Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ў Вярхоўным судзе Беларусі пачаўся разгляд скаргі Беларускага Хэльсынскага камітэту да Міністэрства юстыцыі. Праваабаронцы абскардзілі пісьмовае папярэджаньне Мін’юсту ад 12 студзеня. Яно зьявілася пасьля таго, як БХК накіраваў спэцдакладчыку ААН па пытаньнях незалежнасьці судзьдзяў і адвакатаў паведамленьне пра ціск на адвакатаў, якія абараняюць фігурантаў справы аб падзеях 19 сьнежня ў Менску.

У судзе двое прадстаўнікоў Міністэрства юстыцыі спрабавалі давесьці, што праваабаронцы нібыта падалі ў ААН неаб’ектыўныя, непраўдзівыя, няпоўныя зьвесткі, накіраваныя на дыскрэдытацыю праваахоўных органаў і органаў юстыцыі. Да прыкладу, прадстаўнік міністэрства Аляксандар Харытон цьвердзіў, што БХК парушыў закон аб інфармацыі, бо ў лісьце ў ААН зьмяшчаюцца нібыта бяздоказныя цьверджаньні пра фальсыфікацыі выбараў. Маўляў, там інфармацыя пададзеная тэндэнцыйна і, між іншым, не названыя прозьвішчы больш чым 700 чалавек, якія былі затрыманыя ў выніку падзей 19 сьнежня.

«Адзначана, што, цытую, „10-20 тысяч чалавек пратэставалі супраць дзейнага прэзыдэнта і фальсыфікацый падчас прэзыдэнцкіх выбараў“. Пры гэтым у тэксьце заявы на ангельскай мове лічбы выкладзеныя ў наступным выглядзе: 10-20, коска, тры нулі. Паводле правілаў арытмэтыкі неабходна злучэньне лічбаў „20, коска, тры нулі“ чытаць як 20 цэлых нуль тысячных. Такім чынам, поўнасьцю злучэньне лічбаў праз дэфіс неабходна чытаць як „10, дэфіс, 20 цэлых нуль тысячных чалавек“. Іншымі словамі кажучы, згодна гэтай цытаце, ад 10 да 20 чалавек бралі ўдзел у пратэстнай акцыі. У гэтай сувязі заканамерна ўзьнікае пытаньне: пры такой нязначнай колькасьці ўдзельнікаў акцыі адкуль маглі ўзяцца 700 зь лішкам затрыманых?»

Паводле прадстаўніка Мін’юсту, БХК парушае статут, калі, да прыкладу, выкарыстоўвае няпоўную назву альбо стары штамп на адным з капэртаў, дзе няма літары «п». Таксама, паводле чыноўніка, зьвяртацца ў міжнародныя органы могуць грамадзяне, а не юрыдычныя асобы.

Другі прадстаўнік Мін’юсту, спадар Зелянеўскі, спыніўся на пытаньні пазбаўленьня адвакатаў ліцэнзій. Ён заявіў, што, маўляў, няма падставаў казаць, што Мін’юст аказвае ціск на адвакатаў і ўмешваецца ў іх прафэсійную дзейнасьць або падрывае незалежнасьць адвакатуры.

У сваім выступе ў судзе прадстаўнік БХК Гары Паганяйла заявіў у судзе, што адказчык «перакруціў сутнасьць таго, што адбывалася». Таксама ён казаў пра ціск на адвакатаў і парушэньне прынцыпу іх незалежнасьці.

«У нашым паведамленьні выкладаліся дакумэнты, якія таксама вывешваліся на сайце Мін’юсту. Мы зьвярнулі ўвагу найперш на тое, што многія адвакаты не дапускаюцца на спатканьні са сваімі кліентамі для выпрацоўкі сваёй пазыцыі і таго неабходнага, што адвакаты лічаць патрэбным абмеркаваць са сваім кліентам сам-насам. Вось пра гэтую частку парушэньняў Мін’юст нідзе ня кажа».
Такія звароты — гэта нармальная практыка ўзаемаадносінаў паміж няўрадавымі арганізацыямі і спэцдакладчыкамі ААН.

У судзе прысутнічалі прадстаўнікі праваабарончага цэнтру «Вясна», які раней не дамогся ад Мін’юсту рэгістрацыі празь Вярхоўны суд. Старшыня «Вясны» Алесь Бяляцкі адзначае кручкатворства чыноўнікаў Мін’юста, якія самі не выконваюць тыя нормы, якіх патрабуюць ад няўрадавых арганізацый. Бяляцкі адзначае, што тое, як рэагуе Мін’юст на зварот да спэцдакладчыка ААН, — гэта спроба «затыканьня рота няўрадавай арганізацыі».

«У сьвеце цяжка прыгадаць такія выпадкі, бо такія звароты — гэта нармальная практыка ўзаемаадносінаў паміж няўрадавымі арганізацыямі і спэцдакладчыкамі ААН і наагул іншымі структурамі ААН. Мы ацэньваем гэта як перашкоду і абмежаваньне правоў беларускіх грамадзянаў, няўрадавых арганізацый на прадстаўленьне аб’ектыўнай інфармацыі, якую яны лічаць патрэбнай, паводле працэдураў ААН. Гэтая сытуацыя пільна адсочваецца спэцдакладчыкам. Калі гэтая скарга будзе адхіленая і папярэджаньне застанецца, то гэта яшчэ адна нэгатыўная ацэнка пазыцыі беларускага ўраду».

Гэта першае папярэджаньне, якое атрымала БХК цягам году. Наступныя могуць прывесьці да ліквідацыі аб’яднаньня.

Яшчэ на гэтую тэму

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG