Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што будзе, калі Кадафі пераможа?


Такое пытаньне ставіць у Wall Street Journal журналіст Брэт Стывэнс. Ён выступае за тое, каб ЗША ўсталявалі над Лібіяй зону, забароненую для палётаў, пакуль ня позна.

Прапануем вам тэкст публікацыі.

Вышэйшыя ўрадаўцы і аглядальнікі газэт, ці варта ЗША і іх саюзьнікам пайсьці на ваеннае ўмяшальніцтва ў Лібіі, у прыватнасьці, усталяваць зону, забароненую для палётаў. Але гэта няправільнае пытаньне. Правільнае пытаньне: што будзе, калі Кадафі пераможа?

Такая магчымасьць ужо не здаецца неверагоднай, калі палкоўнік і яго прыхільнікі ўтрымалі кантроль над Трыпалі і пачалі наступ на пазыцыі паўстанцаў. Грамадзтва, такое запалоханае, як лібійскае, захоўвае жахлівы страх перад дыктатарам нават у момант яго слабасьці. Многія лібійцы будуць прыгадваць, як Садам Хусэйн здушыў курдскае і шыіцкае паўстаньні ў сакавіку 1991 году. Яны могуць прыгадаць, як адміністрацыя Буша тады стаяла ўбаку, калі Садам зьнішчаў сваіх апанэнтаў. Дарэчы, цяперашні праціўнік усталяваньня над Лібіяй зоны, забароненай для палётаў, міністар абароны Робэрт Гейтс, тады быў намесьнікам дарадцы прэзыдэнта ЗША па нацыянальнай бясьпецы.

Што адбылося тады, зьяўляецца адной з самых змрочных старонак найноўшай гісторыі. Каля 60 тысяч іракцаў былі забітыя падчас здушэньня паўстаньня. Два мільёны чалавек зьбеглі з краіны. Ірацкаму народу давялося яшчэ больш за 10 гадоў жыць пры Садаму. ЗША патрацілі мільярды даляраў на ўтрыманьне забароненай для палётаў зоны, якая была ўсталяваная запозна. Вайна, дзякуючы якой Садам усё ж быў скінуты, каштавала вялікай колькасьці жыцьцяў, у тым ліку і жыцьцяў 4 тысяч амэрыканцаў.

Азіраючыся назад, варта адзначыць, што ўсяго гэтага можна было б пазьбегнуць, калі б ЗША не далі магчымасьці Садаму выкарыстоўваць баявыя верталёты ў вырашальны момант паўстаньня. Дык чаму б прэзыдэнту Абаму не пайсьці на такую, адносна невялікую рызыку ў аналягічнай сытуацыі ў Лібіі? Няўжо ён думае, што яму патрэбны дазвол ААН? На жаль, ён відаць так і думае.

Калі канфлікт у Лібіі ператворыцца ў зацяжную грамадзянскую вайну, гэта будзе азначаць больш забойстваў, больш бежанцаў і нават павышэньне коштаў на энэрганосьбіты. І калі Кадафі пачынае мець посьпех у наступу на пазыцыі паўстанцаў, іх сьмеласьць можа зьмяніцца панікай і скончыцца поўнай паразай.

І што будзе потым? Ці будуць ЗША дамагацца ўсталяваньня забароненай для палётаў зоны ў выпадку, калі ваенна-паветраныя сілы Кадафі пачнуць масава забіваць цывільных лібійцаў, як гэта рабіў Садам 20 гадоў таму?

Было б вялікім палітычным і маральным грахом не рабіць гэтага. Але які сэнс адмаўляцца рабіць гэта зараз, калі такое рашэньне магло б дапамагчы вырашыць лёс Кадафі, і быць гатовымі зьмяшацца пазьней, калі гэта па сутнасьці ня зможа затупіць меч ягонай помсты?

Прэзыдэнт Абама можа таксама лічаць, што калі Кадафі пераможа, то ён пашле ясны сыгнал іншым блізкаўсходніх дыктатарам, што ім давядзецца плаціць за сваю бязьлітаснасьць.

Але што тычыцца туніскага лідэра Бэн Алі ды эгіпецкага Мубарака, то яны як раз захавалі пэўныя рэшткі сумленьня, і існавала мяжа, за якую яны не пераходзілі, каб утрымаць уладу. Пры гэтым, трэба шчыра сказаць, яны былі не зусім ужо ня вартыя падтрымкі з боку Захаду.

І выснова, якую зробяць зь іх лёсу Асад у Сірыі і Хамэнэі ў Іране – што за ўладу трэба трымацца ўсімі сродкамі, у тым ліку, калі неабходна, і вайсковымі.

Гэта зусім ня той урок, які амэрыканская адміністрацыя хацела б даць рэгіёну. У цяперашні пэрыяд паўстаньняў у арабскім сьвеце найлепш для ЗША было б, каб антыамэрыканскія дыктатуры адчувалі ціск, а праамэрыканскія сур'ёзна паставіліся да рэальных рэформаў. Тады, як мінімум, можна было б спадзявацца, што хаця мы і згубім частку традыцыйных саюзьнікаў, мы можам набыць новых сяброў.

Але калі Кадафі пераможа, мы можам атрымаць дакладна супрацьлеглы вынік – мы згубім сяброў, падтрымаем ворагаў і прымусім новыя рэжымы глыбока задумацца, якія перавагі ім нясе саюз з Амэрыкай, якая сама ня ведае, чаго хоча.

Аднак гэта нават ня самае горшае. Шыіты Іраку ня хутка прабачылі тое, што яны палічылі здрадай Амэрыкі, калі Джордж Буш у 1991 годзе залікаў іх “ўзяць справу ў свае рукі”, а потым кінуў на волю лёсу. Гэтак жа эгіпцяне зараз зусім не ўражаныя палітыкай адміністрацыі Абамы пасьля іх паўстаньня.

Што скажуць лібійцы пра ЗША, калі Амэрыка і іх кіне на волю жорсткага лёсу? І якое пасланьне атрымае іранская апазыцыя, самая ўплывовая ў рэгіёне?

Зразумела, застаецца верагодным, што лібійскія паўстанцы ізноў перахопяць ініцыятыву і лёс Кадафі і ягоных паплечнікаў будзе такім, якога яны заслугоўваюць. Адміністрацыя ЗША відаць прытрымліваецца думкі, што для саміх лібійцаў будзе лепш, калі яны вызваляць сябе самі і не павінны будуць нікому дзякаваць за вызваленьне. Пэўная рацыя ў гэтым ёсьць.

Але ў момант, калі больш чым будучыня Лібіі і бясьпека яе народу вызначаецца ваенным балянсам, спадар Абама пакідае ставіць на выпадковасьць. Ён спадзяецца, што яму пашанцуе. А які плян, калі не?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG