Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.

БЕЗ АПАДКАЎ, АЛЕ МЕСЦАМІ З АБЛІВАХАЮ…


Удзень ад мінус 1°С на ўсходзе да плюс 6°С на захадзе.

НЕ ПРАХОДЗЬЦЕ МІМА:


Вышэйшы гаспадарчы суд мае працягнуць разгляд пазоваў “Аўтарадыё” да Міністэрства інфармацыі і камісіі па тэлебачаньні і радыёперадаваньні. “Аўтарадыё” дамагаецца прызнаньня несапраўдным папярэджаньня Міністэрства інфармацыі і аспрэчвае рашэньне аб спыненьні свайго эфіру.

Выстава жывапісу і графікі Аляксандра Ісачова (1955 – 1987) з прыватнай калекцыі (Менск, вялікая заля Музэю сучаснага выяўленчага мастацтва, пр. Незалежнасьці, 47, 17.00).

Сьвяточны канцэрт фальклёрнай групы “Купалінка” (Менск, вялікая заля Белдзяржфільгармоніі, 19.00).

ТАМ, ДЗЕ НАС НЯМА:


У Лісабоне прысягу прыме пераабраны ў студзені на другі тэрмін прэзыдэнт Партугаліі Анібал Антоніу Каваку Сылва.

У Дубліне парлямэнт новага скліканьня зьбярэцца на першае паседжаньне, падчас якога будзе прызначаны прэм’ер-міністар і чальцы ўраду Ірляндыі.

У ЗША заплянавана прызямленьне шатла “Дыскавэры”.

ЁСЬЦЬ НАГОДА:


Усясьветны дзень дыджэя.

У ГЭТЫ ДЗЕНЬ:


У 1918 годзе Выканаўчы камітэт Рады Ўсебеларускага зьезду прыняў Другую ўстаўную грамату. Беларусь абвясьцілі Беларускай Народнай Рэспублікай – дэмакратычнай, парлямэнцкай і прававой дзяржавай. Заканадаўчая ўлада ў БНР перадавалася Радзе Ўсебеларускага зьезду, а выканаўчая – Народнаму сакратарыяту Беларусі. Абвяшчалася нацыяналізацыя зямлі, яе нетраў, лясоў і азёр.

У 1814 годзе нарадзіўся ўкраінскі пясьняр Тарас Шаўчэнка.

У 1883 годзе нарадзіўся Францішак Аляхновіч – беларускі драматург, адзін з стваральнікаў новага нацыянальнага тэатру.

У 1890 годзе нарадзіўся Вячаслаў Молатаў – савецкі кіраўнік, апошні з кагорты Сталіна. Будучы міністрам замежных справаў СССР, Молатаў падпісаў разам зь міністрам замежных справаў Нямеччыны Рыбэнтропам сумнавядомы пакт і сакрэтныя пратаколы да яго.

У 1934 годзе нарадзіўся Юры Гагарын – першы ў сьвеце касманаўт. Цікава, што ўраджэнец Смаленшчыны Гагарын на памяць расказваў запомнены зь дзяцінства верш Янкі Купалы “Хлопчык і лётчык”. У космасе ён адзін раз абляцеў Зямлю і прабыў у цэлым 108 хвілінаў – ад узьлёту да пасадкі.

МІНУС 365:


Год таму на сайце “Свабоды”: “Януковіч: Дзяржаўнай будзе толькі ўкраінская мова”.

ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:


“І мне часам прыходзіць на дум, ці запраўды ў факце існаваньня бальшавізму няма чагосьці “патустароньняга”, бо, глянуўшы на гэтыя шапкі, на гэтыя чырвоныя зоркі, я перажываю містычны страх, нібы я спаткаўся з чортам...”
Францішак Аляхновіч.
XS
SM
MD
LG