Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наста Палажанка атрымала прэмію Дзярждэпартамэнту ЗША


Майкл Скэнлан уручае прэмію Насьце Палажанцы

Майкл Скэнлан уручае прэмію Насьце Палажанцы

Часовы павераны ЗША ў Беларусі Майкл Скэнлан уручыў Міжнародную жаночую прэмію «За мужнасьць» намесьніцы старшыні «Маладога фронту» Насьце Палажанцы. 20-гадовая Наста стала першай беларускай, узнагароджанай прэстыжнай прэміяй, якую Дзярждэпартамэнт ЗША штогод уручае 10 жанчынам розных узростаў і нацыянальнасьцяў.

З нагоды Міжнароднага дня жанчын часовы павераны ЗША ў Беларусі Майкл Скэнлан наладзіў урачысты прыём, на які былі запрошаныя жанчыны-праваабаронцы, журналісткі, маці пацярпелых ад уладаў грамадзкіх актывістаў. Аднак галоўнай падзеяй урачыстасьці сталася ўручэньне прэміі Насьце Палажанцы. Падчас цырымоніі ўзнагароджаньня Майкл Скэнлан сказаў:

«Дзяржсакратар штогод уручае гэтую ўзнагароду жанчынам, якія адважна бароняць правы жанчын, асноўныя правы чалавека і прынцыпы дэмакратыі. І Наста сапраўды адпавядае ўсім гэтым якасьцям. Яна ўвасабляе выдатны прыклад патэнцыйнай грамадзкай актыўнасьці ў Беларусі. Не зважаючы на палітычны ціск, які зьведала сама Наста і яе сям’я, яна працягвае бараніць свабоду грамадзкай супольнасьці і змагацца за правы чалавека. Нягледзячы на сур’ёзныя і вялікія перашкоды яна працягвае верыць, што можна дамагчыся лепшай будучыні».

Урачыстае ўшанаваньне атрымальніц прэмій Дзярждэпартамэнту ЗША адбылося 8 сакавіка ў Вашынгтоне. Дзяржсакратар Гілары Клінтан падчас уручэньня выказала шкадаваньне, што беларуска Наста Палажанка ня можа асабіста атрымаць узнагароду, бо ўлады забаранілі ёй пакідаць краіну. «Краіна ў цэнтры Эўропы дагэтуль прыгнятае свой народ, фальсыфікуе выбары, самым жорсткім і брутальным чынам зьнявольвае палітычных апанэнтаў, каб іх напалохаць. Але яна не спужалася і выказала сваю пазыцыю».

Наста Палажанка: «Адчуваю, безумоўна, радасьць і гонар за тое, што мне давялося прэзэнтаваць мужную частку нашага грамадзтва — нашых жанчын, якіх вельмі шмат. Гэта і жонкі, і маці палітвязьняў, і дзяўчаты, якія іх чакаюць. Бо ад падтрымкі жанчын, ад іх духу залежыць тое, як пачуваюцца нашы мужчыны ў турме. І таму я лічу, што гэтая ўзнагарода — вялікая адказнасьць і на мне. І я ўсьведамляю, што гэтая ўвага для мяне абавязвае мяне рабіць усё магчымае, каб усе зьняволеныя выйшлі на свабоду».

Майкл Скэнлан і Наста Палажанка

Тацяна Шапуцька, якая зь іншымі актывістамі «Маладога фронту» прыйшла падтрымаць Насту, гэтак пракамэнтавала падзею:

«Наста заўсёды зазначае, што гэта ўзнагарода і для „Маладога фронту“. Але я лічу, што гэта перадусім узнагарода для Насты самой, бо такіх мужных дзяўчат цяжка знайсьці ў сучаснай Беларусі. І я рада за яе ня толькі паводле прыналежнасьці да „Маладога фронту“, але і за тое, што мая асабістая сяброўка атрымала ўзнагароду паводле сваёй сапраўднай заслугі».

Сярод многіх іншых вядомых і актыўных беларускіх жанчын, якія прысутнічалі на цырымоніі ўручэньня прэміі Насьце Палажанцы, — народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка:

«Гэта такі мужны чалавек — хоць і дзіця яшчэ зусім. Але колькі ў яе моцы, гарту і імкненьня, каб прыйшла свабода ў Беларусь! Я проста шчасьлівая за Насту».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG