Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Дзеля таго каб нікому не аддаць уладу, ніякіх грошай не шкада..."


Валянцін Жданко
Валянцін Жданко

Новая перадача сэрыі "Паштовая скрынка 111". Эфір 9 сакавіка 2011 году

У Беларусі працягваюцца судовыя працэсы над арыштаванымі апазыцыйнымі і грамадзкімі актывістамі: удзельнікі сьнежаньскай акцыі пратэсту на плошчы Незалежнасьці ў Менску атрымліваюць працяглыя тэрміны турэмнага зьняволеньня.

На гэту тэму — значная частка пошты "Свабоды".

Наш слухач Васіль Валошка з Радашкавічаў Маладэчанскага раёну, зь ліста якога пачну сёньняшнюю размову, зьвярнуў увагу на тое, што ў краіне частымі сталі выпадкі, калі адвакаты адмаўляюцца абараняць палітычных абвінавачаных. А тыя, хто не адмаўляецца, зазнаюць перасьлед і нават пазбаўляюцца права на працу — як гэта здарылася нядаўна з адвакатам Паўлам Сапелкам. Васіль Валошка з гэтай нагоды піша:

"У нас усё і ўсе прасякнутыя страхам. Натуральна, што і адвакаты таксама баяцца страціць працу. Гэта ж і адбываецца ва ўсіх на вачах, калі нязручных для ўлады адвакатаў пазбаўляюць ліцэнзіяў.

А цяпер — адносна прысуду аднаму з арыштаваных за Плошчу — Парфянкову. Гэта ж сьмеху варта. "Павесілі" на яго вялізную шкоду, якую ён нібыта нанёс дзяржаве — 14 мільёнаў рублёў.

Лукашэнка часта любіць у адказ на папрокі на свой адрас прыводзіць прыклады, як разганяюць дэманстрантаў у іншых краінах, у тым ліку эўрапейскіх. Маўляў, там ужываюць і газ, і вадамёты. А ў Беларусі гуманныя — толькі дубінкамі косьці крышаць...

Дык вось, многія памятаюць, як некалькі гадоў таму ў Францыі адбываліся масавыя пратэсты супраць увядзеньня кантрактнай сыстэмы для маладых спэцыялістаў. Колькі машын на вуліцах тады было спалена, колькі вітрын разьбіта... І там нікога не пасадзілі на 4 гады... А калі б у нас адбылося тое, што ў Францыі? Ды Лукашэнка з Куляшовым танкі супраць дэманстрантаў пусьцілі б,— піша ў сваім лісьце на "Свабоду" Васіль Валошка. — Колькі цяпер улада марнуе грошай на сьледзтва ў гэтай палітычнай справе! Аднаго толькі Някляева ў ягоным жа доме ахоўваюць сама меней 6 "кадэбістаў" — па два чалавекі за зьмену. Там, канечне, не шарагоўцы, а афіцэры з заробкам не ніжэй за 3 мільёны. Вось і лічым: на такую ахову дзяржава марнуе зь бюджэту за месяц 18 мільёнаў рублёў. А яшчэ ж сродкі сувязі, транспарт ды многае іншае... Вось дзе сапраўдная шкода дзяржаве. Тым ня менш скарачаць улада зьбіраецца не спэцслужбы, а мэдыкаў ды настаўнікаў. Яно і зразумела: дзеля таго каб нікому не аддаць уладу, ніякіх грошай не шкада"
.

Адносна вашай, спадар Васіль, заўвагі пра тое, што Лукашэнка і Куляшоў пры такіх беспарадках, як у Францыі, маглі б і танкі супраць апазыцыі пусьціць. Аляксандар Лукашэнка два тыдні таму пацьвердзіў: пры пэўных умовах ён гатовы кінуць войскі супраць дэманстрантаў. Прагучала гэтая заява якраз у той час, калі ў іншай частцы сьвету — у Паўночнай Афрыцы — лібійскі дыктатар кінуў танкі і самалёты супраць свайго народу, якому дарэшты надакучыла 40-гадовая дыктатура. Ну, і ці дапамагла Муамару Кадафі тая армія? Салдаты і афіцэры масава адмаўляюцца страляць у свой народ, пераходзяць на бок паўстанцаў. Злачынствы дыктатара выклікалі абурэньне ва ўсім сьвеце: ён апынуўся ў міжнароднай ізаляцыі і сваімі крывавымі загадамі толькі прысьпешвае ўласны бясслаўны канец.

Праўда, на беларускіх дзяржаўных каналах антыдыктатарскія рэвалюцыі, што адбываюцца цяпер у арабскім сьвеце, асьвятляць забаронена.

Тэма палітычных рэпрэсіяў турбуе і нашага слухача Віктара Макарэвіча зь вёскі Няровы Валожынскага раёну. У сваім лісьце на "Свабоду" ён піша:

"Наш прэзыдэнт надта зацыкліўся на праблеме той сьнежаньскай акцыі апазыцыі, што адбылася на плошчы Незалежнасьці. Маўляў, наладзілі апазыцыянэры пагром, а яшчэ хочуць, каб іх прызнала ўлада... А пра тое, што сам Лукашэнка ў свой час разагнаў Вярхоўны Савет, пакінуўшы ў ім толькі ляяльных да сябе дэпутатаў — пра гэта ніколі ні слова. Разьлік, відавочна, на недалёкага абываталя.

І што за выбары былі ў нас? Хто сачыў, як на іх лічылі галасы? Чаму не дапусьцілі ў камісіі апазыцыю, чаго баяліся? Любому неперадузятаму чалавеку зразумела, што махлярства ў такіх умовах вельмі нават магчымае.

Словам, Лукашэнку можа задаволіць толькі такая апазыцыя, якая б была паслухмянай яму, падтаквала б усім ягоным словам. І ўсё ж, думаю, рана ці позна людзі зразумеюць, што самастойная, незалежная апазыцыя нам вельмі патрэбная — нават у межах тых недасканалых законаў, якія дзейнічаюць сёньня. Безь яе палітычнае жыцьцё застойваецца, ператвараецца ў балотную твань, якая марудна загнівае і не дае прабіцца ніякай жывой сьвежай плыні. А ўвогуле, нам даўно пара цалкам мяняць палітычнае кіраўніцтва дзяржавы: цяперашняе зусім "акасьцянела
"

Яшчэ зусім нядаўна ў шмат каго і ў Беларусі, і на Захадзе былі спадзяваньні на тое, што прыкметы мінулагодняй палітычнай лібэралізацыі — гэта ўсур'ёз і надоўга, што аўтарытарны рэжым можна ачалавечыць і трансфармаваць з дапамогай саступак, кампрамісаў, угавораў і шчодрай фінансавай дапамогі... Падзеі апошніх некалькіх месяцаў паказалі, што ўсе гэтыя надзеі былі марныя. Але яшчэ ніводзін у гісторыі таталітарны правіцель у Эўропе не прывёў свой народ да росквіту і дабрабыту. А імкненьне любым коштам утрымаць у адных руках уладу прыводзіла шматгадовых незьмяняльных лідэраў да сумнага фіналу. Дзіўна, але, нават ведаючы гэты шматкроць паўтораны досьвед, кожны наступны дыктатар чамусьці спадзяецца, што ён стане выключэньнем з такога правіла.

Будаўніцтва атамнай электрастанцыі, якое пачалося ў Беларусі, турбуе нашага слухача Аляксандра Плецюхова зь Лельчыцаў. У сваім лісьце на "Свабоду" ён піша:

"Хацелася б, каб гэтая АЭС будавалася пад кантролем міжнародных арганізацый, кампэтэнтных экспэртаў. А інакш што атрымаецца — Бог ведае. Бо што насамрэч адбылося з Чарнобылем, чаму ён выбухнуў? Чытаю, як гэта тлумачаць сёньняшнім школьнікам. Вось цытата з падручніка, з разьдзела "Радыяцыйная бясьпека": "Выбух здарыўся з прычыны няправільнага кіраваньня на адным з рэактараў. У гэтага рэактара не было надзейных сьценак". Вунь яно як! Значыць, памылкі былі дапушчаныя яшчэ на этапе праектаваньня і будаўніцтва.

Хацелася б, каб гэтая праблема ўсебакова абмяркоўвалася нашай грамадзкасьцю, каб не паўтарылі памылак мінулага. Але пакуль што навіны на беларускім дзяржаўным тэлебачаньні падобныя да гіпнатычнага сэансу, падчас якога ладная частка гледачоў знаходзіцца ў трансе"
.

Падчас нядаўняй нарады з новымі міністрамі Аляксандар Лукашэнка загадаў неадкладна прысьпешыць працы на будаўніцтве Беларускай АЭС — нягледзячы на тое, што канчаткова ня вырашаны праблемы ні з праектам, ні з інвэстарам, ні з унутранымі крыніцамі фінансаваньня. Мяркуючы па тым, што ад Беларусбанку запатрабавана на гэтую будоўлю паўтара мільярда даляраў крэдытаў — спадзевы на тое, што праект цалкам будзе аплочаны звонку, марныя. Пакуль што з высокай ступеньню верагоднасьці можна меркаваць толькі пра тое, што праект будзе расейскі (а значыць, ствараць яго будуць тыя ж інстытуты, якія ў свой час спраектавалі Чарнобыль) і што грошай на гэтую будоўлю будзе хранічна не хапаць. Як і на чым у гэтай сытуацыі будуць эканоміць і якім чынам гэта адаб’ецца на канчатковай якасьці аб’екта і на ягонай бясьпецы — можна толькі здагадвацца.

І на заканчэньне — ліст ад нашага даўняга сябра і аўтара Кастуся Сырэля з Ушачаў, зь Віцебшчыны, які ў сваім новым лісьце разважае пра сямейныя рэліквіі, пра каштоўнасьці сапраўдныя і ўяўныя. Слухач піша:

"У кожнай сям’і ёсьць запаветная скарбонка, або кардонная скрынка ад цукерак, або адмысловая шуфлядка ў трумо, дзе захоўваюцца розныя сямейныя рэліквіі — пярсьцёнкі, пацеркі, нагрудныя знакі, часам мэдалі ці нават ордэны. Ёсьць такая скарбонка і ў нашай сям’і. Ордэнаў там, праўда, няма, затое ёсьць два залатыя мэдалі аб заканчэньні сярэдняй школы. Адзін калісьці атрымаў сын, другі — дачка. Вось што я хацеў бы расказаць пра гэтыя сямейныя рэліквіі.

Сын скончыў школу ў памятным 1991-м годзе, акурат перад ГКЧП, незадоўга да распаду СССР. На адным баку ягонага мэдаля — выява гербу БССР, на другім — разгорнутай кнігі. Зразумела, што мэдаль на самой справе не залаты, а толькі пазалочаны. Танюсенькі, у некалькі мікрон, пласт шляхетнага мэталу, нанесены гальванічным шляхам, захаваў мэдаль у першапачатковым выглядзе: ён зіхаціць як новенькі. Дачка скончыла школу праз 11 год, у 2002-м. Год той таксама вельмі памятны, хоць і не для краіны, а толькі для маёй сям’і. Па-першае, дачка скончыла школу і пасьпяхова здала ўступныя іспыты адразу ў дзьве ВНУ. Па-другое, сына запрасілі на працу ў ЗША, і восеньню 2002-га ён зьехаў туды з маладой жонкай, маленькай дачкой і дзьвюма валізамі, — піша ў сваім лісьце на "Свабоду" Кастусь Сырэль з Ушачаў. — За некалькі год працы ў Беларусі высьветлілася, што Радзіме ён са сваім залатым мэдалём і чырвоным дыплёмам інжынэра-праграміста ня надта патрэбны.

Залаты мэдаль, які атрымала дачка, адрозьніваецца ад сынавага, і ня толькі выявамі (на адным баку — лукашэнкаўскі герб, на другім — разгорнутая кніга і сонца). Мэдаль гэты спачатку таксама быў прыгожы і бліскучы. Але даволі хутка мэтал, зь якога ён быў зроблены, пачаў блякнуць і пакрывацца зеленаватымі, бурымі ды карычневымі плямамі. Стала відаць, што ніякай пазалотай там і ня пахне, што гэта звычайная бронза.

Спачатку я хацеў як-небудзь пазалаціць мэдаль сам. Але, разгарнуўшы рэцэптурны даведнік па хіміі, высьветліў, што для гэтага патрэбныя дэфіцытныя і нават небясьпечныя рэчывы — напрыклад, цыяністы калій.

І я вырашыў пакуль пакінуць усё так, як ёсьць. Як напамін пра фальш, цынізм і бессаромнасьць лукашэнкаўскай улады, пра скрадзеную ёй макулінку золата. Хай яны падавяцца і той макулінкай, і тым зэканомленым цыяністым каліем"
.

У школьных залатых мэдалёў — адметная гісторыя. Упершыню іх увялі для адзначэньня найлепшых выпускнікоў гімназій у царскай Расеі — і тады мэдалі выраблялі з чыстага золата 990-й пробы: 26 грамаў. Чыноўнікі ад савецкай адукацыі каштоўны мэтал вырашылі заашчадзіць: золата ў мэдалі пакінулі толькі траціну. Такім школьны мэдаль заставаўся до 1957 году, калі і гэтага золата чыноўнікам падалося зашмат. Засталася толькі пазалота — 0,3 грама.

У Беларусі лукашэнкаўскай, як відаць зь ліста Кастуся Сырэля, эканомія даведзена да вышэйшай ступені: золата ў так званым "залатым" мэдалі не пакінулі ўвогуле.

А вось, напрыклад, у суседняй Расеі выпускнікам-выдатнікам па-ранейшаму выдаюць пазалочаныя мэдалі.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на "Свабоду". З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма "Паштовая скрынка 111" выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG