Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У судзе будуць сьведчаньні 15 міліцыянтаў, "якіх пабілі Брэўс і Гапонаў"


Cёньня Маскоўскім судзе Менску адновяцца працэсы над удзельнікамі мітынгу пратэсту 19 сьнежня. Паводле абвінавачаньня ва ўдзеле ў масавых непарадках судзяць грамадзянаў Расеі Івана Гапонава і Арцёма Брэўса, а таксама менскага прадпрымальніка Дзьмітрыя Мядзьведзя. А ў Вярхоўным судзе пачынаецца закрыты працэс над сьледчай Генпракуратуры Сьвятланай Байковай.

Працэс над Іванам Гапонавым і Арцёмам Брэўсам быў прыпынены 1-га сакавіка пасьля ўсяго гадзіны паседжаньня. Прадстаўнік абвінавачваньня Сяргей Кунаш адразу, як аднавіўся працэс, зачытаў новы тэкст абвінавачаньня Гапонаву і Брэўсу. Нібыта яны "прыйшлі на плошчу з надуманай прычыны — нібыта сфальшаваных выбараў", што дзейнічалі ў натоўпе, які быў узброены "бутэлькамі з гаручай вадкасьцю", білі нагамі і рукамі міліцыянтаў, якія стаялі ў ачапленьні вакол Дома ўраду. Быў агалошаны сьпіс з 15 міліцыянтаў, якія, паводле сьледзтва, пры гэтым пацярпелі.

Прадстаўнік абвінавачаньня хадайнічаў перад судом, каб да матэрыялаў справы далучылі пратаколы допытаў гэтых міліцыянтаў, і суд гэтае хадайніцтва задаволіў.

А вось хадайніцтва адвакатаў пра зьмену меры стрыманьня для Гапонава і Брэўса на падпіску пра нявыезд судзьдзя Любоў Сімахіна адхіліла. Пасьля гэтага яна абвясьціла перапынак да 10 сакавіка — каб абарона магла вывучыць новае абвінавачаньне і падрыхтавацца да судовага разбору па ім.

Што за гэты час адбылося ў Івана Гапонава і Арцёма Брэўса?

Паводле лістоў Івана Гапонава дамоў, на ўмовы ўтрыманьня ён ня скардзіцца. Расейцаў, арыштаваных на мітынгу ў Менску, наведвалі прадстаўнікі расейскай амбасады, паведаміла "Свабодзе" маці Гапонава Сабіра Атакішыева:

"У Вані былі прадстаўнікі расейскай амбасады. Сказалі, што таксама ў іх былі адвакаты. Наш адвакат быў у пятніцу, яны рыхтаваліся да абароны. Прагледзелі дакумэнты адносна гэтых 15-ці пацярпелых міліцыянтаў. Настрой у іх нармальны, крыху філязофскі. Чакае 10-га, што будзе далей".

Таксама ў Маскоўскім судзе сёньня адновіцца працэс над кіраўніком будаўнічай фірмы Дзьмітрыем Мядзьведзем — і яго абвінавачваюць ва ўдзеле ў масавых непарадках 19 сьнежня. Жонка абвінавачанага Тацяна за гэтыя дні атрымала ад мужа два лісты:

"Піша, што рады быў пабачыць нас усіх, хаця міліцыянт яго засланяў, але ўбачыліся хаця б так. Піша, што вось усё зацягваецца, відаць, Гасподзь хоча, каб я яшчэ там пабыў. Муж мой веруючы. Але ўсё ж муж спадзяецца, што выйдзе на волю".

10 сакавіка ў Вярхоўным судзе на закрытым паседжаньні пачнецца разгляд крымінальнай справы сьледчай генпракуратуры Сьвятланы Байковай.

Старшы сьледчы па асабліва важных справах Сьвятлана Байкова абвінавачваецца па пяці артыкулах Крымінальнага кодэксу. Гэта прыцягненьне ў якасьці абвінавачанага заведама невінаватага, прымус да дачы паказаньняў, заведама незаконныя затрыманьне або заключэньне пад варту, злоўжываньне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі і перавышэньне ўлады або службовых паўнамоцтваў. Максымальнае пакараньне за гэтыя злачынствы — да 7 гадоў пазбаўленьня волі.

Вядома, што напярэдадні арышту Байкова расьсьледавала махінацыі на Берасьцейскай мытні з удзелам мытнікаў і супрацоўнікаў КДБ. Летась у лютым Сьвятлану Байкову саму арыштавалі.

Яшчэ зь СІЗА КДБ Байкова, якая не прызнавала цалкам сваёй віны, зьвярталася з адкрытым лістом да Аляксандра Лукашэнкі.

У сярэдзіне 2010 году Сьвятлану Байкову перавялі з турмы пад хатні арышт, а ў канцы году перадалі яе справу ў суд. Нядаўна з калегіі адвакатаў выключылі адваката Міхаіла Воўчака, які абараняў Сьвятлану Байкову. Хто будзе абаронцам Байковай на працэсе ў Вярхоўным судзе, невядома.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG