Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Да Паўла Севярынца без дазволу сьледчага не пускаюць сьвятара


Павал Севярынец

Павал Севярынец

Тацяне Севярынец не ўдалося дамагчыся, каб яе сына Паўла напярэдадні посту наведаў сьвятар. Журналіст Аляксандар Класкоўскі просіць генпракурора Рыгора Васілевіча забясьпечыць выкананьне закону адносна палітычных вязьняў 19 сьнежня. Бацькі Ірыны Халіп атрымалі ліст з турмы ад Андрэя Саньнікава.

Вязень «амэрыканкі» Павал Севярынец напярэдадні вялікага праваслаўнага посту, як вернік, звычайна наведваў Петрапаўлаўскую царкву ў Менску, спавядаўся. Амаль тры месяцы кіраўнік выбарчага штабу Рымашэўскага Севярынец знаходзіцца пад вартай. На пачатку сакавіка маці Севярынца Тацяна зьвярнулася да сьвятара гэтай царквы з просьбай наведаць Паўла ў вязьніцы для споведзі, але дагэтуль выніку няма. Ад жанчыны патрабуюць найперш атрымаць дазвол сьледчага на сустрэчу са сьвятаром. Тацяна згадвае пра дамову паміж праваслаўнай царквой і кіраўніцтвам МУС аб наведваньні вязьняў. Дык ці дзейнічае гэтая дамова?

«Атрымліваецца, што ў царквы няма ніякіх дамоў зь вязьніцамі, каб людзі маглі спавядацца. У турмах знаходзіцца шмат людзей, я маю на ўвазе ня толькі Паўла. І атрымліваецца гэтак, што веруючы чалавек, якога трымаюць у вязьніцы, можа спадзявацца толькі на Бога і на сябе».
Атрымліваецца, што ў царквы няма ніякіх дамоў зь вязьніцамі, каб людзі маглі спавядацца.


Вядомы журналіст Аляксандар Класкоўскі зьвярнуўся з адкрытым лістом да Генэральнага пракурора Рыгора Васілевіча адносна лёсу вязьняў, якіх утрымліваюць у турме КДБ «амэрыканка». Падставай стаў і лёс роднага сына журналіста, таксама Аляксандра Класкоўскага, якога затрымалі празь дзень пасьля падзеяў на Плошчы і абвінавачваюць ва ўдзеле ў масавых беспарадках. Аляксандру Класкоўскаму, як і іншым вязьням, не дазваляюць канфідэнцыйных сустрэч з адвакатам. Журналіст патрабуе забясьпечыць правы вязьняў, і найперш права на сустрэчы з адвакатамі. Чаму спадзяваньне менавіта на генпракурора?

«Сёньня склалася ўражаньне, якое пацьвердзілі справы 19 сьнежня, што фактычна закон у Беларусі не працуе. Працуе палітычная мэтазгоднасьць, на першым пляне інтарэсы захаваньня ўлады. І таму сэнс майго ліста ў тым, каб праверыць: у нас ёсьць усё ж пракуратура як орган, які паводле прызначэньня павінен наглядаць за законнасьцю, ці засталася толькі шыльда?»

Як мяркуюць маці і сястра Аляксандра Класкоўскага, да яго ў турме КДБ таксама ўжывалі катаваньні кшталту тых, пра якія раней распавёў былы кандыдат у прэзыдэнты Алесь Міхалевіч.

Бацькі Ірыны Халіп, жонкі Андрэя Саньнікава, якога трымаюць у «амэрыканцы», атрымалі ад яго ліст. Асабліва Андрэй пытаецца пра жонку і сына, трохгадовага Даніка. Люцына Бяльзацкая, бабуля Даніка, згадала пра ўнука:
Ірына ж яму кажа, што яна не выходзіць таму, што хварэе.


«Я лепш распавяду пра Даню. Ірына ж яму кажа, што яна не выходзіць таму, што хварэе. Учора ён сказаў: „У мяне добрая ідэя. Мама, вазьмі тэлефон і пазвані доктару. Можа, у цябе ўжо горлачка не баліць і ты можаш выйсьці на вуліцу?“ Але Ірына сказала, што яшчэ баліць і, мабыць, на вуліцу яшчэ нельга».

Паводле сваякоў журналісткі, якую таксама абвінавачваюць ва ўдзеле ў масавых беспарадках, сьледчых дзеяньняў за час хатняга арышту з удзелам Ірыны Халіп не вялося.

Сёньня ў другой палове дня мае адбыцца допыт актывіста штабу Някляева палітоляга Аляксандра Фядуты, паведаміла жонка вязьня Марына.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG