Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
10 сакавіка ў шэрагу рэгіёнаў адбыліся суды, зьвязаныя з перасьледам грамадзкіх актывістаў за ўдзел мінулай выбарчай кампаніі і наступных грамадзкіх пратэстах.

У райцэнтры Глыбокае, што на Віцебшчыне, адбыўся разгляд адміністрацыйнай справы мясцовага актывіста, журналіста Кастуся Шыталя. А ў Полацку суд разглядаў скаргу Віктара Калесьніка наконт забароны пікету салідарнасьці з палітвязьнямі. І таксама сёньня суд Пухавіцкага раёну адмовіў у пазове былой настаўніцы гісторыі Талькаўскай сярэдняй школы Натальлі Ільініч, якая прасіла аднавіць яе на працы.

ВІЦЕБШЧЫНА


Судовая справа супраць журналіста Кастуся Шыталя скасаваная

У чацьвер у судзе Глыбоцкага раёну разгляд адміністрацыйнай справы мясцовага актывіста, журналіста незалежнага сайту westki.info Кастуся Шыталя працягваўся ня больш як пяць хвілін. Судзьдзя Ірына Казак пастанавіла скасаваць судовую справу.

У інтэрвію для "Свабоды" Канстанцін Шыталь распавёў:

"Судовае пасяджэньне заняло, пэўна, хвіліны дзьве. Судзьдзя толькі запытала мае асабістыя зьвесткі — імя, прозьвішча… А потым абвясьціла, што справа спыняецца з прычыны таго, што выйшлі тэрміны для вынясеньня адміністрацыйнага спагнаньня".

На тым, каб пакараць Кастуся Шыталя, настойваў Глыбоцкі райвыканкам. Яшчэ ў сьнежні юрысконсульт гэтай установы склаў пратакол пра тое, што актывіст парушыў выбарчае заканадаўства падчас апошняй прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі.

Спадара Шыталя вінавацілі ў тым, што ён, працуючы назіральнікам на выбарчым участку, нібыта незаконна апытваў навучэнцаў мясцовага прафэсійнага ліцэю, ці добраахвотна яны прыйшлі на датэрміновае галасаваньне. Пра гэта другая назіральніца, прадстаўніца "Беларускага саюзу жанчын" Марыя Мацулевіч напісала скаргу ў пракуратуру. Былі да Кастуся Шыталя і яшчэ дзьве прэтэнзіі — што ён нібыта пагражаў выбарчай камісіі і што разьмяшчаў у інтэрнэце непраўдзівыя зьвесткі.

Відавочна, меўся на ўвазе артыкул "Незалежны назіральнік пабачыў, як фальшавалі вынікі выбараў у Глыбокім", напісаны з уласнага назіральніцкага досьведу, тлумачыць актывіст:

"Думаю, што глыбоцкія "вэртыкальшчыкі" спрабавалі ці то мне адпомсьціць, ці то мяне запалохаць, але нават гэта ў іх не атрымалася".

Полацкі гарвыканкам жыве ў 1996 годзе?


Судовы працэс, ініцыяваны полацкім актывістам Віктарам Калесьнікам, мае пэрспэктывы стаць нашмат даўжэйшым.

Суд паводле скаргі даверанай асобы Андрэя Саньнікава распачаўся 9-га і працягваўся 10-га сакавіка. Віктар Калесьнік спрабуе абскардзіць забарону на правядзеньне пікету салідарнасьці з палітвязьнямі — удзельнікамі менскіх падзеяў 19 сьнежня.

Заяўка на правядзеньне акцыі была пададзена ў Полацкі гарвыканкам, і намесьніца старшыні гарвыканкаму Натальля Ганебная забараніла праводзіць пікет "у сувязі з тым, што мірная акцыя ў Менску мела неканстытуцыйны характар".

Віктар Калесьнік лічыць, што спадарыня Ганебная парушыла артыкулы 19 і 21 "Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах", пазбавіўшы полацкіх актывістаў права на правядзеньне мірных сходаў і свабоду выказваньня ўласных меркаваньняў.

Падчас судовага разбору, які праводзіла судзьдзя полацкага суду Тацяна Субоціна, высьветлілася, што ў Полацку ўвогуле няма месцаў, дзе гарвыканкам мог бы дазволіць правядзеньне масавых акцый, кажа спадар Калесьнік:

"Было рашэньне выканкаму, прынятае яшчэ ў 1996-м, што пляцоўка перад кінатэатрам "Радзіма" прызначаецца для правядзеньня мітынгаў і сходаў. Аднак у 1997 годзе закон аб масавых мерапрыемствах быў зьменены, а наш выканкам так і не палічыў патрэбным прыняць новае рашэньне. Судзьдзя, канечне, дужа зьдзівілася: няўжо мы жывем у 1996 годзе?.."

Разгляд скаргі полацкага актывіста на рашэньне полацкага гарвыканкаму адбудзецца 16-га сакавіка.

МЕНШЧЫНА


У справе звальненьня настаўніцы Ільініч суд стаў на бок улады

11 сакавіка судзьдзя Пухавіцкага раёну Менскай вобласьці Сьвятлана Акуліч прыняла рашэньне адмовіць у пазове былой настаўніцы гісторыі Талькаўскай сярэдняй школы Натальлі Ільініч, якая прасіла аднавіць яе на працы.

У гутарцы з карэспандэнтам "Свабоды" Натальля Ільініч заявіла, што расчараваная рашэньнем судзьдзі:

"Пасьля паседжаньня напярэдадні, 9 сакавіка, я амаль паверыла, што вынік суду будзе справядлівы да мяне. На паседжаньне былі выкліканы сем сьведак, ніхто зь іх не сказаў пра мяне і маю працу ніводнага дрэннага слова. Увесь ход разгляду справы сьведчыў на маю карысьць. Я перакананая, што судзьдзя ўчора знарок не агучвала рашэньне, бо ў судовай залі было шмат прысутных, у тым ліку іншагародніх — зь Менску, Слуцку ды іншых гарадоў, і яны таксама спадзяваліся на справядлівасьць Пухавіцкага райсуду".

Пра магчымасьць перагляду справы ў судзе вышэйшай інстанцыі Натальля Ільініч гаворыць няўпэўнена. Перадусім у беспрацоўнай нестае грошай на судовыя выдаткі. Яна кажа, што цяперашні суд часткова задаволіў яе матэрыяльны пазоў да аддзелу адукацыі Пухавіцкага райвыканкаму за маральную шкоду і абавязаў Пухавіцкі РАНА выплаціць Натальлі Ільініч 200 тысяч рублёў. У той жа час грашовыя выдаткі Натальлі Ільініч на адваката склалі 90 працэнтаў ад гэтай сумы.

Натальля Ільініч — прыхільніца ідэі беларускага нацыянальнага адраджэньня. Актыўна ўдзельнічала ў прэзыдэнцкіх выбарах на баку альтэрнатыўных кандыдатаў на прэзыдэнта.

5 студзеня супрацоўнікі КДБ і МУС правялі ў доме Натальлі Ільініч ператрус, забралі, сярод іншага, флэшкарту фотаапарата і сыстэмны блёк кампутара. 27 студзеня дырэктарка школы Натальля Меркуль звольніла настаўніцу Ільініч з працы.

Безвыніковымі былі звароты настаўніцы да начальніка аддзелу адукацыі Пухавіцкага райвыканкаму Тацьцяны Чарнышовай і міністра адукацыі Сяргея Маскевіча з просьбай паспрыяць у аднаўленьні на працы.
XS
SM
MD
LG