Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Вайсковыя сілы Муамара Кадафі задзейнічалі танкі, авіяцыю і ракеты для нападаў на гарады, якія кантралююць паўстанцы. Апазыцыя патрабуе адстаўкі лібійскага лідэра, які кіруе краінай 41 год.

Зь Лібіі паведамляецца пра інтэнсіўныя баі ў Завіі, найбліжэйшым горадзе ад сталіцы краіны Трыпалі, які захапілі паўстанцы. Мясцовыя жыхары цьвердзяць, што больш як 50 танкаў з вайскоўцамі Кадафі наступаюць на горад.

Лібійскія ўлады ўжо заявілі, што амаль цалкам кантралююць горад Завія.

Урадавая авіяцыя абстрэльвае пазыцыі паўстанцаў вакол гарадоў Рас-Лануф і Бін-Джавад. Гэта два стратэгічна важныя гарады на Міжземнамор’і на ўсходзе Лібіі, дзе паўстанцы трымаюцца найбольш моцна.

У Страсбуры дэлегацыя лібійскай апазыцыі сустрэлася з вышэйшай кіраўніцай ЭЗ у пытаньнях замежнай палітыкі Кэтрын Эштан, а пазьней сёньня плянуецца выступ прадстаўнікоў лібійскіх паўстанцаў перад Эўрапейскім парлямэнтам.

Махмуд Джэбрыл, кіраўнік крызыснага камітэту Нацыянальнай Рады Лібіі, сказаў, што Эўразьвяз мае прызнаць Раду ў якасьці легітымнага прадстаўніка лібійскага народу.

Калі прэзыдэнт ЗША Барак Абама і прэм'ер-міністар Вялікай Брытаніі Дэвід Кэмэран абмяркоўвалі сытуацыю ў Лібіі, яны пагадзіліся на неабходнасьці неадкладнай адстаўцы Муамара Кадафі. Абама і Кэмэран адзначылі, што не выключаюць магчымасьць стварэньня над Лібіяй зоны, свабоднай ад палётаў.

Раней дзяржсакратар ЗША Гілары Клінтан падкрэсьлівала, што пытаньне аб любым вайсковым умяшальніцтве ў лібійскія падзеі павінна вырашаць Рада Бясьпекі ААН.
XS
SM
MD
LG