Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракуратура: ператрус праведзены законна зь нязначнымі парушэньнямі


Зьміцер Салаўёў

Зьміцер Салаўёў

Старшыня абласной арганізацыі партыі БНФ Зьміцер Салаўёў атрымаў адказ на сваю скаргу зь Менскай пракуратуры. Актывіст аспрэчваў законнасьць правядзеньня супрацоўнікамі КДБ ператрусу ў яго кватэры 15 студзеня. У прыватнасьці, ён даводзіў, што ў пратаколе вобшуку не зафіксаваныя ўсе супрацоўнікі, якія яго праводзілі, а гэта ёсьць парушэньнем крымінальна-працэсуальнага кодэксу.

У адказе са сталічнай пракуратуры гаворыцца, што істотных парушэньняў супрацоўнікамі КДБ падчас ператрусу ня выяўлена. Што да нефіксацыі ў пратаколе ўсіх асобаў, якія праводзілі вобшук, то гэта ня значнае парушэньне. У адказе зазначаецца, што кіраўніцтву органа, які праводзіў ператрус, пракуратура ўкажа, што надалей трэба ў пратаколе пазначаць усіх.

Акрамя парушэньняў у вядзеньні пратаколу фронтавец скардзіўся на нядопуск адваката ды на недастатковую колькасьць панятых, якія не маглі ўсачыць за чатырма камітэтчыкамі, занятымі вобшукам. У пратаколе згадваюцца толькі супрацоўнікі КДБ. Панятых камітэтчыкі прывялі з сабой.

У Менскую пракуратуру скаргу актывіста перадаслала пракуратура Магілёўскай вобласьці.
Няма паняцьця істотныя, альбо не істотныя парушэньні. Калі яны ёсьць, то вобшук незаконны.

Зьміцер Салаўёў заяўляе, што цяпер будзе скардзіцца ў суд і на пракуратуру, і на КДБ:

«У крымінальна-працэсуальным кодэксе наўпрост напісана, якія крокі мусіць рабіць сьледчы падчас ператрусу. Там няма паняцьця істотныя, альбо не істотныя парушэньні. Калі яны ёсьць, то вобшук незаконны. Канфіскаваныя рэчы ня могуць выкарыстоўвацца як доказы».

У кватэры Зьмітра Салаўёва супрацоўнікі КДБ забралі відэазапіс з падзеямі на плошчы Незалежнасьці 19 сьнежня, а таксама электронныя носьбіты інфармацыі, сыстэмны блёк кампутара ды два бел-чырвона-белыя сьцягі. Падчас ператрусу яго дома не было. У двары знаходзіліся жонка й малалетняя дачка. Камітэтчыкі трапілі ў кватэру, прыгразіўшы выламаць дзьверы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG