Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Полацку судзьдзю з суду адвезьлі ў бальніцу


На здымку: датэрміновае галасаваньне ў Віцебскім мэдычным каледжы

На здымку: датэрміновае галасаваньне ў Віцебскім мэдычным каледжы

Разгляд скаргі Віктара Калесьніка супраць Полацкага гарвыканкаму пачала разьбіраць судзьдзя Ірына Дародка, але падчас перапынку ў працэсе ёй стала блага, і жанчыну забрала “хуткая дапамога. Працягваць разбор даручылі судзьдзі Тацяне Субоцінай. У Глыбокім суд таксама займаецца водгукамі выбараў.

Суд Глыбоцкага раёну 10 сакавіка будзе разглядаць адміністрацыйную справу мясцовага актывіста і журналіста Кастуся Шыталя, якога вінавацяць у парушэньні выбарчага заканадаўства. Як цьвердзіць ягоная былая калега-назіральніца, хлопец незаконна апытваў выбарцаў, ці добраахвотна яны прыйшлі на датэрміновае галасаваньне.

А ў Полацкім судзе мае адбыцца працяг судовага разбору, ініцыяванага мясцовым дэмакратычным актывістам Віктарам Калесьнікам. Намесьніца старшыні полацкага гарвыканкаму забараніла спадару Калесьніку правесьці акцыю салідарнасьці з палітвязьнямі – удзельнікамі менскіх падзеяў 19-га сьнежня. Калесьнік лічыць, што чыноўніца парушае яго грамадзянскія правы на правядзеньне мірных сходаў і свабоду выказваньня ўласных меркаваньняў.

І Кастуль Шыталь, і Віктар Калесьнік зьявяцца ў суд ужо па другім разе.

Ініцыятарам судовай справы супраць Кастуся Шыталя стала Марыя Мацулевіч, якая была назіральніцай на прэзыдэнцкіх выбарах ад «Беларускага саюзу жанчын». Яна напісала скаргу ў пракуратуру, тлумачыць Кастусь Шыталь:

“Яна напісала, што я нібыта праводзіў незаконнае апытаньне выбарцаў, маючы на ўвазе маю размову з навучэнцам прафэсійнага ліцэю пра тое, ці добраахвотна ён прыйшоў галасаваць датэрмінова. А таксама нібыта я разьмясьціў непраўдзівую інфармацыю ў інтэрнэце і пагражаў сябрам выбарчай камісіі”.

Кастусь Шыталь ня лічыць сябе вінаватым і будзе спрабаваць давесьці гэта ў судзе. Калі гэта ня ўдасца, то спадару Шыталю пагражае або судовае папярэджаньне, або штраф памерам да 15 базавых велічынь – гэта болей за паўмільёна рублёў.

Шыталь лічыць, што адміністрацыйная справа — гэта помста за апублікаваны артыкул «Незалежны назіральнік пабачыў, як фальшавалі вынікі выбараў у Глыбокім», напісаны з уласнага назіральніцкага досьведу. Апрача гэтага, для сайту westki.info Кастусь Шыталь напісаў шэраг матэрыялаў пра падзеі 19 сьнежня і ўдзел у менскай акцыі ягоных землякоў з заходняй Віцебшчыны.

Адмова ў правядзеньні акцыі салідарнасьці са зьняволенымі пасьля 19 сьнежня стала падставай для разбору ў полацкім судзе, які пачаўся яшчэ 9 сакавіка.

Віктар Калесьнік, давераная асоба кандыдата Андрэя Саньнікава, спрабуе абскардзіць забарону полацкага гарвыканкаму правесьці акцыю салідарнасьці 19 лютага.

У пісьмовай адмове, якую атрымаў спадар Калесьнік, было напісана: "У сувязі з тым, што мірная акцыя ў Менску мела неканстытуцыйны характар, пікет ня можа быць узгоднены дзяржаўнымі органамі, якія ажыцьцяўляюць свае паўнамоцтвы ў адпаведнасьці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь". Віктар Калесьнік лічыць прычыну адмовы палітычна матываванай:

“Я змагаюся ў судзе за тое, каб кожны грамадзянін меў права на выражэньне сваёй думкі адносна таго, што хвалюе, што адбываецца ў краіне. Паводле Канстытуцыі, кожны мае такое права, але патрэбна, каб яго не парушалі ні наш выканкам, ні ўвогуле дзяржаўныя органы Рэспублікі Беларусь”.

На думку Калесьніка, намесьніца старшыні Полацкага гарвыканкаму Натальля Ганебная, забараніўшы праводзіць пікет, парушыла артыкулы 19 і 21 "Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG