Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Францыя шантажавала Польшчу “Ўсходнім партнэрствам”?


З чарговых амэрыканскіх дыпляматычных дакумэнтаў, апублікаваных парталам Wikileaks, вынікае, што ў 2008 годзе пасьля расейска-грузінскай вайны Францыя рабіла ціск на Польшчу, каб зьмякчыць пазыцыю Варшавы адносна Масквы. Пра гэта, у прыватнасьці, піша газэта Rzeczpospolita.

Як паказалі апублікаваныя раней амэрыканскія дыпляматычныя тэлеграмы, падчас вайны ў Грузіі Францыя заклікала не паддаваць Маскву вострай крытыцы, тлумачачы гэта магчымым ускладненьнем дзеяньняў дыпляматаў. Апублікаваная тэлеграма сьведчыць, што для таго, каб размарозіць заблякаваныя пасьля пачатку вайны перамовы з Масквой, Парыж без ваганьняў зьвярнуўся да шантажу ў дачыненьні да сваіх партнэраў па Эўрапейскім Зьвязе.

“Францыя прыстрашыла заблякаваць праграму “Ўсходняе партнэрства” ў выпадку, калі Швэцыя і іншыя праціўнікі вяртаньня да схемы “бізнэс як звычайна” ў адносінах з Масквой адмовяцца аднавіць перамовы паміж Эўразьвязам і Расеяй. Пасьля таго, як рашэньне аб аднаўленьні перамоваў аб супрацоўніцтве было прынятае, Швэцыя і Польшча атрымалі “зялёнае сьвятло” для працягу праекту”, – напісаў у тэлеграме дыплямат з пасольства ЗША ў Стакгольме Робэрт Сыльвэрман (Robert Silverman). Інфармацыя, праўдападобна, зыходзіла ад Ёгана Фрысэла (Johan Frisell) – супрацоўніка дэпартамэнту Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы швэдзкага МЗС.

Тэлеграма з апісаньнем ціску Францыі на саюзьнікаў была адпраўленая 28 лістапада 2008 г., г.зн. празь няпоўныя чатыры месяцы пасьля нападу Расеі на Грузію, справакаванага сутыкненьнем грузінскіх войскаў з сэпаратыстамі з Паўднёвай Асэтыі, якіх падтрымліваў Крэмль. Прэзыдэнт Нікаля Сарказі, чыя краіна тады старшынявала ў Эўразьвязе, дамогся замірэньня, але Расея не выконвала асноўнага патрабаваньня: адыходу войска на пазыцыі, якія яно займала да канфлікту. Нягледзячы на гэта, Сарказі імкнуўся да аднаўленьня прыпыненых Эўразьвязам перамоваў аб пагадненьні, якое давала шанцы на прыбытковае эканамічнае супрацоўніцтва з Расеяй. А Польшча і Швэцыя патрабавалі паставіць любыя перамовы ў залежнасьць ад выкананьня Масквою ўмоваў замірэньня.

Незадоўга да пачатку вайны абедзьве гэтыя краіны абвясьцілі аб праекце “Ўсходняе партнэрства”, які павінен быў прывесьці да наладжваньня больш шчыльнага супрацоўніцтва Эўразьвязу з Армэніяй, Азэрбайджанам, Грузіяй, Малдовай, Украінай і Беларусьсю. Яны даводзілі, што Эўразьвяз павінен зрабіць гэтую ініцыятыву адным з сваіх галоўных праектаў.

Краіны-сябры ЭЗ павінны былі зацьвердзіць праект на сустрэчы кіраўнікоў МЗС у лістападзе 2008 году, а яго інаўгурацыя павінна была адбыцца ў траўні 2009 году. І якраз тады Парыж зьвярнуўся да шантажу.

“Шантаж, несумненна, пераходзіць дапушчальныя межы, але Францыя заўсёды вяла спэцыфічную замежную палітыку. Асабліва ў дачыненьні да Расеі, якая зьяўляецца для яе асабліва важным партнэрам і зь якой Парыж імкнецца наладзіць шчыльнае супрацоўніцтва ўва ўсіх сфэрах”, – сказала газэце Rzeczpospolita прадстаўніца Эўрапейскай рады па міжнародных адносінах у Лёндане Яна Кобзава (Jana Kobzova).

“Шантаж у міжнародных адносінах выкарыстоўваецца вельмі рэдка. Калі гэтыя паведамленьні зьяўляюцца праўдай, яны даюць падставы для занепакоенасьці”, – сказаў польскаму выданьню Яцак Сарыюш-Вольскі (Jacek Saryusz-Wolski) – эўрадэпутат ад партыі “Грамадзянская плятформа” (PO), вядомы ў Эўрапарлямэнце як вельмі прынцыповы перамоўца.

Экспэрты нагадваюць, што нядаўна Францыя выкупіла частку долі ў газаправодзе “Паўночны паток”, а таксама прадала Расеі чатыры дэсантныя караблі клясу “Містраль” разам з доступам да сучасных тэхналёгіяў.

Масква з самага пачатку нэгатыўна ставілася да “Ўсходняга партнэрства”, успрымаючы яго як пагрозу сваім інтарэсам у рэгіёне. Праект не падабаўся і Францыі, якая аддавала перавагу таму, каб Эўразьвяз канцэнтраваў сваю ўвагу на поўдні Эўропы. Хоць ЭЗ зацьвердзіў праект, экспэрты асьцерагаюцца, што барацьба за яго не завяршылася.

У сувязі з падзеямі на Блізкім Усходзе і ў Афрыцы некаторыя краіны лічаць, што Эўразьвяз павінен больш засяродзіцца на тым рэгіёне. У канцы лютага міністры замежных справаў Францыі, Славеніі, Грэцыі, Гішпаніі, Кіпру і Мальты ў лісьце да кіраўніка эўрапейскай дыпляматыі Кэтрын Эштан (Catherine Ashton) заклікалі павялічыць аб'ём дапамогі для паўднёвых суседзяў Эўропы.

“Францыя і іншыя краіны поўдня, напэўна, будуць спрабаваць перанакіраваць сродкі з праграмы “Ўсходняе партнэрства” ў той гарачы рэгіён”, – кажа Кобзава. “Падзеі на поўдні паказалі, што менавіта спроба ўзмацніць дэмакратызацыю, якую прапаноўвае “Ўсходняе партнэрства”, – гэта найлепшы спосаб фармаваньня стабільнасьці. Так што аслабіць гэты праект будзе нялёгка”, – супакойвае Кацінка Барыш (Katinka Barysch) зь лёнданскага Цэнтру эўрапейскіх рэформаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG