Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10 сакавіка пасьля працяглай хваробы памёр Янка Сіпакоў. Паэт, празаік, перакладчык, ляўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР за кнігу паэзіі "Веча славянскіх баляд" пакінуў гэты сьвет на 76-м годзе жыцьця.

Янка Сіпакоў нарадзіўся ў вёсцы Зубрэвічы Аршанскага раёну. Скончыў аддзяленьне журналістыкі філфаку БДУ. Часы вучобы зблізілі яго з тымі літаратарамі, якіх прынята называць шасьцідзясятнікамі. Гаворыць паэт і грамадзкі дзеяч Генадзь Бураўкін:

"Веча славянскіх баляд" — гэта было зьявай, яркай зьявай, і ня проста ў беларускай паэзіі, ня проста ў беларускай літаратуры, а, скажам так, у славянскай паэзіі. Гэта было і таленавіта, і разумна, і глыбока. І ён і выдатны празаік быў. І "Крыло цішыні", і іншыя рэчы настолькі дакладна перадаюць атмасфэру часу, рэаліі нашай беларускай вёскі, рэаліі сялянскага жыцьця. І ён вельмі хораша працаваў апошнія гады, як быццам сапраўды ён сьпяшаўся зрабіць тое, што яму было наканавана лёсам, і баяўся, што не пасьпее. Янка нікуды не пайшоў да іншых, да некага, на іншую зямлю, у іншы саюз пісьменьнікаў, у іншую кампанію. Ён астаўся прадстаўніком нашай паэзіі".

Доўгі час Янка Сіпакоў працаваў у часопісе "Маладосьць". Прыгадвае былы галоўны рэдактар Генрых Далідовіч:

"Акрамя твораў, якіх у яго можна было пачытаць, зь ім было прыемна і пагаварыць. Ён быў дасьведчаны. Ён не сьпяшаўся часам думку сваю выказваць, але ён любіў і паслухаць, паразважаць, ну, а калі трэба, безумоўна, і паспрачацца. Яго штодзённая работа, інтэрвію, якія ён рабіў, размовы, калі ён натхняў маладых — гэта і быў ягоны ўклад. Тое, што ён нават пісаў на роднай мове і пісаў на ёй выдатна, гэта сьведчыць, што і ўклад у моўную палітыку і моўную культуру ён таксама зрабіў".

Даўняе сяброўства зьвязвала Янку Сіпакова з Уладзімерам Дамашэвічам. Пра свайго сябра і калегу па часопісе "Маладосьць" спадар Дамашэвіч прыгадвае сьветла і шчымліва.

"Пра яго можна сказаць толькі добрае. Янка Сіпакоў быў і чалавекам, і пісьменьнікам цікавым. Сяды-тады мы перазвоньваліся, сяды-тады сустракаліся. Вельмі-вельмі шкада… Хай яму будзе пухам зямля. І памяць аб ім хай будзе. У маім сэрцы ён будзе жыць столькі, колькі буду я жыць. Самыя прыемныя будуць мае ўспаміны аб ім".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG