Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Дзень Волі — мітынгі, шэсьці, пікеты


Грамадзкія актывісты ў Менску і рэгіёнах рыхтуюцца да Дня Волі-2011. 11 сакавіка, — апошні дзень, калі можна было падаць заяўку ў выканкамы на правядзеньне ў гэты дзень масавых імпрэзаў.






МЕНСК


Аргкамітэт Дня волі-2011 галоўнымі лёзунгамі акцыі 25 сакавіка абвясьціў: «Свабоду палітвязьням» і «Незалежнасьць Беларусі». Лідэры шэрагу палітычных партыяў і рухаў яшчэ 16 лютага дамовіліся пра супольны мітынг і шэсьце. У калектыўнай заяве ў Менгарвыканкам прадстаўнікі Партыі БНФ, АГП, КХП БНФ, а таксама штабоў былых апазыцыйных кандыдатаў прасілі дазволу на мітынг і шэсьце па маршруце: плошча Якуба Коласа — парк Янкі Купалы. Сябра штабу, намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Леў Марголін удакладняе:

Леў Марголін
«На сёньня мы яшчэ не атрымалі адказ зь Мінгарвыканкаму на нашу заяўку. Мяркую, што, як зазвычай, гэты адказ зьявіцца за 5 дзён да плянаванай акцыі. Пляны нашыя вельмі простыя: сабрацца на плошчы Якуба Коласа, прайсьці да парку імя Янкі Купалы і там правесьці мітынг».

Леў Марголін заяўляе, што ня можа загадзя казаць пра станоўчае рашэньне сталічнай улады:

«Ведаеце, калі ў існуючай улады няма цьвёрдай палітыкі, а назіраюцца хістаньні з аднаго боку ў другі, то цяжка прагназаваць яе дзеяньні. Магчыма, пры цяперашняй сытуацыі, калі трэба заспакойваць Эўропу, беларускія ўлады і не адмовяць у арганізацыі нашага мерапрыемства. Але хто іх ведае? Пры такой сытуацыі рабіць станоўчыя прагнозы вельмі цяжка».

ВІЦЕБШЧЫНА


Калектыўныя заявы пададзеныя адначасова на акцыі ў трох месцах гораду

Віцебскія актывісты накіравалі ў тры раённыя адміністрацыі заяўкі на правядзеньне масавых акцый на Дзень Волі. У кожным раёне арганізатары гатовыя правесьці імпрэзы ў вызначаных уладамі месцах, кажа адзін з заяўнікаў, Аляксей Гаўруцікаў:

«Камітэт па арганізацыі акцый салідарнасьці з палітвязьнямі падаў заяўкі ва ўсе тры раёны — у Першамайскі, Кастрычніцкі і Чыгуначны раёны Віцебску. Давераныя асобы зьняволеных кандыдатаў выйдуць з плякатамі „Свабоду палітвязьням“, прадстаўнікі-выступоўцы агучаць свае заявы. І, можа, нехта з прысутных грамадзянаў нейкія думкі захоча выказаць з гэтае нагоды…»

Віцебскія актывісты патрабуюць пашырыць сьпіс месцаў для масавых акцый

Для правядзеньня масавых акцый гарвыканкамам вызначана па адным месцы ў кожным з трох раёнаў абласнога цэнтру. Адначасова з заяўкамі на акцыі на Дзень Волі віцебскія актывісты зьвярнуліся ў гарвыканкам з просьбай дадаць у кароткі «дазвольны» сьпіс яшчэ 10 гарадзкіх аб’ектаў — плошчаў і паркаў. Бо раней актывістам забаранялі правядзеньне акцый салідарнасьці на падставе таго, што адзінае на ўвесь раён «грамадзкае месца» ўжо «занятае»:

«Пералічылі ўсе пляцоўкі ў горадзе і ўсе пляцоўкі, якія падыходзяць для масавых мерапрыемстваў. У сувязі з тым, што мы ўжо двойчы зьвярталіся ў Чыгуначную адміністрацыю і двойчы ў нас бывалі накладкі ў час правядзеньня нашых акцый — то лыжныя спаборніцтвы, то „Зімовыя забавы“ — мы лічым, што адпаведных месцаў у горадзе яўна бракуе».

У тым выпадку, калі ўлады не дадуць дазволу, віцебскія актывісты ўсё адно гатовыя адзначаць Дзень волі, падкрэсьлівае Аляксей Гаўруцікаў:

«Калі нам паўсюдна адмовяць, будзем праводзіць проста на плошчы Свабоды, але гэта будзе ўжо фармат несанкцыянаванай акцыі».

Акцыі плянуюцца таксама ў Полацку, Наваполацку, Мёрах.

Актывісты нядаўна створанага на Полаччыне грамадзкага аб’яднаньня «Свабодны рэгіён» таксама падалі ў Полацкі і Наваполацкі гарвыканкамы заяўкі на правядзеньне акцый на Дзень волі 25 сакавіка. Пра тое, дзе рыхтуюцца акцыі, расказвае адзін з арганізатараў Віктар Калесьнік:

Віктар Калесьнік
«Пляцоўка каля кінатэатру „Радзіма“ ў Полацку і пляцоўка каля гарадзкога Дома культуры ў Наваполацку — каля так званага Дома культуры будаўнікоў. Мы пойдзем туды з плякатамі і са сьцягамі, бо гэта ж сьвята — Дзень волі!»

Віктар Калесьнік не выключае праблем з дазволам на правядзеньне акцый, бо ў Полацку няма афіцыйна вызначаных месцаў для правядзеньня масавых мерапрыемстваў. Пляцоўка каля кінатэатру «Радзіма» была зацьверджаная ў гэтай якасьці ў 1996-м годзе, але з тае пары, пасьля зьмяненьня заканадаўства пра масавыя мерапрыемствы, Полацкі гарвыканкам ніякіх адпаведных пастановаў не прымаў.

Заяўку на акцыю да Дня волі падалі і ў райцэнтры Мёры. Мясцовыя актывісты хацелі б правесьці яе ў самым цэнтры мястэчка, на Плошчы загінулых барацьбітоў.

Але пэўная частка актывістаў Віцебшчыны лічыць немэтазгодным праводзіць падобныя акцыі ў невялікіх гарадах. На іх думку, варта далучыцца да акцыі ў Менску, каб яна была больш маштабная.

МАГІЛЁЎШЧЫНА


Пікеты будуць у людных месцах

У Магілёве 25, 26 і 27 сакавіка мясцовая апазыцыя будзе патрабаваць вызваленьня ўсіх беларускіх палітвязьняў. У гэтыя дні апазыцыянэры зьбіраюцца выставіць пікеты. Заяўка на іх правядзеньне пададзеная ў гарвыканкам на імя яго старшыні Станіслава Барадаўкі.

Пікеты маюць адбыцца ў людных месцах цэнтру Магілёва. Два зь іх — насупраць гарвыканкаму й абласной управы КДБ. Заяўку на правядзеньне акцыяў пратэсту падпісалі 12 актывістаў палітычных, грамадзкіх і прафсаюзных арганізацыяў.

Аляксандар Сілкоў
«Дзень Волі цяпер стаў вельмі актуальны. Мы хочам заявіць у наш сьвяты дзень 25 сакавіка — у Беларусі ня можа быць палітзьняволеных. Калі нам не дазволяць правесьці пікеты, мы будзем прадумваць іншыя мерапрыемствы, якія будуць прыцягваць увагу людзей да гэтай праблемы», — зазначае адзін з заяўнікаў, актывіст стваранай Партыі свабоды й прагрэсу Аляксандар Сілкоў.

25 сакавіка ў Магілёве адбудзецца традыцыйнае ўскладаньне кветак да будынка, дзе ў 1918 годзе мясцовая грамадзкасьць прызнала ў горадзе ўладу Беларускай Народнай Рэспублікі. За ўдзел у леташнім такім жа мерапрыемстве старшыню абласной арганізацыі партыі БНФ Зьмітра Салаўёва Магілёўская ўправа КДБ паставіла на прафіляктычны ўлік і вынесла яму папярэджаньне. Паводле камітэтчыкаў — ускладаньне кветак парушала грамадзкі парадак.

«Каб ускласьці кветкі, дазволу гарвыканкаму не патрэбна — гэта абсурд», — заяўляе фронтавец:

«Ускладаньне кветак — гэта тое малое, што мы можам цяпер зрабіць, каб ушанаваць памяць тых, хто ахвяраваў сабой дзеля таго, каб запачаткаваць беларускую дзяржаўнасьць».

