Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Ляпіс" ня выступіць у Гомелі


Гурт "Ляпіс Трубяцкой"
Гурт "Ляпіс Трубяцкой"
У Гомелі адменены канцэрт рок-гурту "Ляпіс Трубяцкой", які быў заплянаваны на 13 сакавіка ў лёгкаатлетычным манэжы "Дынама". Арганізатарам канцэрту выступаў гарадзкі цэнтар культуры.

Дырэктар цэнтру Маргарыта Хадзічэнка паведаміла, што ім прыйшло прадпісаньне мясцовай службы пажарнага нагляду МНС, на падставе якога ў манэжы забаронена праводзіць масавыя мерапрыемствы. Дырэктарка кажа, што на канцэрт рок-гурту прададзена звыш тысячы білетаў. Супрацоўнікі цэнтру нібыта спрабавалі знайсьці іншае памяшканьне для канцэрту "Ляпісаў", але ня здолелі, бо такой вялікай залі ў горадзе няма. Прададзеныя на канцэрт білеты будуць прымаць у манэжы 13 сакавіка ад 14.00.

У гарадзкім цэнтры культуры сьцьвярджаюць, што ім нічога невядома пра так званы "чорны сьпіс", паводле якога забаронена згадваць у афіцыйных СМІ шэраг дзеячоў беларускага і ўсясьветнага мастацтва, літаратуры, музыкі. Сярод іх – гурт "Ляпіс Трубяцкой".

Кіраўніцтва лёгкаатлетычнага манэжу "Дынама" (цяпер ён афіцыйна называецца "Гомельскі абласны цэнтар алімпійскага рэзэрву па лёгкай атлетыцы") неахвотна камэнтуе прычыны, дзеля якіх забаронены канцэрт. Дырэктар установы Ігар Сівадзедаў, як заяўляюць у прымальні, знаходзіцца на бальнічным. Намесьнікі спасылаюцца на тэхнічныя прычыны, нічога не ўдакладняючы.

Вядома, аднак, што ў манэжы адносна нядаўна зроблена рэканструкцыя. Увесну ўжо некалькі гадоў запар тут ладзяцца вялікія выставы тавараў да Гомельскага інвэстыцыйнага форуму з запрашэньнем замежных бізнэсоўцаў і супрацоўнікаў дыпляматычных місіяў, акрэдытаваных у Беларусі. Апошнім часам у манэжы працавала выстава-кірмаш “Сьвет мёду”.

Выглядае, што гурт “Ляпіс Трубяцкой” сапраўды трапіў калі ня ў “чорны”, то ў нейкі адмысловы забаронны сьпіс, або трапіў пад вуснае распараджэньне.

Дарэчы, у Гомель “Ляпіс Трубяцкі” з праграмай “Вясёлыя карцінкі” меўся прыехаць пасьля гастроляў у Маскве.

Тым часам музыкі выклалі свой новы альбом “Вясёлыя карцінкі” ў інтэрнэт. Знайсьці альбом можна можна на сайце thankyou.ru, паведамляе “Белорусский партизан”.




Кліп “Я веру” з альбому “Вясёлыя карцінкі”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG