Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд пакінуў у сіле вырак удзельнікам магілёўскай акцыі салідарнасьці


Акцыя салідарнасьці ў Магілёве, 16 студзеня

Акцыя салідарнасьці ў Магілёве, 16 студзеня

10 сакавіка Магілёўскі абласны суд не задаволіў касацыйнай скаргі трох удзельнікаў акцыі салідарнасьці. 8 лютага Ленінскі суд Магілёва прызнаў Валянціна Лабачова, Сяргея Нягаціна, Натальлю Шкадун вінаватымі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным пікетаваньні.

Ад абласнога суду актывісты патрабавалі прызнаць вырак раённага суду незаконным і адмяніць яго. Судзьдзя Сяргей Каралёў, які разглядаў скаргу, не знайшоў падставаў, каб яе задаволіць. Паводле праваабаронцы Барыса Бухеля, які прысутнічаў на працэсе, судзьдзя заявіў, што права публічна выказваць свае меркаваньні і пазыцыю ў грамадзянаў ёсьць, аднак у выпадку з акцыяй салідарнасьці яе ўдзельнікі парушылі працэдуру атрыманьня дазволу на сваё мерапрыемства ад выканаўчай улады.

За акцыю салідарнасьці сябра Партыі БНФ і “Маладога фронту” Валянцін Лабачоў адседзеў сямёра сутак адміністрацыйнага арышту, пяцёра сутак за кратамі правёў фронтавец Сяргей Нягацін. Натальлі Шкадун Ленінскі суд вынес папярэджаньне.

Акцыя салідарнасьці адбылася ў Магілёве на пешаходнай вуліцы Ленінскай 16 студзеня. Дзевяцера ўдзельнікаў утварылі ланцуг, кожны зь іх трымаў у руках партрэты зьняволеных кандыдатаў у прэзыдэнты, а таксама актывістаў, якіх адразу пасьля выбараў 19 сьнежня арыштавалі. Удзельнікі акцыі таксама раздавалі мінакам газэтку “Ня бойцеся”, прысьвечаную падзеям 19 сьнежня.
XS
SM
MD
LG