Чакаецца, што на Савецкую плошчу да будынка краязнаўчага музэю 25 сакавіка прыйдуць некалькі дзясяткаў чалавек. Да сымбалічнай шыльды яны ўскладуць кветкі нацыянальных беларускіх колераў.

Мерапрыемствы, прысьвечаныя Дню волі, пройдуць таксама ў Бабруйску й Горках. Іх фармат узгадняецца. Па дазвол да ўлады арганізатары не зьвярталіся.

ГОМЕЛЬШЧЫНА


Змагацца за лёс палітзьняволеных і свае грамадзянскія правы

Да Дня волі грамадзкія актывісты Гомеля й Жлобіну замовілі ў выканкамах пяць пікетаў. Масавымі акцыямі яны наважаны нагадаць мінакам пра ахвяраў палітычных рэпрэсіяў, якія зноў распачаліся пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.

Апавядае гомельская моладзевая актывістка Натальля Самсонава. На мінулых выбарах яна зьбірала подпісы й вяла агітацыю за Ўладзімера Някляева:

«На 25 сакавіка мы замовілі пікеты ў падтрымку палітвязьняў. У нашым грамадзтве інфармацыю падаюць толькі з аднаго боку — з боку, які выгадны нашай уладзе. А мы хочам паказаць сытуацыю зь іншага боку. На самой справе вялікая колькасьць людзей знаходзяцца зараз у турмах, пад падпіскай пра нявыезд. І гэтыя суды, на якія сьмешна глядзець. Мы хочам данесьці да грамадзкасьці гэтую інфармацыю».

Пікеты ў абласным цэнтры замоўленыя на пляцоўках ля ўнівэрмагу «Гомель» і швейнага прадпрыемства «Камінтэрн», дзе падчас прэзыдэнцкіх выбараў вёўся збор подпісаў за альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзыдэнты.

У Жлобіне мясцовыя актывісты замовілі на Дзень волі тры пікеты — у Прыдняпроўскім парку, ля кінатэатру «Радзіма» і лядовага палаца.

У ліку ініцыятараў пікетаў — кіраўнік раённай арганізацыі партыі левых «Справядлівы сьвет» Валер Рыбчанка:

Валер Рыбчанка
«Мы замовілі пікеты, каб прыцягнуць увагу да Дня волі — дня беларускай незалежнасьці, а таксама супраць зьняволеньня палітычных апанэнтаў улады, якія да гэтага часу знаходзяцца за кратамі, а хтосьці — пад хатнім арыштам».

Сябра БНФ са Жлобіну Алег Кастусёў таксама падаў замову ў райвыканкам на пікет у Дзень волі:

«25 сакавіка — гэта вельмі важная дата для кожнага сьвядомага беларуса. Яе трэба адзначаць так, як, напрыклад, некалі бальшавікі адзначалі 7 лістапада».

На думку спадара Кастусёва, гэтая дата наагул мае прынцыповае значэньне — і ў справе змаганьня за лёс палітзьняволеных, і ў справе змаганьня кожнага за свае грамадзянскія правы:

«Дзеля прынцыпу трэба падаваць такія заявы! І дзеля прынцыпу трэба змагацца — кожны на сваім месцы, хто як можа — мусіць зараз змагацца за свае правы, правы чалавека й грамадзяніна».

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


На сьвята ў Дзень волі рэгіянальныя актывісты паедуць у Менск

Бальшыня актывістаў рэгіёну зьбіраецца адзначаць 25 сакавіка ў Менску.

Юры Істомін
Лідэр абласной арганізацыі АГП Юры Істомін лічыць, што значна цікавей і карысна будзе, калі болей людзей зьбяруцца ў сталіцы, чым на абасобленыя невялікія мерапрыемствы ў абласных гарадах. Таму яны параіліся і вырашылі не падаваць заявак на правядзеньне акцыі ў Горадні, а скіруюцца ў гэты дзень у Менск:

«Мы зыходзілі з таго, што тут даўно такіх акцый не было, і, каб не праводзіць малаколькаснае мерапрыемства, абралі менскі фармат. А ў Горадні, вядома, адбудуцца ўрачыстыя мерапрыемствы, прысьвечаныя Дню волі, і да 25 сакавіка, і пасьля».

Кіраўнік гарадзкой арганізацыі БНФ Вадзім Саранчукоў дадае, што, як паказаў досьвед мінулых гадоў, падаваць заяўкі на правядзеньне нейкіх акцый на 25 сакавіка ня мае сэнсу:

Вадзім Саранчукоў
«Мы накіроўвалі гэтыя заяўкі штогод, але ніводная зь іх не была задаволеная — ні на пікеты, ні на мітынгі. Сёлета бессэнсоўную справу вырашылі не рабіць, але гэта ня тое, што не праводзіць мерапрыемстваў, а толькі — не падаваць ніякіх заявак».

У Слоніме і Сьвіслачы заявак не падавалі, але ад сьвята не адмаўляюцца

Падобная сытуацыя і ў іншых рэгіёнах вобласьці. У Слоніме, да прыкладу, таксама з тае ж прычыны заявак на правядзеньне пікетаў і мітынгаў не падавалі. Актывісты зьбіраюцца ў Менск, але сьвята будуць адзначаць правядзеньнем розных мерапрыемстваў.

У Сьвіслачы, як заўважыў актывіст Юры Глебік, ніколі і раней не падавалі заявак, але сьвята адзначалі заўсёды, і сёлета таксама да гэтага рыхтуюцца:

«Ускладаем кветкі да помнікаў Траўгуту, Каліноўскаму, на могілкі ходзім, там кладзем кветкі, а потым сядзім за сталом у сябрыне. Часам здараецца, што 22-га, на дзень сьмерці Каліноўскага, абыходзім гэтыя мясьціны — гэта ўжо залежыць ад таго, на які дзень сьвята прыпадае».

Зьміцер Кухлей
Актывіст з Мастоў Зьміцер Кухлей распавядае, што 25 сакавіка яны ўжо традыцыйна езьдзяць на магілкі паўстанцаў у сваім раёне і мяркуюць зрабіць гэта і сёлета:

«Зьбіраемся паехаць да помнікаў паўстанцам 1863 году ў вёсках Пацавічы і Мінавічы, ускласьці там кветкі і павязаць бел-чырвона-белыя стужкі…».

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


Канфлікты з уладай не плянуюцца

25 сакавіка ў Берасьці сябры АГП мяркуюць правесьці пікет у знак салідарнасьці і падтрымкі палітычных вязьняў. Апазыцыйныя партыі і рухі вядуць перамовы аб правядзеньні супольнага мерапрыемства.

Сябра берасьцейскай арганізацыі АГП Марат Несьцярэнка накіраваў заяўку ў гарвыканкам на правядзеньне 25 сакавіка пікету на стадыёне «Лякаматыў». У заяўцы адзначана, што ўдзел у мерапрыемстве возьмуць каля 20 чалавек, мэта пікету — падтрымка палітычных вязьняў і іх родных:

«Заяўлены ўдзел у пікеце каля 20 чалавек. Але ці атрымаем дазвол на правядзеньне мерапрыемства — невядома пакуль. Хаця мне падаецца, што атрымаем дазвол. Але чаго дакладна не плянуем — гэта канфлікту з уладамі. Вельмі ня хочацца, каб нехта быў арыштаваны. Лічу, што гэта нэгатыўна адаб’ецца на нашай дзейнасьці».

Старшыня Берасьцейскай арганізацыі «Маладыя дэмакраты» Ўладзімер Вуек кажа, што, акрамя 25 сакавіка, была пададзеная заяўка на аналягічны пікет таксама на стадыёне «Лякаматыў» на 19 сакавіка:

«Мне так падаецца, што адказ з боку чыноўнікаў пра дазвол або забарону пікету на 19 сакавіка будзе якраз напярэдадні мерапрыемства. Гэта будзе, хутчэй, адмова».

25 сакавіка, паводле Ўладзімера Вуека, у Берасьці прадстаўнікі апазыцыі мяркуюць правесьці буйную супольную акцыю:

«Якраз зараз мы вядзем абмеркаваньне адзінага фармату правядзеньня мерапрыемства на 25 сакавіка зь іншымі структурамі. Спадзяюся, што мы дасягнем паразуменьня на гэты конт».

Напярэдадні праваабаронца Васіль Ваўранюк атрымаў адмову з боку гарвыканкаму на правядзеньне пікету, а пазьней і дэманстрацыі ў цэнтры гораду ў знак падтрымкі ахвяр палітычных рэпрэсій.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG