Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Аўтарадыё» выйграла ў судзе і спадзяецца хутка аднавіць вяшчаньне


9 сакавіка Вышэйшы гаспадарчы суд прызнаў несапраўднымі папярэджаньне Міністэрства інфармацыі, вынесенае «Аўтарадыё», і рашэньне Рэспубліканскай камісіі па тэлебачаньні і радыёвяшчаньні спыніць эфірнае вяшчаньне станцыі. То бок «Аўтарадыё» зноў будзе гучаць у эфіры. Міністэрства інфармацыі павінна выплаціць ЗАТ «Аўтарадыё» 1,4 мільёна рублёў за судовыя выдаткі.

Пасьля судовых разьбіральніцтваў, пералічэньня дзясятка законаў і падзаконных актаў, складаных лінгвістычных экспэртыз са спэцыфічнай тэрміналёгіяй ляканічнае рашэньне судзьдзі Валерыя Шобіка, што да папярэджаньня Мінінфарму, прагучала як гром сярод яснага неба:

«Прызнаць несапраўдным з моманту вынясеньня папярэджаньне Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь № 1 ад 10 студзеня да „Аўтарадыё“ аб парушэньні артыкулу 38 Закона аб сродках масавай інфармацыі. Спагнаць на карысьць „Аўтарадыё“ зь Міністэрства інфармацыі 70 тысяч рублёў у якасьці судовых выдаткаў. Гэта рашэньне ўступае ў законную сілу з моманту яго абвяшчэньня ў судовым паседжаньні».

Прысутныя ў залі прадстаўнікі «Аўтарадыё» не адразу паверылі, у тое, што пачулі, і пачалі перапытваць, ці правільна зразумелі сэнс. Другі пазоў «Аўтарадыё» аб незаконнасьці спыненьня вяшчаньня таксама быў задаволены.

Дырэктар Аўтарадыё Юры Базан: «Тут без Гаспадарчага суду нічога не было б. Яны цягам двух месяцаў так скрупулёзна ўсё вывучалі, капалі, ўсё раскапалі і ўсё ж такі прыйшлі да высновы, што мы маем рацыю, мы нічога не парушалі. Дакладней, ня мы маем рацыю, а яны ня маюць рацыі».

Паводле пастановы суду, абвінавачваньні «Аўтарадыё» у закліках да экстрэмісцкай дзейнасьці цалкам зьняты. Прадметам судовага разьбіральніцтва была фраза «Лёс краіны вырашаецца не на кухні, а на плошчы», якая ўтрымлівалася ў перадвыбарчай праграме кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава. Свае лінгвістычныя экспэртызы прадставілі два мовазнаўцы. Сёньня на судзе дырэктар Інстытуту мовазнаўства Акадэміі навук прафэсар Аляксандар Лукашанец, што да закліку да дзеяньня, патлумачыў:

У гэтай фразе — „Лёс краіны вырашаецца не на кухні, а на плошчы“ — не ўтрымліваюцца моўныя сродкі, якія заклікаюць да якой-небудзь дзейнасьці наогул.
«У гэтай фразе — „Лёс краіны вырашаецца не на кухні, а на плошчы“ — не ўтрымліваюцца моўныя сродкі, якія заклікаюць да якой-небудзь дзейнасьці наогул. Гэта значыць, што ў гэтым тэксьце ні няма дзеясловаў загаднага ладу, ні няма слоў, якія выражаюць пэўнае пабуджэньне».

Аргумэнтацыя Мінінфарму — маўляў, у краіне выбарчая кампанія, і ў кожнага слова «плошча» асацыюецца менавіта з Кастрычніцкай плошчай, і, больш за тое, канкрэтна з датай 19 сьнежня і часам 20:00. А за гэтым, маўляў, стаіць заклік прыйсьці на несанкцыянаваную акцыю, якая прывяла да масавых беспарадкаў. Прафэсар Лукашанец, які разлушчыў фразу з пункту гледжаньня лінгвістычнай прагматыкі, камунікатыўнага кантэксту і камунікатыўнай кампэтэнцыі, кажа:

«Заключэньне засноўваецца на магчымай, так сказаць, камунікатыўнай кампэтэнцыі таго, хто слухае. Калі той, хто слухаў, валодаў усіх гэтым колам ведаў, ён мог пэўным чынам успрыняць гэту інфармацыю. Вось і ўсё. А вось была яна ўспрынятая ці не — гэта ўжо не праблема лінгвістычнай экспэртызы».

У абаронцы «Аўтарадыё» было шмат аргумэнтаў што да неправамернасьці вынясеньня папярэджаньня: прызнаць прадукцыю экстрэмісцкай можа толькі суд, а яго не было. Каб даказаць экстрэмізм, трэба знайсьці чалавека, які пайшоў на плошчу, пачуўшы выступ Саньнікава менавіта на «Аўтарадыё». Да таго ж, Мінінфарм спасылаўся на законы і дакумэнты, якія ўжо ня дзейнічаюць альбо наагул ня маюць дачыненьня да прадмету спрэчкі.

Ёсьць усе падставы, каб хутка аднавіць вяшчаньне, кажа Юры Базан:

«Калі моцна ня будзе затрымліваць вырашэньне гэтага пытаньня Міністэрства сувязі, я думаю, на наступны дзень пасьля таго, як мы прынясём ім рашэньне Вышэйшага гаспадарчага суду на паперы. Гэта будзе, хутчэй за ўсё, у аўторак альбо сераду — 5 працоўных дзён суду даецца на гэта. Нам жа трэба яшчэ і да эфіру падрыхтавацца, мы ж два месяцы былі ў вымушаным адпачынку. Аднавіць працоўны калектыў, схемы працы. Але рукі ўсё памятаюць…»

«Аўтарадыё» другі раз выйграе ў судах і аднаўляе вяшчаньне. Генэральны дырэктар Юры Базан пажартаваў, што хацелася б на гэтым ліку 2:2 і спыніцца.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG