Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сэрбія забароніць уезд на сваю тэрыторыю Аляксандру Лукашэнку. Так прэзыдэнт Беларусі, які яшчэ ня так даўно быў у Сэрбіі дарагім госьцем, у будучыні стане непажаданым на падставе рашэньня, якое Эўрапейскі Зьвяз прыняў 31 студзеня, піша наш калега з Паўднёваславянскай рэдакцыі Радыё Свабодная Эўропа Мілаш Тэадоравіч.

Вось жа, усё тут паводле правілаў, акрамя таго, што Бялград, як здаецца, і гэтым разам быў папярэджаны аб тым, што калі ён імкнецца да статусу кандыдата на сяброўства ў ЭЗ, ён мусіць паважаць правілы Зьвязу. І тут ня можа быць выключэньнем стаўленьне, якое мусіць быць абранае ў дачыненьні да беларускага дыктатара.

У Міністэрстве замежных справаў нам пацьвердзілі, што рашэньне аб увядзеньні санкцыяў у дачыненьні да Беларусі прынятае на падставе акту, які Рада міністраў ЭЗ ухваліла ў апошні дзень студзеня ў Брусэлі.

Празь нейкі месяц пасьля таго Сэрбія, як паведамляюць некаторыя сродкі масавай інфармацыі, атрымала папярэджаньне зь сядзібы Эўразьвязу наконт таго, што немагчыма дамагацца статусу кандыдата і адначасна паводзіць сябе насуперак супольнай палітыцы ў пытаньнях, аб якіх у Брусэлі дасягнуты кансэнсус.

Міністар абароны Драган Шутанавац, якога папрасілі пракамэнтаваць гэтую сытуацыю, пераадрасаваў пытаньне ў ведамства замежных справаў, патлумачыўшы, што ўсе рашэньні аб экспарце і нават вайсковым абсталяваньні ўхваляюцца менавіта там.

«Канчатковае рашэньне прымае Міністэрства замежных справаў, хоць дазволы выдае Міністэрства эканомікі. Міністэрства абароны адказвае толькі за дастаўку тэхналёгіі, і таму вельмі часта публічнасьці здаецца, што пра экспарт узбраеньня трэба пытацца ў Міністэрства абароны, што не зусім так», - заявіў Шутанавац.

Шэф сэрбскай дыпляматыі Вук Ярэміч цяпер суправаджае прэзыдэнта ў ягонай паездцы ў Японію, а ягоны намесьнік Борка Стэфанавіч рыхтуецца да перамоваў Прышціны зь Бялградам, таму ў міністэрстве нам не маглі забясьпечыць адэкватнага суразмоўніка.

Нагадаем, аднак, што Рада Эўразьвязу замарозіла актывы і забараніла ўезд амаль 160-ці прадстаўнікам беларускіх уладаў і іншым асобам, якія, як мяркуецца, удзельнічалі ў фальшаваньні выбараў і пасьлявыбарчых рэпрэсіях супраць палітычных апанэнтаў, што мела наступствам вулічныя сутычкі і гвалт міліцыі над дэманстрантамі.

Брусэль адказаў санкцыямі, якія месяцам пазьней уводзіць і Сэрбія. Пазыцыя ўладаў у Бялградзе часта бывае няясная, таму яны рэгулярна трапляюць у сытуацыю, калі ім зь сядзібы Эўразьвязу нагадваюць пра прынцыпы арганізацыі, у якую Сэрбія імкнецца ўступіць, зазначае палітоляг Ёван Комшыч:

«Інакш кажучы, Сэрбія – гэта краіна, якая знаходзіцца ў вельмі супярэчлівай пазыцыі і што да зьнешнепалітычных, і што да ўнутрыпалітычных магчымасьцяў і прыярытэтаў. Яна падзеленая паміж бягучымі і доўгатэрміновымі інтарэсамі. Эўразьвяз, на маю думку, ведае пра гэтую пазыцыю, але зацікаўлены ў тым, каб утрымаць Сэрбію пры сабе і ня даць ёй выйсьці з арбіты ЭЗ. Няма нічога дзіўнага, што мы спазьняемся з такімі рашэньнямі, але разам з тым калі мы хочам быць бліжэй да Эўропы, мусіць здарацца ўсё менш выпадкаў, у якіх мы б гучалі дысанансам у дачыненьні да палітыкі ЭЗ. Трэба больш каардынацыі, і я думаю, што гэта будзе залежаць ад сапраўдных тэмпаў набліжэньня Сэрбіі да статусу кандыдата. Усю ж я думаю, што гаворка тут ідзе не пра наўмыснае ігнараваньне рашэньняў Эўразьвязу. Там, дзе ясна вызначаныя прыярытэты, не здараюцца такія промахі».

Няма сумневу, што цяперашні крок Бялграду парушыць добрыя дачыненьні Беларусі і Сэрбіі, усталяваныя ў часы Мілошавіча і яшчэ больш узмоцненыя пасьля падзеньня сэрбскай дыктатуры.

Лукашэнка апошні раз быў у Сэрбіі ў 2009 годзе, гэта быў амаль сакрэтны візыт, падчас якога на сустрэчах з прэм'ерам Міркам Цвэткавічам і тагачасным віцэпрэм'ерам Младжанам Дынкічам бакі дамовіліся аб паглыбленьні эканамічнага супрацоўніцтва абедзьвюх дзяржаваў.

Пасьля таго візыту Сэрбія падпісала ў Менску пагадненьне аб зоне свабоднага гандлю зь Беларусьсю. Пра гэта тады паведаміў тагачасны міністар Младжан Дынкіч, падкрэсьліўшы, што тым самым узьнікла магчымасьць бязмытнага ўвозу сэрбскіх тавараў на рынак з насельніцтвам каля дзесяці мільёнаў жыхароў.

Дамова з гэткімі ўмовамі дала магчымасьць толькі ў 2010 годзе экспартаваць з Сэрбіі ў Беларусь тавараў на больш чым 41 мільён даляраў, аднак аб'ём імпарту ў Сэрбію беларускіх тавараў быў амаль удвая большы – 84 мільёны даляраў.

Захады, зацьверджаныя Эўразьвязам, скіраваныя супраць непасрэднага атачэньня прэзыдэнта Беларусі, таму цяжка меркаваць, які ўплыў яны будуць мець на гаспадарчыя сувязі. Ва ўсялякім разе ясна, што калі Лукашэнка зноў захоча наведаць лыжны курорт Капаонік і натыкнецца на візавую заслону, гэта будзе найменшая шкода ад рашэньня, да якога далучыўся і Бялград.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG