Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Асанжы” ці махляры абнародавалі тэлеграмы польскага МЗС?


Радаслаў Сікорскі

Радаслаў Сікорскі

У польскія СМІ патрапілі дакумэнты, якія выдаюцца за перапіску міністра замежных справаў Польшчы Радаслава Сікорскага з прадстаўнікамі польскай амбасады ў Беларусі.

З гэтых папераў, у прыватнасьці, вынікае, што дэманстрацыя апазыцыі ў Менску ў дзень выбараў прэзыдэнта Беларусі 19 сьнежня 2010 г. была прафінансаваная польскімі грашыма, што адпавядае абвінавачваньням, якія былі агучаныя Аляксандрам Лукашэнкам і беларускімі дзяржаўнымі СМІ.

Rzeczpospolita піша (пераклад на беларускую Эўрарадыё), што згодна з гэтай перапіскай, у лістападзе 2010 году Радаслаў Сікорскі аддаў загад, каб амбасада ў Менску з уласных фондаў заплаціла апазыцыйнай арганізацыі "Рух наперад" Уладзімера Някляева 80 тысяч эўра на пасьлявыбарную маніфэстацыю.

Паводле дакумэнтаў, перададзеных газэце невядомай асобай, пасьля выбараў МЗС Польшчы хацеў аказваць уплыў на дзейнасьць беларускай апазыцыі.

"У сувязі з арыштамі апазыцыянэраў амбасадзе варта тэрмінова актывізаваць супрацоўніцтва з Аляксандрам Мілінкевічам. Ён зьяўляецца найбольш прыдатным кандыдатам на пасаду лідэра апазыцыі", – гаворыцца ў адным з дакумэнтаў ад імя міністра Сікорскага.

Зь іншай тэлеграмы вынікае, што Сікорскі аддаў загад амбасадзе разарваць кантакты з прадстаўнікамі Саюзу палякаў Беларусі (СПБ): "Зьвяртаем увагу на неабходнасьць устрымацца ад супрацоўніцтва генэральнага кансуляту ў Берасьці з функцыянэрамі СПБ Анжалікай Борыс і Анджэем Пачобутам. У сувязі зь дзейнасьцю Анджэя Пачобута на шкоду інтарэсам краіны варта адмовіцца ад падтрымкі гэтай асобы", – гаворыцца ў дэпэшы, датаванай 5 студзеня 2011 году.

МЗС Польшчы назваў гэтыя дакумэнты "фальшыўкамі".

Прэсавы сакратар МЗС Польшчы Марцін Басяцкі зрабіў з гэтай нагоды наступную заяву: «Гэты матэрыял распаўсюджваецца ў розных асяродках у Польшчы. Гэтая, так званая карэспандэнцыя паміж Міністэрствам замежных спраў і дыпляматычнымі пляцоўкамі ў Беларусі, зьяўляецца фальшывай, такія дэпэшы ніколі не высылаліся. Дзяржаўныя службы ўжо разглядаюць гэтае пытаньне».

Былы кіраўнік упраўленьня аховы дзяржавы Грамаслаў Чэмпіньскі адзначыў, што знайсьці аўтараў падробак будзе няпроста, ён ня выключыў, што дакумэнты могуць быць напісаныя прафэсіяналамі, зьвязанымі са спэцслужбамі.

Ня выключана, піша Rzeczpospolita, што ў падрыхтоўцы пакета дакумэнтаў удзельнічаў былы супрацоўнік польскага МЗС або дыпляматычнага ведамства іншай дзяржавы, які арыентуецца ў тым, як пісаць так званыя "клярысы" – нешыфраваныя канфідэнцыйныя дэпэшы.

Аднак, адзначае Rzeczpospolita, пакет тэлеграмаў утрымлівае і такія дакумэнты, якія могуць быць і сапраўднымі, напрыклад, візавыя анкеты ўдзельнікаў польскай стыпэндыяльнай праграмы імя Каліноўскага або пералік плянаваных выдаткаў кансулята Польшчы ў Берасьці на працу з палякамі Беларусі. Выданьне адзначае, што гэтыя дакумэнты канфідэнцыйныя: такім чынам, альбо іх выкралі, альбо яны былі атрыманы іншым шляхам.

Польская радыёстанцыя RMF.FM паведаміла, што кіраўнік МЗС Польшчы зьвярнуўся ў Агенцтва ўнутранай бясьпекі, і гэтае ведамства ўжо пачало расьсьледаваньне факту рассылкі дыпляматычнай перапіскі.

На просьбу пракамэнтаваць тую частку дакумэнтаў, якая тычыцца фінансаваньня каманды Ўладзімера Някляева, адзін з кіраўнікоў кампаніі "Гавары праўду" Сяргей Вазьняк адказаў:

“Я нічога ня ведаю пра такую тэлеграму. Мне нічога невядома, каб міністар замежных справаў Польшчы даваў нам нейкія грошы на нешта. І Някляеў мне пра гэта ніколі нічога не казаў, хаця я дастаткова блізкі да яго чалавек, мы ніколі не абмяркоўвалі гэта ў выбарчым штабе.”

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG