Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімер Някляеў. Белае на чорным




Пакінуўшы сьвята на сьвяце,
Я выйшаў, адчуўшы сьпіной,
Як лёгка адразу за мной
I весела сталася ў хаце.

Цямрэча гусьцела ў падворку,
А з вокнаў імжэла сьвятло -
Адтуль, дзе мяне не было,
Дзе кінуў я сьмех і гаворку.

I доўга на блізкіх і родных,
3 якімі ў застольлі сядзеў,
Глядзеў я, глядзеў і глядзеў,
Прыпаўшы да шыбін халодных.

I плакаў амаль да відна.
На сьвяце жыцьцё сатанела:
Піло. Цалавалася. Ела.

I толькі жанчына адна
Адчула мой позірк сірочы,
Заўважыла цень у акне
I глянула так на мяне,
Так вочы ўтаропіла ў вочы,
Нібыта яна распазнала
Ці вылюдка, ці ведзьмака -
I ў жаху застыла рука,
Якой на мяне паказала.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG