Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзьмітры Мядзьведзь у абдымках жонкі


Дзьмітры Мядзьведзь пасьля заканчэньня працэсу

Дзьмітры Мядзьведзь пасьля заканчэньня працэсу

Сёньня пасьля 20-й гадзіны на волю выйшаў адзін з удзельнікаў мітынгу пратэсту 19 сьнежня 2010 года 51-гадовы менскі прадпрымальнік Дзьмітры Мядзьведзь. Суд Маскоўскага раёна Менска прызнаў яго вінаватым ва ўдзеле ў масавых беспарадках, але прызначыў пакараньне без утрыманьня пад вартай — 3 гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу — так званай хатняй хіміі.



Першыя крокі Дзьмітрыя Мядзьведзя на волі — у абдымкі жонкі, Тацьцяны, іншых родных. Цешча адразу дала яму пацалаваць іконку, мама ж палітвязьня заставалася ў момант абвяшчэньня прысуду Дзьмітрыю дома, даглядала ягонага 1-гадовага сына. Другі крок спадара Мядзьведзя — да ягонага адваката Сяргея Лепеша, які ў часе працэсу разьбіў усе довады абвінавачваньня. З прэсай пагутарыць маральных сіл у Дзьмітрыя не хапіла:

«Дзякую, я выбачаюся! Слава Богу, проста скажу. І ўсё»

Сьлёз радасьці зусім не хавала жонка Мядзьведзя Тацяна, яна была хіба адзінай, хто ўсьміхаўся доўгія тры гадзіны, пакуль пісаўся прысуд яе мужу, яна да выраку казала, што верыць, што мужа яе адпусьцяць.

«У царкву ўвесь час хадзілі, ставілі сьвечкі, каб вяршыўся Божы суд, а не чалавечы. Я ведаю, што ніхто не верыў, але ў душы ў мяне гэта заставалася як надзея на цуд».
У царкву ўвесь час хадзілі, ставілі сьвечкі, каб вяршыўся Божы суд, а не чалавечы.


Тацяна Мядзьведзь кажа, што сьледчыя вымагалі ў яе мужа, каб ён прызнаўся ва ўдзеле ў беспарадках і тады яму памяняюць меру стрыманьня. Спадар Мядзьведзь на гэта не пайшоў. Сёньня на судзе ён таксама ні ў чым не прызнаў сябе вінаватым. Два сьведкі-міліцыцянты і відэазапіс, якія былі асноўнымі доказамі абвінавачаньня, не змаглі пераканаць нікога з прысутным у судовай залі, апрача судзьдзі.

Сям’я усяляк падтрымлівала Дзьмітрыя доўгія месяцы зьняволеньня, кажа Тацяна:

«Ва ўсіх лістах, калі прад’явілі абвінавачваньне, Дзіма мне пісаў, што гэта быў шок для яго, ён шчыра казаў дапамажыце мне, знайдзіце адваката, таму што вы ж ведаеце пра гэтую сытуацыю, што адвакатаў было знайсьці складана, якія б узяліся за гэтую справу. Я яму пішу: трымайся, гэта трэба вытрымаць».

А найбольш чакаў Дзьмітрыя Мядзьведзя ягоны малодшы сын Паўлік, кажа жонка:

«Кожную раніцу ён прачынаўся са словамі „тата“. Ён не кажа „папа“, ён гаворыць „тата“, і ўжо праз паўтара месяца, як не было мужа дома, ён аднойчы прачнуўся з гэтым словам і я зразумела, што вернецца муж дадому і ўсё будзе добра. Таму што дзеці гэта ўсё адчуваюць».

Тацяна кажа, што фірма Мядзьведзя цяпер фактычна распалася, людзі разышліся, кантракты рассыпаліся, зараз трэба будзе ўсё аднаўляць.
Ягоная віна ў судзе не была даказаная, а наадварот была даведзеная ягоная невінаватасьць.

Праваабаронца Уладзімер Лабковіч, які прысутнічаў на працэсе, лічыць, што спадару Мядзьведзю вельмі пашанцавала, і што ў пэўным сэнсе па ім прымалі палітычнае рашэньне:

«Па-першае, у судзе было бачна, што чалавек невіноўны, і ўсё роўна ён быў асуджаны, прызнаны вінаватым. Усё гэта незаконна. Ягоная віна ў судзе не была даказаная, а наадварот была даведзеная ягоная невінаватасьць. Безумоўна, вельмі добра, што чалавек выйшаў на свабоду, зараз будзе з сям’ёй, займацца сваёй любімай справай, гадаваць сына. Чаму так здарылася? Я думаю, што гэта палітычны прысуд. Ён выкліканы дзьвюма рэчамі. Першае — тым што праз сьценку судзілі грамадзян Расеі, якія сталі элемэнтам гандлю паміж Лукашэнкам і Пуціным і дзьве аналягічныя справы немагчыма было рабіць у іх розныя прысуды. І другі момант — гэта наяўнасьць на гэтым працэсе назіральнікаў АБСЭ».

У момант, калі Уладзімер Лабковіч камэнтаваў гэтымі словамі мяккі прысуд беларусу Дзьмітрыю Мядзьведзю, родныя і блізкія з воклічамі радасьці сустракалі ў фае Маскоўскага раённага суду Менска іншых палітвязьняў — грамадзян Расеі Івана Гапонава і Арцёма Брэўса, якія таксама сёньня выйшлі на волю.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG