Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анатоль Лябедзька даслаў жонцы з турмы верш


Наста Палажанка адзначыла асаблівую ролю жанчын у дэмакратычным руху Беларусі. Сярод тых, хто перадаў кветкі Ірыне Халіп — экс-сьпікер Вярхоўнага Савету Станіслаў Шушкевіч. Марына Фядута разам з Аляксандрам Фядутам чытаюць вершы Мандэльштама. Анатоль Лябедзькі павіншаваў жонку з 8 сакавіка вершам.

Намесьніца старшыні «Маладога фронту» Наста Палажанка — сярод 10 жанчын з розных краін сьвету, якім у Вашынгтоне 8 сакавіка дзяржсакратар ЗША Гілары Клінтан ўручыць прэміі за мужнасьць. Аднак сама Наста прэмію атрымаць сёньня ня зможа, паколькі ёй забаронены выезд за мяжу — актывістка знаходзіцца пад падпіскай пра нявыезд, да таго ж пасьля арышту 20 сьнежня і утрыманьня ў СІЗА КДБ цягам амаль двух месяцаў ёй так і не вярнулі пашпарт. Наста кажа, што ў Беларусі жанчыны адыгрываюць асаблівую ролю ў змаганьні за дэмакратыю: часта ў сем’ях яны больш актыўныя і прынцыповыя, ім, як і мужчынам, даводзіцца зьведваць за сваю актыўнасьць рэпрэсіі ад уладаў. Што да прэміі за мужнасьць, якую ёй прысудзілі ў Вашынгтоне, Наста Палажанка не ўспрымае яе выключна паводле гэндэрнай прыкметы.

«Для мяне гэтая прэмія — найперш удзячнасьць усім тым людзям, якія выйшлі 19 сьнежня на плошчу, гэта гонар за маіх сяброў маладафронтаўцаў: Зьмітра Дашкевіча, Уладзя Яроменка, Алеся Кіркевіча, Паўла Севярынца, Эдуарда Лобава — за ўсіх, хто яшчэ застаецца за каратамі. І безумоўна, калі гэта прэмія прысуджаецца жанчынам, я не магу не адзначыць мужных Ірыну Халіп і Натальлю Радзіну, зь якімі я была ў турме разам. Таму гэтая прэмія — наша агульная, я не лічу яе пэрсанальна маёй прэміяй».

Наста Палажанка
Андрэй Саньнікаў, Даніла Саньнікаў, Ірына Халіп
Натальля Радзіна
Анатоль Лябедзька
Зьміцер Бандарэнка
Аляксандар Фядута
Ірыне Халіп сёньня перадалі шмат кветак. Журналістцы, якую улады трымаюць пад хатнім арыштам, людзі жадаюць новых сілаў дзеля пераадоленьня жыцьцёвых цяжкасьцяў. Маці журналісткі Люцына Юр’еўна расказала:

«Шмат знаёмых прыносілі кветкі, а таксама і незнаёмыя людзі перадавалі віншаваньні. Сярод тых, хто прынёс кветкі, быў і Станіслаў Шушкевіч. Пачуваецца Ірына нармальна, і Данік таксама. Настрой такі, што трымаемся. Канечне, вельмі цяжка, што сёньня Андрэй ня з намі. Гэта найперш для Ірыны цяжка, але і для ўсіх нас».

8 сакавіка Андрэю Саньнікаву споўнілася 57 год. Бацькі Ірыны Халіп, як і маці вязьня Ала Ўладзімераўна, адправілі яму ў вязьніцу віншавальныя тэлеграмы. «Мы напісалі, што верым і спадзяёмся, што гэта апошні ягоны дзень народзінаў, калі мы ня разам», — паведаміў Уладзімер Халіп.

Натальля Радзіна, як шмат хто з сучасных маладых жанчын, да 8 сакавіка ставіцца стрымана:

«Канечне, гэта больш сьвята нашых матуль, я гэты дзень сьвяточным не лічу».

Натальля павіншавала з 8 сакавіка сваю маму Надзею Радзіну ды іншых сваячніц. І сёньня, у выходны, журналістка Натальля Радзіна працягвае пільна сачыць за падзеямі ў краіне і сьвеце.

Жонка лідэра АГП Анатоля Лябедзькі Сьвятлана 8 сакавіка выправілася ў вандроўку — трэба наведаць бацькоў Анатоля, якія жывуць у Стаўпецкім раёне, каб усіх павіншаваць са сьвятам. Паводле Сьвятланы, жаночы дзень у іх сям’і адзначаюць на ўзроўні кветак і невялікіх падарункаў. Гэтым разам іншая сытуацыя, але Анатоль усё ж знайшоў зь яе выйсьце:

«Муж даслаў з турмы мне верш, які сам напісаў. Вось такі падарунак. І мне гэты падарунак даражэй за кветкі, духі ці іншае. Ведаю, што раней, у пэрыяд рамантычных заляцаньняў, пісаў вершы, а потым у яго быў перапынак. І вось зараз зноў. Пачуцьці, відаць, сапраўды становяцца, як аголеныя правады…»

У сям’і каардынатара «Эўрапейскай Беларусі» Зьмітра Бандарэнкі 7 сакавіка атрымалі ад яго ліст. Жонка Вольга кажа:

«Віншаваньняў няма, але вось што ён піша: «Як у нашай сям’і прынята, з 8 сакавіка я цябе не віншую, але адзначаю, што духоўна ты ўжо наблізілася да Клары Цэткін і Розы Люксембург».

Вольга Бандарэнка разам зь іншымі жонкамі і сваякамі ўваходзіць у грамадзкі камітэт «Вызваленьне», які шмат робіць у справе салідарнасьці зь вязьнямі 19 сьнежня.

Марына Фядута празь ліставаньне з мужам Аляксандрам дамовілася ў адзін час зь ім чытаць вершы. На мінулым тыдні жонка і муж Фядуты разам чыталі вершы Мікалая Гумілёва. Зараз прыйшла чарга іншых паэтаў.

«Цяпер будзем чытаць Мікалая Забалоцкага і Ёсіфа Мандэльштама. Забалоцкага ён будзе чытаць па памяці, напісаў, якія старонкі ў кнізе мне чытаць. А потым будзем пачынаць чытаць Мандэльштама, бо яму купілі Мандэльштама».

Аляксандра Фядуту, сябра выбарчага штабу кандыдата ў прэзыдэнты Ўладзімера Някляева, трымаюць у СІЗА КДБ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG