Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Эўрапарлямэнт на сэсіі ў Страсбуры прыняў рэзалюцыю, якая асуджае прымяненьне катаваньняў да затрыманых па справе 19 сьнежня 2010 году. Галасаваньне па рэзалюцыі адбылося вечарам у чацьвер.

Рэзалюцыя асуджае непавагу беларускіх уладаў да фундамэнтальных правоў на свабоду сходаў і меркаваньняў і заклікае да неадкладнага і безумоўнага вызваленьня ўсіх затрыманых па палітычных матывах.

Дакумэнт таксама рашуча асуджае прымяненьне катаваньняў у дачыненьні да зьняволеных як форму жорсткага абыходжаньня, забароненага міжнародным заканадаўствам і абсалютна непрымальнага для эўрапейскай краіны і бліжэйшага суседу ЭЗ.

Рэзалюцыя асуджае прысуды, вынесеныя моладзевым актывістам апазыцыі за ўдзел у акцыі пратэсту 19 сьнежня, як "скандальнае і сур'ёзнае парушэньне іх палітычных і грамадзянскіх правоў і скандальнае парушэньне міжнародных канвэнцый, удзельнікам якіх зьяўляецца Беларусь".

Эўрадэпутаты таксама выступілі з асуджэньнем створанай у краіне "атмасфэры страху, рэпрэсій і перасьледу грамадзянскай супольнасьці і СМІ", якая выяўляецца ў правядзеньні ператрусаў у рэдакцыях і кватэрах журналістаў і грамадзкіх арганізацый, выключэньнямі з ВНУ і звальненьнямі з працы, і заклікалі ўлады стварыць умовы для свабоднага выказваньня меркаваньняў і свабоды СМІ ў Беларусі.

Рэзалюцыя таксама заклікае ўлады Беларусь забясьпечыць вяршэнства закону, міжнародных канвэнцый і нацыянальнага заканадаўства, каб гарантаваць адпаведныя ўмовы ўтрыманьня ў турмах зьняволеных і магчымасьць іх сустрэч са сваякамі, адвакатамі і мэдычным пэрсаналам. Дэпутаты таксама патрабуюць спыніць перасьлед палітычных апанэнтаў, праваабаронцаў і незалежных СМІ.

У дакумэнце асуджаецца ануляваньне ліцэнзій тых юрыстаў, якія працавалі па крымінальнай справе аб масавых беспарадках у Менску, у прыватнасьці адвакатаў Алега Агеева, Паўла Сапелкі, Тацяны Агеевай, Уладзіміра Тоўсьціка і Тамары Гараевай, і ўтрымліваецца заклік да калегіі адмяніць гэтыя рашэньні.

Эўрадэпутаты таксама асудзілі рашэньне Міністэрства юстыцыі Беларусі аб выключэньні са складу Кваліфікацыйнай камісіі ў пытаньнях адвакацкай дзейнасьці Аляксандра Пыльчанкі за выказаную ім занепакоенасьць з нагоды рашэньня Міністэрства юстыцыі аб адкліканьні ліцэнзій у адвакатаў. У рэзалюцыі адзначаецца, што гэтае рашэньне неабгрунтаванае і сьведчыць аб рэальнай пагрозе незалежнасьці адвакатуры ў цэлым і кожнага адваката асобна.

Рэзалюцыя заклікае беларускія ўлады правесьці ўсебаковае і бесстароньняе расьсьледаваньне ўсіх выпадкаў катаваньняў палітычных зьняволеных і пакараць усіх датычных да гэтага асоб.

Эўрапарлямэнт таксама заклікае беларускія ўлады перагледзець закон аб масавых мерапрыемствах і прывесьці яго ў адпаведнасьць з міжнароднай канвэнцыяй аб грамадзянскіх і палітычных правах.

У рэзалюцыі таксама ўтрымліваецца заклік да Эўрапейскай Рады, Эўракамісіі, высокаму прадстаўніку ЭЗ у пытаньнях зьнешняй палітыкі і бясьпекі, да ўсіх партнэраў Эўразьвязу пашырыць абмежавальныя захады, якія будуць распаўсюджвацца на пракурораў, судзьдзяў і супрацоўнікаў КДБ, якія ўцягнутыя ў рэпрэсіі і маюць дачыненьне да парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі. Акрамя таго, Эўрапарлямэнт лічыць, што Рада ЭЗ павінна разгледзець магчымасьць увядзеньня кропкавых эканамічных санкцый адносна дзяржаўных беларускіх прадпрыемстваў.

Эўрадэпутаты таксама нагадваюць, што пакуль беларускія ўлады ня зробяць крокаў да паляпшэньня сытуацыі з правамі чалавека ў краіне, працэс збліжэньня ЭЗ і Беларусі будзе прыпынены, у тым ліку і ў рамках праграмы "Ўсходняе партнэрства". У той жа час, мяркуюць яны, ЭЗ павінен узмацніць падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасьці, у тым ліку праз спрашчэньне візавага рэжыму.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG