Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвятлана Навумава


Сьвятлана Навумава
Ад цяжкай хваробы ў адным зь менскіх шпіталяў памерла палітоляг Сьвятлана Навумава. Яна была выкладчыкам паліталёгіі Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту, актывісткай грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду". Сваякі, калегі і сябры згадваюць Сьвятлану Навумаву.


Крыху больш за тыдзень таму — 28 лютага — Сьвятлана Навумава адзначыла сваё 55-годзьдзе. Яна нарадзілася ў літоўскім Коўне, але каля 30 год жыла ў Менску. Яе сувязь зь Літвой не перапынялася, у тым ліку і праз прафэсійную дзейнасьць: доўгі час Сьвятлана Навумава выкладала ў Эўрапейскім гуманітарным ўнівэрсытэце, які цяпер працуе ў Вільні. Віктар Марціновіч, які ўзначальвае дэпартамэнт паліталёгіі ЭГУ, згадвае калегу:

Віктар Марціновіч
"Падчас супольнай працы ў паліталягічным дэпартамэнце ЭГУ я заўсёды быў уражаны яе іранічным стаўленьнем да жыцьця: тыя праблемы, якія мне здаваліся невырашальнымі, яна вырашала з усьмешкай. І ад студэнтаў, і ад магістрантаў я чуў шмат слоў на яе адрас: як файна яна ўяўляла тэорыю палітыкі і яе ўвасабленьне на беларускай глебе. Гэта чорны дзень для ўсіх нас".

Апошнімі гадамі Сьвятлана Навумава жыла разам з пляменьніцай Рамуальдай Пашлянковай: муж Сьвятланы Андрэеўны памёр некалькі год таму, а 26-гадовы сын Андрэй зьехаў на юрыдычную практыку ў Нямеччыну. Рамуальда Пашлянкова кажа, што заставацца побач са спадарыняй Сьвятланай было лёгка і прыемна:
Яна заўсёды ўсіх мірыла, і яе ўсе любілі ...

"Яна была вельмі спакойным чалавекам. Яна заўсёды ўсіх мірыла, і яе ўсе любілі, бо зь ёй заўсёды можна было пагаварыць. Яна заўсёды давала добрыя парады, да яе прыходзіла шмат людзей і маладых, і яе веку. І яна заўсёды ўсім дапамагала".

Амаль усё жыцьцё Сьвятлана Навумава пакутавала на хранічную хваробу нырак і нават мелася правесьці адмысловую дарагую апэрацыю. Грошы на лекаваньне дапамагалі зьбіраць родныя і сябры, аднак падчас ператрусу гэтыя грошы канфіскавалі спэцслужбы — гэта сталася вынікам актыўнага ўдзелу Сьвятланы Андрэеўны ў грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду". Гаворыць адзін з актывістаў кампаніі Андрэй Дзьмітрыеў:

Андрэй Дзьмітрыеў
"Гэта сапраўды вялікая страта ня толькі калегі, але і добрага сябра, чалавека, на якога заўсёды можна было спадзявацца. Калі 19 сьнежня ўсіх нас забралі ў турму КДБ, яна — якой было цяжка нават устаць і рухацца — узяла на сябе ўсё кіраўніцтва кампаніяй "Гавары праўду" і працягнула яе дзейнасьць, не зважаючы на цяжкасьці і перашкоды. Таму акрамя слоў павагі і адчуваньня трагедыі ад таго, што адбылося, я ня маю што сказаць".

Разьвітаньне са Сьвятланай Навумавай пройдзе ў суботу, 12 сакавіка, у цырыманіяльнай залі будынку рытуальных паслуг на вуліцы Альшэўскага. Пазьней адбудзецца крэмацыя ў крэматорыі на Паўночных могілках Менску.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG