Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дачка Бакіева вучыцца разам з унучкамі Лукашэнкі?


Курманбек Бакіеў
Курманбек Бакіеў
Прэзыдэнт Кіргізстану Роза Атунбаева ў інтэрвію тэлеканалу "Эўраньюс" заявіла: паводле яе зьвестак, зрынуты экс-кіраўнік краіны Курманбек Бакіеў па-ранейшаму хаваецца ў Беларусі.

Пры гэтым яна выказала засмучэньне, што запыты аб экстрадыцыі Бакіева, які мае непасрэднае дачыненьне да гвалтоўнага здушэньня выступаў кіргіскай апазыцыі год таму, застаюцца без адказу. У Беларусі месцазнаходжаньне сям'і Бакіева хаваюць, аб прапановах заняць нейкую дзяржаўную пасаду таксама не паведамляецца.

На пытаньне карэспандэнта "Эўраньюс" пра магчымыя захады ў адносінах да Курманбека Бакіева і ягонага бліжэйшага атачэньня Роза Атунбаева адказала: "Ён зараз жыве ў Беларусі, атрымаў там нібыта прытулак. Аднак сёньняшнія падзеі ў Афрыцы дазваляюць глядзець на рэчы зусім інакш. Мы бачым, што дараваньня няма тым, хто дазволіў, даў каманду забіваць іншых людзей".



Курманбек Бакіеў з другой, неафіцыйнай, жонкай і двума малымі дзецьмі 5 і 9 гадоў зьявіўся ў Беларусі летась 19 красавіка, адразу пасьля крывавых падзеяў у Бішкеку ды іншых гарадах гэтай сярэднеазіяцкай краіны. Генэральная пракуратура Беларусі двойчы адмаўляла ў запыце на выдачу Бакіева новым уладам Кіргізстану, матывуючы гэта "адсутнасьцю важкіх прававых падставаў". Пазьней Аляксандар Лукашэнка сказаў, што асабіста запрасіў апальнага кіргіскага лідэра і ўзяў над ім пэрсанальную апеку.

Бакіеў цягам 2010 году наладзіў у Менску дзьве прэсавыя канфэрэнцыі і ў часе адной зь іх аддзячыў беларускаму боку за магчымасьць перачакаць "хаос" у бясьпечным месцы:

"Хачу выказаць вялікую ўдзячнасьць прэзыдэнту Рэспублікі Беларусь, парлямэнту, дэпутаты якога, як я памятаю, нармальна ўспрынялі тое, што Аляксандар Рыгоравіч запрасіў мяне сюды. Таму я зь першых дзён сказаў Аляксандру Лукашэнку: я абузай вам ня буду. То бок пражываньне, харчаваньне — гэта ўсё мы аплачваем самі. Іншымі словамі, зь бюджэту Беларусі альбо зь менскага бюджэту на нас ніводнага рубля не ідзе. Гэта пры жаданьні можна праверыць. Калі ласка, мы можам прад'явіць аплачаныя рахункі".

Пры гэтым Бакіеў ня выключыў, што будзе разглядаць магчымыя прапановы на працаўладкаваньне ў галіне прамысловасьці, паколькі сам усё жыцьцё быў "вытворцам". Пры канцы 2010 году нават зьявіліся чуткі, што экс-прэзыдэнт Кіргізстану атрымаў месца на адным з заводаў абарончага комплексу Беларусі, але ў атачэньні Бакіева гэтыя зьвесткі зьняпраўдзілі.

Месцазнаходжаньне Бакіева і ягоных сямейнікаў хаваецца. Адзін час зьявілася інфармацыя, што кіргізскіх гасьцей Лукашэнкі пасялілі ў адной з запаведных зонаў, аднак існуюць падставы ў гэтым сумнявацца. У прыватнасьці, ёсьць зьвесткі, што 9-гадовая дачка Бакіева вучыцца ў пачатковай школе пры статуснай гімназіі ў менскім мікрараёне Вясьнянка — тамсама, дзе і ўнучкі Аляксандра Лукашэнкі.

Бацькі пачаткоўцаў на ўмовах ананімнасьці расказалі, што леташняй восеньню ў клясе зьявілася дзяўчынка характэрнай азіяцкай зьнешнасьці; да яе была прыкаваная асаблівая ўвага выкладчыкаў, ёю старанна апекаваліся. Пры гэтым яна дрэнна размаўляла па-расейску. Але ў адміністрацыі школы адмовіліся даваць інфармацыю пра сваіх навучэнцаў. Дарэчы, сёлета школьнага ўзросту дасягне і малодшы сын Бакіева.

У службе аховы, прыстаўленай да сям'і Бакіева, на ўсе пытаньні Радыё Свабода адносна адрасу жыхарства і статусу апальнага кіргіскага лідэра абяцалі адказаць пасьля "адпаведнага ўзгадненьня".

Тым часам цяперашняя кіраўніца Кіргізстану Роза Атунбаева ў інтэрвію "Эўраньсюс" пацьвердзіла: новыя ўлады дамагаюцца экстрадыцыі ня толькі Курманбека Бакіева, але і ягонага сына, які хаваецца ў Лёндане, а таксама ягоных братоў, адзін зь якіх узначальваў службу бясьпекі і, словамі Атунбаевай, датычны да ўсіх зьверстваў у краіне.

Разам з тым яна заявіла, што ігнараваньне запытаў аб экстрадыцыі згаданых асобаў выклікае заклапочанасьць. На думку Розы Атунбаевай, такая сытуацыя стала магчымай у тым ліку і таму, што некаторыя асобы з атачэньня Бакіева ўклалі вялікія капіталы (пераважна накрадзеныя) у іншыя дзяржавы, таму беспраблемна атрымліваюць статус уцекача і нават грамадзянства. Праўда, летась у Менску Курманбек Бакіеў абверг чуткі пра тое, што, уцякаючы ад разьюшаных землякоў, прыхапіў з сабой 200 мільёнаў даляраў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG