Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Прысуд пакажа, ці імкнецца зараз Беларусь сварыцца альбо сябраваць з Расеяй».


Кірыл Коктыш

Кірыл Коктыш

Уведзеныя ўрадам і Нацбанкам Беларусі абмежаваньні на валютным рынку перашкаджаюць пранікненьню на беларускі рынак расейскіх тавараў, лічаць у пасольстве Расеі ў Менску. «Гэтае рашэньне, вядома, будзе напружваць гандлёвыя адносіны Беларусі з Расеяй, будзе перашкаджаць пранікненьню расейскіх тавараў на беларускі рынак», — заявіў дарадца па эканамічных пытаньнях амбасады Расеі ў Беларусі Андрэй Кузьняцоў. Ці можна сказаць, што гэтае рашэньне Менску можа прывесьці да нейкай гандлёвай вайны паміж Беларусьсю і Расеяй? Які прысуд беларускія ўлады могуць даць двум грамадзянам Расеі, затрыманым у справе падзеяў 19 сьнежня? На гэтыя пытаньні адказвае дацэнт Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных дачыненьняў Кірыл Коктыш.

Цыганкоў: Ці можа гэтае рашэньне Менску і выказанае Расеяй незадавальненьне стаць падставай для эканамічнай вайны? Або гэта досыць дробны эпізод, які нескладана ўлагодзіць?

Коктыш: Пакуль я б не сказаў, што з гэтага будзе вынікаць нешта надзвычайнае. Гэта звычайны ціск, які падкрэсьлівае праблемы хаўрусьніка па Мытным саюзе. Вядома, з гэтага ня будзе вынікаць нейкіх імгненных дзеяньняў. Але гэта можа стаць падмуркам для далейшай палітыкі, абапіраючыся на які, можна будзе фармуляваць больш ці менш жорсткую пазыцыю ў адносінах да беларускага кіраўніцтва.

Адначасова гэта падкрэсьлівае тыя праблемы, у якіх сёньня апынулася Беларусь. Бо відавочна, што такія захады прымаюцца не ад добрага жыцьця, і гэтае рашэньне Менску прывядзе да пагаршэньня замежнаэканамічнай каньюнктуры вакол Беларусі.

Цыганкоў: З аднаго боку, расейскія тавары, як увесь імпарт, падпадаюць пад адны правілы, зь іншага, як тавары з Мытнага саюзу, — пад іншыя правілы. Ці не здаецца гэтая супярэчнасьць нейкай невырашальнай?

Коктыш: Беларусь — невялікая краіна, і пакуль што магчыма заплюшчваць вочы на тое, што для некаторых існуюць асобныя правілы. Але калі Беларусь працягне ўводзіць прывілеі для ўласнай эканомікі, разьлічваючы, што Расея будзе заплюшчваць на гэта вочы, то надоўга гэтага ня хопіць. Неўзабаве гэтыя супярэчнасьці абвострацца.
Калі прысуд будзе дастаткова рэзкім, то магчымае ўзьняцьцё пытаньня, ці дарэчная прысутнасьць Беларусі ў Адзінай эканамічнай прасторы.

Цыганкоў: 10 сакавіка ў Менску можа быць вынесена канчатковае рашэньне ў працэсе над двума расейскімі грамадзянамі Брэўсам і Гапонавым у справе 19 сьнежня. А 15 сакавіка ў Менск мяркуе прыехаць расейскі прэм’ер-міністар Уладзімер Пуцін. Ці рызыкняце вы прадказаць рашэньне суду ў справе Брэўса і Гапонава?

Коктыш: Рашэньне, вядома ж, будзе палітычным. Яно будзе паказваць, ці імкнецца зараз Беларусь сварыцца альбо сябраваць з Расеяй. Так ці іначай, гэта будзе асабісты выбар беларускага прэзыдэнта. Гледзячы на прысуд, мы будзем разумець, які курс ён зьбіраецца рэалізоўваць.

Калі прысуд будзе дастаткова рэзкім, то магчымае ўзьняцьцё пытаньня, ці дарэчная прысутнасьць Беларусі ў Адзінай эканамічнай прасторы. Гэтае пытаньне празь некалькі месяцаў можа стаць на парадак дня і зрабіцца штуршком да поўнамаштабнай гандлёвай вайны.

Расея з шэрагу прычынаў ня можа займаць нэгатыўную палітычную пазыцыю да беларускага кіраўніцтва. Але эканамічна Расея актыўна выказвае свае адносіны да беларускага кіраўніцтва. І калі прысуд будзе рэзкі, то эканамічныя захады з расейскага боку (фармальна палітычна не матываваныя) будуць мець месца.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG