Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На мінулым тыдні на сайце Свабоды найбольш камэнтавалі дзьве тэмы: унутраную акупацыю і сабачы грып.

Хваробы, адным словам. Мяккія прысуды расейцам і жорсткія беларусам за тую самую адсутнасьць складу злачынства – гэта акупацыя, што выяўляецца ўжо ня проста фактамі, а мэтафарамі. А грызьня ў недзяржаўным сэктары – гэта сабачы грып, пандэмія, на якую ніяк не знаходзіцца вакцыны. Можа быць, варта зрабіць, як у Янкі Брыля ў абразку: дзьве вясковыя гаспадыні так раўлі адна на адну, такімі словамі сабачыліся, што перайшлі ўсе межы прыстойнасьці і непрыстойнасьці, а калі самыя крыўдныя словы нарэшце скончыліся, дык сталі адна да адной задам, нахіліліся і задзёрлі спадніцы.

ЗА СЬПІНАМІ СПЭЦНАЗУ


Такім чынам сварцы быў пакладзены канец. Шкада, што гэтак ня зробіш на форумах. А вось для апазыцыйнага асяродзьдзя чым ня спосаб?

Задніца, між іншым, мэнтальна адрозьнівае беларусаў ад расейцаў. Бо ў іх спрадвеку пасылалі “на”, а ў нас -- “у”.

Задніца – яшчэ адна мэтафара ўнутранае акупацыі. Гэта заўважыў камэнтатар “Цынік”:

“А што да пабітых міліцыянтаў -- зь першага погляду кідаецца ў вочы, што іх білі ззаду. Скажэцэ на міласьць, хто ў іх быў ззаду? і паглядзеце запісы з Плошчы, калі гэныя "зашчытнікі правапарадка" ашалела месяць дубінкамі натоўп -- б'е ня толькі першы шэраг, заднім таксама прэмій за кроў хочацца, а да каго яны могуць дацягнуцца? Так што сьляпому відавочна -- калі нехта зь іх і пацярпеў 19-га, то выключна ад сваіх жа”.


Мы ляжым снапамі на таках,
Нас малоціць кожны, хто ў руках
Мае цэп. І так ва ўсе вякі…

У сацыяльных сетках зьявілася новая гульня. Выстаўляецца цытата пра палітычныя падзеі ў Беларусі, і трэба адгадаць, калі тое напісана – у 2010-м ці ў 2006-м ці ў 2001-м ці ў 1996-м…

ДЭЖАВЮ, ДУБАЛЬ ПЯТЫ


А можа і дваццаць пяты. Калі казаць пра ўнутраную акупацыю, пра ўціск беларушчыны і пра нежаданьне публікі даваць гэтаму ціску адэкватны супрацьціск.

Нехта “жанчына” піша:

“А чаму вы лічыце, што ваш выбар, дзясяткаў тысяч, больш справядлівы, чым наш выбар, мільёнаў? Чым вы лепшыя за нас? Вы разумнейшыя, дурнейшыя, прыгажэйшыя, больш таленавітыя, пасьпяховыя, багацейшыя, бяднейшыя, сьціплейшыя, нахабнейшыя??? Паўсюль і заўсёды было так: большасьць дыктуе меншасьці. Меншасьць, вядома, у крыўдзе, яна не згаджаецца з большасьцю, пратэстуе. Але такі закон жыцьця”.

Дыскусія на гэтую тэму на старонках друку разгарнулася ў часы перабудовы. “Пісьменьнікі ядуць хлеб рабочых і сялян” называлася. У адказ выступіў згаданы Янка Брыль. І гэта ўсё на старонках рэспубліканскай дзяржаўнай (іншай яшчэ не было) прэсы.

Параўнайце з нашым часам. У пісьменьнікаў выняты з рота хлеб рабочых і сялян, адабраны Дом літаратара і пэрыёдыкі, іх саюз загнаны ў падпольле, а на старонках друку ня тое што дыскусіяў няма, згадваць імёны 90 адсоткаў айчынных літаратараў жэстачайша забаронена.

Паўсюль і заўсёды, шаноўная жанчына, ня большасьць дыктуе меншасьці (дыктуе дыктатар), а большасьць прыслухоўваецца да меншасьці – да тых самых пісьменьнікаў, чыя меншасьць заўсёды і паўсюль называецца маральнай большасьцю грамадзтва.


ШТО АБ’ЯДНАЕ НАЦЫЮ


Маральная большасьць захоўвае, умацоўвае і памнажае духоўныя каштоўнасьці, якія аб’ядноўваюць усю нацыю. Так адбываецца заўсёды і паўсюль, дзе няма “ворагаў народа”, палітычных вязьняў і сабачага грыпу.

Тыя, хто выходзіць на плошчы, яны зусім ня супраць большасьці, яны за тое, каб дзяржава паважала правы маральнае большасьці. Каб не было татальнае хлусьні дзяржаўных СМІ і цынізму чынавенства, каб нацыя аб’ядналася вакол нацыянальнае ідэі.

Нацыю не аб’яднаюць ні скварка, бо стол замалы для цэлай нацыі, ні гурток вязаньня. Яе аб’яднае нацыянальная ідэя. Як гэта адбылося і адбываецца заўсёды і паўсюль у сьвеце.

У Беларусі ўлада паспрабавала “адпусьціць лейцы” аднойчы, на каротка. І краіна імгненна стала незалежнай. І ўлада імгненна аднавіла ўціск маральнае большасьці. За апошнія 17 гадоў гэты ўціск так памножыўся і вычварыўся, што ўрэшце і прывёў да пандэміі сабачага грыпу.

А самы талковы, на маю думку, камэнтар пакінула на сайце таксама “жанчына”, магчыма, тая самая:

“Ведаеце, чаго нам не хапае, каб мы жылі добра? Цярпімасьці. Вось гэтаму мы можам павучыцца ў амэрыканцаў. Бо яны церпяць і афраамэрыканцаў і лацінасаў і кітайцаў… А мы сваіх, якія размаўляюць па-расейску, гатовыя выжыць. Мы ўсе беларускую мову вучылі, ну а размаўляць проста не прывыклі. Чыстая беларуская мова цудоўная, слухаць спэктаклі на ёй – адно задавальненьне. А што мы тут чытаем на гэтай мове: злосныя выразы, праклёны, пагрозы. І мы хочам, каб нас нехта паважаў?”

15 гадоў таму Зьміцер Бартосік у эсэ “Белыя людзі” напісаў, што не дазваляе сабе гаварыць па-беларуску на людзях, калі ён ня ў поўным парадку.

Дэжавю?

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG