа, але грошы патрэбныя пільна. Адна з крыніцаў – антыкрызысны фонд ЭўраАзЭС, зь якога Менск хацеў бы атрымаць каля 2 мільярдаў даляраў. Выдача гэтых грошай адбываецца не аўтаматычна і няцяжка здагадацца, што меркаваньне Расеі ў гэтым пытаньні будзе вырашальным.

У той жа час, сытуацыя на заходнім фінансавым “фронце” выглядае несуцяшальнай. МВФ ледзь ня сам прапануе крэдыт, але хоча за свае грошы розныя небясьпечныя рэформы. Зразумела, ёсьць рэсурсы камэрцыйных банкаў, якіх мала цікавіць змаганьне іх урадаў за дэмакратыю ў Беларусі – бізнэс перш за ўсё. Але прыгаданае змаганьне азначае, што бізнэс – ён і ёсьць толькі і выключна бізнэс, без ніякіх палёгкаў за дыялёг і іншыя кантэкстныя рэчы. А гэта дарагавата выходзіць.

Кантэкст тут калі і ёсьць, то зусім іншы, зададзены ценем арабскіх рэвалюцый. З аднаго боку, тут Менску нібыта і пашчасьціла – увесь сьвет заняты Паўночнай Афрыкай і Блізкім Усходам, і ўсім не да Лукашэнкі, які дарэчы на тле лібійскага людазабойцы выглядае яшчэ і някепска. Але зь іншага боку сусьветнае змаганьне з тым людазабойцам задае нейкія новыя, хай сабе і часовыя, стандарты. Беларуская дыпляматыя ўвесь час папракае Захад у двайных стандартах. Ну дык вось ёсьць стандарт – санкцыі, заявы пра нелегітымнасьць, развагі пра non fly зоны і нават пра ўзброенае ўмяшаньне. Гэта пра Лібію, зразумела, але Лібія задае кантэкст.

І што надзвычай цікава, Расея ня тое, каб з энтузіязмам падтрымлівае гэтыя падыходы, але і ня надта ім пярэчыць. Санкцыі супраць Кадафі падтрымала, пра яго нелегітымнасьць у Крамлі гавораць.

У леташнім красавіку Лукашэнка ня мог нахваліцца на рашучасьць Бакіева, які ўзброенай рукой спрабаваў давіць “мяцеж”. Зараз Кадафі дэманструе яшчэ большую рашучасьць (хаця гэта можна назваць і інакш), але гэтым разам ягоны менскі сябра неяк не сьпяшаецца з ухваламі. Можа гэта вынік навучаньня вопытам гульняў з Бакіевым, які аказаўся бітай картай, а можа і ацэнка новага раскладу – Захад думае пра ўжываньне вельмі суровых мераў і дамаўляецца пра гэта з Расеяй. Летась у Кіргізстане падобная зьдзелка таксама мела месца, але не ішлося пра ваеннае ўмяшаньне. А пры такім спалучэньні сьціпласьць у ацэнках выглядае вельмі дарэчнай.

Ня выключана, што важнай тэмай перамоваў з Пуціным у Менску будуць ня толькі грошы, колькі зьмены, якія адбываюцца ў сусьветнай палітыцы, у стасунках Масквы з Захадам у сувязі з рэвалюцыямі ў арабскім сьвеце. Для Менску тут не ў рэвалюцыях справа, а ў гэтых самых новых стасунках. Уцягнуўшыся ў новую “халодную вайну” з Захадам, Лукашэнку варта вельмі ўважліва адсочваць гэтыя зьмены.

Вяртаючыся да справы А.Брэўса і І.Гапонава, варта прыгадаць некалькі дэталяў. Напачатку арыштаваных за плошчу расейскіх грамадзянаў было шмат. Яны адбылі суткі і паехалі дадому. А двое засталіся. Чаму? Хада судовага працэсу над імі сьведчыла пра тое, што ніякіх юрыдычных падставаў для гэтага не было, аб іх вінаватасьці мелася роўна столькі ж доказаў, колькі аб вінаватасьці любога іншага ўдзельніка маніфэстацыі 19 сьнежня. А не ў доказах справа. Быў плян пэўнай гульні з Масквой. Які праваліўся. Па нейкіх прычынах.

Некаторыя зь іх, магчыма, стануць прадметам гутарак, калі прыедзе Пуцін.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG