Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каты пакутуюць ня менш за ахвяраў


Карл-Гайнц Бомбэрг
Карл-Гайнц Бомбэрг
Яны ня могуць спаць, а калі засынаюць, ім сьніцца тое, што яны доўга і беспасьпяхова намагаюцца сьцерці з памяці. Каб пазбавіцца жудасных малюнкаў цэлага пэрыяду жыцьця, яны імкнуцца выкрасьліць са сваіх кантактаў усіх знаёмых, якія могуць абудзіць гэтыя ўспаміны. Але дастаткова нязначнай асацыяцыі, як пачынаецца стрэс яшчэ мацнейшы, чым падчас саміх падзеяў.

Пра перажываньні хворых на сындром посттраўматычнага стрэсавага разладжаньня (ПТСР), атрыманы ў выніку палітычнай псыхатраўмы, расказаў "Свабодзе" бэрлінскі псыхааналітык Карл-Гайнц Бомбэрг. Інтэрвію псыхіятра пра тое, што нават праз 20 гадоў пасьля падзеньня бэрлінскага мура пацыенты ня могуць выкінуць з галавы траўматычныя ўспаміны пэрыяду рэжыму Хонэкера, перадрукавалі іншыя інтэрнэт-сайты. У мінулым сам вязень турмы "Штазі", доктар Бомбэрг сьведчыць, што лячэньне гэтых хворых ідзе цяжка і марудна. Бэрлінскі псыхіятар дапамагае і ахвярам, і катам.

Каты або сьпіваюцца, або вар’яцеюць


Пасьля гэтага артыкула ў беларускай інтэрнэт-супольнасьці пачалі ўзгадваць гісторыі знаёмых — колішніх супрацоўнікаў КДБ. Усе сюжэты былі чымсьці падобныя паміж сабой: вэтэраны спэцслужбаў мелі незайздросную старасьць. Адны сьпіваліся, іншыя вар’яцелі.
Перад сьмерцю былы кадэбіст сказаў: "Лепш бы я здох, чым так мучыцца. Яны ж у мяне кожную ноч перад вачыма! Лепш бы я здох!

"Псыхалягічныя пакуты былых ахвяр — гэта кветачкі ў параўнаньні з псыхалягічнымі адхіленьнямі і пакутамі былых катаў", — піша адна з чытачак артыкула Лола. — "У маёй сяброўкі бацька быў КДБістам. Сышоў на пэнсію ў 45 і па-чорнаму запіў, на некалькі дзесяцігодзьдзяў. Думаю, каб сьцішыць мукі сумленьня".

Другая чытачка, Ядвіга, узгадвае, што ў структуры, дзе яна калісьці працавала, быў адзін пажылы чалавек, які вельмі дзіўна паводзіў сябе ў камандзіроўках.

"Калі мы вячэралі ўсе разам", — працягвае Ядвіга, — "гэты калега куляў чарку за чаркай, бляднеў, але не хмялеў, у размове ўдзелу амаль не прымаў. А потым сыходзіў да сябе ў нумар. Калегі-мужчыны, якія спыняліся зь ім у адным нумары, распавядалі, як жудасна ён стагнаў па начах. Незадоўга да сьмерці ў апошняй камандзіроўцы падчас такой вячэры ён распавёў, што да нашай структуры доўга працаваў у КДБ, прычым захапіў і пасьляваенныя гады сталінскіх рэпрэсій. У падрабязнасьці ён нас не пасьвячаў, сказаў толькі: "Лепш бы я здох, чым так мучыцца. Яны ж у мяне кожную ноч перад вачыма! Лепш бы я здох!"

Ядвіга піша, што ведала яшчэ аднаго былога гэбіста, дакладней, супрацоўніка НКВД.
Я лекую катаў, ня толькі ахвяраў. Я з павагай стаўлюся да людзей, якія маюць патрэбу прызнацца.


"Аднакурсьніцы здымалі пакой у адной жанчыны ў агульнай кватэры, а яе суседам быў гэты самы стары адстаўнік. Таксама самотны. Гэта было нешта! Ён краў у дзяўчат калготкі і абвязваў іх вакол паясьніцы, сьцьвярджаючы, што яны дапамагаюць яму ад радыкуліту. А потым пачаў красьці бялізну. Вось так звар'яцеў ад сваёй працы!"

Аўтар наступнага допісу — таксама жанчына:

"Муж сяброўкі таксама там працаваў, у КДБ. Яго накіравалі на пэнсію, а праз тры гады ён зрабіўся скончаным алькаголікам, хоць і працаваў у "канторы" толькі з тэхнікай кампутарнай... Там усе адзін аднаго баяцца, нават выходзячы ў прыбіральню — хаваюць усё са стала ў сэйф, каб ніхто не падгледзеў, не падставіў, не падкінуў і г.д. Казалі, што вар'яцець ён пачаў ад часу, як працаваў начальнікам аддзелу... усё хаваў, а ўсё роўна падставілі! Так што і яны ахвяры гэтай сыстэмы!".

І яшчэ адзін допіс:

"Што гэбнюкі становяцца алькаголікамі, таксама магу пацьвердзіць, быў знаёмы. Тое ж самае чакае і судзьдзяў. Гадоў праз 10—20. Абавязкова".

Былы вязень "Штазі" лекуе ня толькі ахвяраў, але і катаў


Як сьведчыць сам доктар Бомбэрг, сёньня досыць цяжка меркаваць аб сапраўднай колькасьці тых грамадзянаў колішняй ГДР, якія займелі сындром ПТСР у выніку палітычнай псыхатраўмы. Далёка ня ўсе з
ПТСР мае спадчынны характар, а таму можа перадавацца дзецям і ўнукам.
былых ахвяраў, а тым больш катаў маюць ахвоту распавядаць пра свае перажываньні. Як чалавек, на чыёй душы катаваньні ў турме "Штазі" зрабілі вельмі цяжкі адбітак, доктар Бомбэрг імкнецца дапамагчы кожнаму, хто зьвяртаецца да яго.

Бомбэрг: "Так. Я лекую катаў, ня толькі ахвяраў. Зразумела, ня ўсіх, у мяне ёсьць свае прафэсійныя межы.

Я з павагай стаўлюся да людзей, якія маюць патрэбу прызнацца. Зразумела, трэба ўбачыць самыя розныя нюансы, чаму менавіта яны хацелі гэта рабіць. Шлях для асэнсаваньня ўсяго мінулага досьведу, каб прымірыцца зь ім, вельмі працяглы. Нават празь дзесяцігодзьдзі злачынцы ў думках будуць вяртацца да сваіх ахвяраў, больш за тое, яны будуць пакутаваць ад навязьлівага жаданьня сустрэцца зь імі. Напрыклад, сярод маіх пацыентаў ёсьць тыя, якія калісьці сачылі за так званымі палітычна ненадзейнымі і дакладалі пра іх. Гэтыя людзі адчуваюць пэўны дыскамфорт ад таго, што ня бачаць тых, за кім сачылі. Пастаянная ўнутраная "жвачка" прыводзіць такога чалавека да, здавалася б, нечаканага: зьяўляецца патрэба папрасіць прабачэньня ў ахвяры. Адзін клясычны прыклад, пра які нават распавядалі па тэлебачаньні: жанчына-настаўніца, якая сачыла за сваімі вучнямі, прагнула сустрэцца зь імі. Сустрэча нарэшце адбылася. Прагучала выбачэньне. Пачуцьцё віны, якое мела гэтая жанчына, стала крокам да прымірэньня як з колішнімі ахвярамі, так і з сабою".

Без пакаяньня "флэшбэкі" робяцца ўсё больш навязьлівымі


Зразумела, нават і пасьля выбачэньня сумленьне можа надалей грызьці чалавека, лічаць псыхіятры. Аднак толькі шчырае пакаяньне дазваляе ўсьвядоміць, што такі досьвед застаўся ў мінулым і не паўторыцца. Горш за ўсё, калі пачуцьцё віны не пераходзіць у пакаяньне, кажа псыхааналітык з Бэрліну.

Так званыя "флэшбэкі" (успышкі мінулых успамінаў) робяцца ўсё больш навязьлівымі. Псыхічны стан ускладняецца саматычнымі разладжаньнямі й захворваньнямі, пераважна з боку нэрвовай, сардэчна-сасудзістай, стрававальнай і эндакрыннай сыстэмаў.

Як мяркуюць швайцарскія адмыслоўцы, сындром ПТСР мае спадчынны характар, а таму можа перадавацца дзецям і ўнукам. Паводле прафэсара Цюрыхскага ўнівэрсытэту Ізабэль Мансуй, у псыхалягічных паводзінах прадстаўнікоў двух і нават трох пакаленьняў было шмат агульнага. І ў бацькоў, і ў дзяцей, і ва ўнукаў назіраліся падобныя ваганьні настрою, раздражняльнасьць, іншыя ўласьцівыя ПТСР прыкметы нэрвовасьці. Што да аналізу крыві, дык і тут у прадстаўнікоў розных пакаленьняў прысутнічаў павышаны ўзровень картызолу — гармону, які выпрацоўваецца чалавекам у стрэсавай сытуацыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG