Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Сэрбіі: далучэньне да санкцыяў ЭЗ не адаб’ецца на простых грамадзянах


Сэрбія падтрымлівае рэзалюцыю Эўразьвязу пра ўвядзеньне санкцыяў у дачыненьні беларускіх службовых асобаў, аднак гэта не азначае спыненьня двухбаковых адносінаў, заявіла Міністэрства замежных спраў Сэрбіі. Пра гэта паведамляе Бела ПАН.

У заяве МЗС краіны гаворыцца, што Сэрбія падтрымала рашэньне ЭЗ, «кіруючыся ўласнымі інтарэсамі і эўрапейскімі каштоўнасьцямі». Эўразьвяз заклікаў Сэрбію зрабіць гэты крок, паколькі краіна зьяўляецца патэнцыйным кандыдатам на ўступленьне ў ЭЗ. «Прымаючы рашэньне аб далучэньні да дэклярацыяў ЭЗ, Рэспубліка Сэрбія кіруецца перш за ўсё нацыянальнымі інтарэсамі», — падкрэсьлівае сэрбскае МЗС.

Зьнешнепалітычнае ведамства Сэрбіі адзначае, што будуць уведзеныя пэўныя прававыя працэдуры на нацыянальным узроўні. Рашэньні пра абмежавальныя захады ў дачыненьні да беларускіх чыноўнікаў павінны прыняць адпаведныя міністэрствы. Аднак абмежавальныя захады ня тычацца простых грамадзянаў, адзначаецца ў дакумэнце.

Паміж Сэрбіяй і Беларусьсю дзейнічае бязьвізавы рэжым (пры ўмове знаходжаньня да 30 дзён).

У сакавіку 2009 году Аляксандар Лукашэнка, на якога распаўсюджваюцца санкцыі ЭЗ, правёў у Сэрбіі адпачынак. У 1999 годзе Лукашэнка наведаў Бялград падчас бамбардзіровак НАТО і сустрэўся з тагачасным прэзыдэнтам краіны Слабаданам Мілошавічам, якога потым асудзіў Гаагскі трыбунал.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG