Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гол хакеісту № 1


Мікола і Аляксандар Лукашэнкі, сьнежань 2008 г.
Мікола і Аляксандар Лукашэнкі, сьнежань 2008 г.
Магчымасьць байкоту чэмпіянату сьвету 2014 году па хакеі ў Менску вяртае да дылемы: спартовыя дасягненьні ў аўтарытарных рэжымах – на карысьць грамадзтву ці на шкоду?

З адмоўным бокам “чэмпіёнскага мэдаля” нібыта зразумела: папулярнасьць спартоўцаў выкарыстоўваецца рэжымам звычайна без супраціву саміх чэмпіёнаў, часта – з актыўнай згоды. Падтрымка палітыка з вуснаў алімпійскага чэмпіёна для электарату значыць болей, чым з-пад пяра пісьменьніка (так, у 1994 годзе алімпіец-гімнаст Шчэрба дадаў галасоў Кебічу, а алімпіец-баксэр Яноўскі – Пазьняку. Выйграў, праўда, той, за якога ніхто з алімпійцаў не агітаваў).

Прыхільнікі ж станоўчага стаўленьня прыводзяць у якасьці аргумэнтаў патрыятычны ўздым у дні спартовых перамог “нашых” і згадку слова Belarus у тэлеперадачах на мільённую ці нават мільярдную аўдыторыю.

Пасьля 1995 году ў гонар перамог уздымаецца ня бел-чырвона-белы, а іншы сьцяг
Але патрыятызм гэты ня мае нічога агульнага з нацыянальнай сьвядомасьцю і ніяк, здаецца, не ўплывае на тое, што падчас гульні расейцаў са славакамі, чэхамі ці фінамі для большасьці беларускіх заўзятараў “нашы” – гэта расейцы. Ну а радасьць ад таго, што нехта ў Эрытрэі ці ў Аргентыне даведаецца пра Беларусь – на дваццатым годзе незалежнасьці – выяўляе наш комплекс правінцыйнасьці. Да таго ж, пасьля 1995 году ў гонар перамог уздымаецца ня бел-чырвона-белы, а іншы сьцяг, – ну, тут пачынаюцца аргумэнты тых, хто “супраць”.

Мне невядомы адказ на гэтае пытаньне – пра карысьць і шкоду. Магчыма, унівэрсальнага адказу ўвогуле няма, і ўсё залежыць ад канкрэтнай сытуацыі.

Ведаю толькі, што былі выпадкі, калі ня толькі ўлада, але і апазыцыя ўдала скарыстоўвала спартовыя перамогі.

Былі выпадкі, калі апазыцыя ўдала скарыстоўвала спартовыя перамогі
.... У сакавіку 1969 году на ўсьясьветным чэмпіянаце ў Стакгольме хакейная зборная Чэхаславаччыны выйграла ў зборнай СССР зь лікам 4:3. Праз колькі тыдняў у Прагу прыехала чарговая дэлегацыя КПСС – падтрымаць прамаскоўскага Гусака, падзяліцца вопытам усталяваньня “правільнай” марксісцка-ленінскай лініі, за паўгоду да таго прачэрчанай на праскім асфальце тракамі савецкіх танкаў. Ну і піва папіць, як жа безь яго. У складзе дэлегацыі быў і непрыкметны на фоне маскоўскіх “тузоў” сакратар стаўрапольскага абкаму Міхаіл Гарбачоў.

Днямі, адказваючы на пытаньне пра падзеі канца 60-х у Чэхаславаччыне, ініцыятар падзеньня Бэрлінскага муру прыгадаў не бясконцыя нарады камуністычных і рабочых партый, дзе “ўпраўлялі мазгі” чэхаславацкім таварышам, не калектыўныя дысыдэнцкія лісты пратэсту Брэжневу з патрабаваньнем вывесьці войскі з акупаванай краіны, а – намаляваныя фарбай на праскіх будынках “4:3” – такую вось нібыта зусім і не палітычную форму палітычнага пратэсту.

Падставай для гэтых развагаў было абмеркаваньне ў Кангрэсе ЗША праекту рэзалюцыі, якая сярод іншага прадугледжвае байкот чэмпіянату 2014 году ў Менску. Але незалежна ад таго, ці будзе прыняты такі пункт і як паставіцца да яго Ўсясьветьная хакейная фэдэрацыя, у “вядучых” хакейных дэмакратычных краінах сьвету – у Канадзе, ЗША, Фінляндыі, Швэцыі – гэтае пытаньне – “удзельнічаць ці ня ўдзельнічаць?” – будзе абмяркоўвацца ўсё больш актыўна.

А значыць, будуць згадвацца і імёны, якія “маладафронтаўцы” пішуць на менскіх, віцебскіх ды іншых вуліцах.

Для самага галоўнага аматара хакею гэта, пэўна, больш балюча, чым гол у вароты беларускай зборнай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG