Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цыганкоў: "Апазыцыі варта аб'явіць часовы мараторый на высьвятленьне адносінаў"


Віталь Цыганкоў

Віталь Цыганкоў

За апошнія дні вялікі рэзананс атрымалі некаторыя заявы былога кандыдата ў прэзыдэнты Рыгора Кастусёва. У прыватнасьці, 6 сакавіка ў Гомелі на зьезьдзе абласной арганізацыі Партыі БНФ былы кандыдат у прэзыдэнты заявіў, што падчас выбарчай кампаніі ад аднаго з кандыдатаў у прэзыдэнты яму паступіла прапанова зьняць кандыдатуру за пэўную плату -- 100 тысяч даляраў. Кастусёў таксама сьцьвярджаў, што галоўны рэдактар газэты "Народная воля" Іосіф Сярэдзіч сказаў яму, што за грошы гатовы апублікаваць станоўчы артыкул пра Кастусёва. Камэнтуе аглядальнік Радыё Свабода Віталь Цыганкоў.

Які водгук атрымалі гэтыя выказваньні Кастусёва і як іх можна ацаніць?


Цыганкоў: Якія б мэты ня ставіў Рыгор Кастусёў, калі выступаў са сваімі заявамі, вынікам іх стала далейшае нарастаньне супярэчнасьцяў унутры беларускай апазыцыі. Шчыра кажучы, такія рэчы амаль заўсёды здараюцца пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, калі ідзе "разбор палётаў" і перафарматаваньне апазыцыйных структураў і кааліцый. Але цяпер гэта адбываецца неяк па асабліваму гучна і скандальна, да таго ж занадта рана -- на фоне таго, што некаторыя лідэры апазыцыі застаюцца за кратамі.

На многіх шэраговых прыхільнікаў дэмакратычных сілаў апошнія раздоры ў шэрагах апазыцыі пакідаюць моцнае нэгатыўнае ўражаньне, павялічваюць іхнюю апатыі і расчараваньне. Аб'ектыўна гэта толькі ўзмацняе пэсымістычныя настроі ў дэмакратычным электараце, бо акрамя нешматлікіх прыхільнікаў канкрэтных рухаў і палітыкаў, вельмі многія людзі выступаюць проста за альтэрнатыву існуючай уладзе, і публічныя сваркі адштурхоўваюць такіх людзей ад апазыцыі і ўвогуле ад палітыкі.

На вашую думку, наколькі аб'ектыўныя гэтыя супярэчнасьці ўнутры дэмакратычнага лягеру, ці не прыклалі тут руку і зьнешнія сілы, у прыватнасьці, спэцслужбы і іншыя структуры ўлады.

Мне здаецца, узровень падазронасьці і я б сказаў, шпіёнаманіі ўнутры дэмакратычнага асяродку зараз зашкальвае. Ён заўсёды быў высокім, але апошнія тыдні, бадай, не засталося ніводнай асобы ў апазыцыйным лягеры, якую б не абвінавацілі ў супрацоўніцтве з рэжымам ці нават са спэцслужбамі. На форумах у інтэрнэце любога палітыка могуць абазваць агентам улады, любы крок, нават самы мужны, будзе раскрытыкаваны. Цалкам дапускаю, што ў такіх дыскусіях актыўна бяруць удзел і ананімныя прадстаўнікі спэцслужбаў, якія раней распаўсюджвалі чуткі і запускалі пэўныя меркаваньні ў грамадзкім транспарце, а цяпер выкарыстоўваюць для гэтага і інтэрнэт.

Мяркую, што існуе мэтанакіраваная палітыка ўлады, накіраваная супраць адзінства дэмакратычных сілаў, для гэтага выкарыстоўваюцца як фармальныя, гэтак і нефармальныя мэтады. Думаю, нездарма ў тым ліку ўлады адных абвінавачаных у справе 19 сьнежня выпусьцілі, іншых трымаюць. Калі ў грамадзтва няма прамых адказаў на пытаньні, зьяўляюцца плёткі і чуткі, у такую глебу лягчэй укінуць любое абвінавачваньне.

Мне здаецца, на сёньняшнім цяжкім эмацыйным фоне апазыцыйным сілам варта было б аб'явіць мараторый на звадкі і высьвятленьне адносінаў, хаця б за заканчэньня судовых працэсаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG