Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вярхоўны суд працягне сёньня разгляд скаргі Беларускага хэльсынскага камітэту да Міністэрства юстыцыі. Праваабаронцы абскардзілі папярэджаньне Мін'юста, вынесенае на адрас БХК 12 студзеня. Яно зьявілася пасьля таго, як праваабаронцы накіравалі спэцдакладчыку ААН у пытаньнях незалежнасьці судзьдзяў і адвакатаў Габрыэле Кнаўль інфармацыю пра ціск уладаў на адвакатаў, што абараняюць удзельнікаў Плошчы.

У першы дзень працэсу Міністэрства юстыцыі прадстаўлялі ажно двое чыноўнікаў. Сярод іх – і Аляксандар Харытон, які трапіў у сьпіс неўязных у краіны Эўразьвязу. Яны даводзілі, што ў сваім паведамленьні спэцдакладчыку ААН Беларускі хэльсынскі камітэт падаў непраўдзівую інфармацыю, што дыскрэдытуе праваахоўныя органы і органы юстыцыі Беларусі. Маўляў, ніякага ціску на адвакатаў не аказвалася, як няма ніякага ўмяшаньня ў адвакацкую дзейнасьць. Прадстаўнік Мін'юсту, спадар Зелянеўскі, так адказаў у судзе на пытаньні праваабаронцы Гары Паганяйлы:

Паганяйла: Мы ў гутарках з адвакатамі і ў нашай заяве канстатавалі, што працяглы час адвакаты не атрымлівалі сустрэчаў сам-насам з асобамі, якія знаходзіліся ў сьледчым ізалятары КДБ. У тым ліку там знаходзіўся і падшэфны адваката Сідарэнкі. Больш за тры тыдні не атрыманьне сустрэчаў, на якіх настойвалі адвакаты, гэта парушэньне нормаў працэсу? Само гэта парушэньне зафіксавана Мінюстам?

Зелянеўскі: Мы ня маем права фіксаваць гэтыя парушэньні.

Паганяйла: Дык вось гэты факт, што сустрэчы працяглы час не даваліся, вядомы Міністэрству юстыцыі?

Зелянеўскі: Мы спасылаемся на ліст Генпракуратуры, у якім гаворыцца, што нейкі пэрыяд часу адвакаты насамрэч не маглі атрымаць спатканьняў. Але пры гэтым парушэньняў не ўстаноўлена".

Сёньня ў працэсе вытупіць старшыня БХК Алег Гулак. Ён лічыць, што пазыцыя Мін'юста, выкладзеная яго прадстаўнікамі ў судзе, супярэчыць заканадаўству:

"Тое, што факты немагчымасьці адвакатаў сустрэцца са сваімі кліентамі мелі месца, і тое, што адвакаты распаўсюджвалі інфармацыю, што яны бачылі, што іх кліенты маюць фізычныя пашкоджаньні, і тое, што Міністэрства юстыцыі выстаўляла адвакатам патрабаваньні не дапускаць такіх публічных выказваньняў пад пагрозай пазбаўленьня ліцэнзій гэта таксама было выяўлена ў судзе. Іншая справа, калі мы гаворым, што патрабаваньне ад адваката зрабіць такія дзеяньні альбо вы страціце ліцэнзію, гэта пагроза і ціск, то Мін'юст кажа, што гэта не ціск, а меры ў межах закону. Пабачым, што скажа суд".

Паводле праваабаронцаў, калі Мін'юсту ўдасца адхіліць скаргу БХК, то гэта будзе мець адмоўны, цалкам супрацьлеглы эфэкт.

Факты перасьледу адвакатаў:
Ліцэнзій былі пазбаўленыя чатыры адвакаты — Уладзімер Тоўсьцік і Тамара Гараева, якія абаранялі жонку экс-кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава Ірыну Халіп, а таксама былы адвакат экс-кандыдата ў прэзыдэнты Алеся Міхалевіча Алег Агееў і ягоная маці Тацяна Агеева.

У выніку падзей 19 сьнежня пазбаўлена ліцэнзіі гарадзенская адвакатка Валянціна Бусько. Рашэньнем прэзыдыюму Менскай гарадзкой калегіі адвакатаў Павал Сапелка выключаны з арганізацыі і праз гэта пазбаўлены права займацца адвакацкай дзейнасьцю. У крымінальных справах па падзеях 19 сьнежня Павал Сапелка абараняў Андрэя Саньнікава, Паўла Севярынца і Зьмітра Дашкевіча. Таксама адхілены ад адвакацкай дзейнасьці Міхаіл Воўчак, адвакат старшага сьледчага Генпракуратуры Сьвятланы Байковай.
XS
SM
MD
LG