Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія жанчыны з усіх рэгіёнаў Беларусі бралі актыўны ўдзел у мінулай прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі: яны зьбіралі подпісы, праводзілі агітацыю за дэмакратычных кандыдатаў на прэзыдэнта. Падчас разгону мітынгу 19 сьнежня на плошчы Незалежнасьці ў Менску, многія былі зьбітыя, патрапілі за краты, прайшлі праз допыты і ператрусы.

Як далей склаўся лёс гэтых жанчын.


БЕРАСЬЦЕЙШЫНА


Зьбітая міліцыянтамі на Плошчы ходзіць на мыліцах


Студэнтка БДУ Мая Абромчык разам са сваімі сябрамі была жорстка зьбітая ў раёне плошчы Незалежнасьці вечарам 19 сьнежня. Спэцназавец біў дзяўчыну спачатку дубінкай, а потым – нагамі. Пасьля зьбіцьця Мая не змагла самастойна ісьці ў аўтазак. Выявілася, што ў дзяўчыны зламаная нага.

Якое здароўе пацярпелай на Плошчы зараз?


Мая Абромчык вымушана была перавесьціся на завочнае навучаньне. Цяпер студэнтка жыве ў бацькоў у Ганцавічах. У гутарцы з карэспандэнтам "Свабоды" паведаміла, што, верагодна, лячэньне хваробы зацягнецца на год. Гаворыць Мая Абромчык:
цалкам вылечыцца магчыма толькі праз год ...

"Я пакуль хаджу на мыліцах. На жаль, увесь працэс рэабілітацыі цягнецца вельмі доўга. Я зараз на амбуляторным лячэньні. Нейкіх працэдураў няма. Увогуле гэта, паводле лекараў, вельмі цяжкая траўма. Для лячэньня яе патрэбна шмат часу. Толькі праз яшчэ тры месяцы можна будзе казаць пра загойваньне. А цалкам вылечыцца магчыма толькі праз год".

Допыты ў КДБ – гэта зьдзек

Удзельніца Плошчы Кася Сяльдзеўская зь Берасьця кажа, што міліцыянты, супрацоўнікі КДБ паводзіліся вельмі груба. Па яе словах, яшчэ падчас адбыцьця пакараньня ў турме на Акрэсьціна затрыманых вельмі груба дапытвалі сьледчыя міліцыі і КДБ:

"Супрацоўнікі КДБ шантажавалі людзей. Часта пагражалі, часам казалі, што зьменшаць тэрмін адбыцьця пакараньня або будуць рупіцца, каб не было праблемаў у ВНУ. Потым пагражалі бацькам. Прымушалі ставіць подпісы аб неразгалошваньні. Гэты зьдзек чынілі супрацоўнікі КДБ пасьля допытаў міліцыянтаў".

Кася Сяльдзеўская нават не змагла падлічыць колькасьць допытаў і выклікаў у міліцыю ды КДБ:
з моманту затрыманьня на Плошчы, то да нядаўняга часу выклікі не спыняліся ...

"Я вельмі ад гэтага стамілася. Калі браць з моманту затрыманьня на Плошчы, то да нядаўняга часу выклікі не спыняліся. У турме дапытвалі, потым у Менску, пазьней некалькі разоў ўжо ў Берасьці. Агулам было вельмі шмат гэтых допытаў".

Сясьцёр Касю і Юлю Пашко перасьледуюць за дзейнасьць у Маладым фронце

Сясьцёр Касю і Юлю Пашко берасьцейскія пракуроры выклікалі для вынясеньня папярэджаньня. Пазьней Юлю выклікалі на допыт у КДБ, а Касю дапытваў сьледчы упраўленьня па барацьбе з крымінальнай злачыннасьцю і карупцыяй. Чарговы раз у Касі былі ўзятыя адбіткі пальцаў, вяліся відэаздымкі. Усе гэтыя дзеяньні накіраваны на тое, каб запалохаць нас, кажа Юлія Пашко:

"Я лічу, што нас з сястрой найперш перасьледуюць з-за дзейнасьці ў Маладым фронце. Падчас допыту ў КДБ пераважна былі пытаньні наконт дзейнасьці лідэраў гэтай моладзевай арганізацыі".


ГОМЕЛЬШЧЫНА


Жанчыны – мацнейшыя за многіх беларускіх мужчынаў

Кацярына Гаравая працавала пераважна ў камандзе Мікалая Статкевіча, як яна сама кажа, пікетна-палявым агітатарам і зборшчыкам подпісаў:

“Я вельмі прастудзілася на выбарах, хварэю ўсю зіму. І наагул на душы вельмі кепска й балюча”.

Кацярына з мужам Андрэем, як і многія іншыя рэгіянальныя апазыцыйныя актывісты, зьведалі пасьля выбараў ператрус спэцслужбаў. Чэкісты забралі ў іх сямейны кампутар, сыстэмныя блёкі, дыскі CD/DVD і нават МP3-плэер. Працы ў актывісткі няма, як няма яе і ў мужа.

Кацярына кажа, што нейкай падтрымкі пасьля выбараў з боку дэмакратычных структураў яна не адчувае:

Галіна Баранава на выбарах зьбірала подпісы й агітавала за Андрэя Саньнікава. Раней яна была афіцыйным ідэолягам у адным з сельгаспрадпрыемстваў, а зараз на пэнсіі.

Калі пачалося галасаваньне, спадарыня Галіна была назіральніцай на выбарчым участку Цэнтральнага раёну:

“Я захоўваю паштоўку, якую мне даслалі са штабу Саньнікава з падзякай за актыўны збор подпісаў. Гэтую паштоўку захоўваю. У КДБ мяне не выклікалі. Відаць, ведалі мой адказ, чаму у сталым узросьце я пайшла ў палітыку. Я два гады ваявала з камітэтчыкамі й усімі астатнімі, бо мой сын праходзіў па гучнай “паляўнічай справе”.

Што да падліку галасоў на выбарах, то Галіна як назіральніца лічыць, што некаторым старшыням выбарчых камісіяў даўно час працаваць ілюзіяністамі ў цырку:
У любога разважлівага чалавека не ўкладваецца ў галаве, што можна было разагнаць мірную акцыю ...

“Мы бачылі стосы, як яны раскладвалі. Тры стосы амаль аднолькавыя былі, астатнія меншыя. Я чула, што трэці стос – гэта за Някляева. І дзе тыя 80 адсоткаў? Я, як і ўсе нармальныя людзі, ведаю, чаму іх арыштавалі. Іншага шляху пазбавіцца ад канкурэнтаў у яго не было. Гэта было загадзя сплянавана. У любога разважлівага чалавека не ўкладваецца ў галаве, што можна было разагнаць мірную акцыю і да таго ж арыштаваць такую колькасьць людзей, у тым ліку й жанчын”.

Спадарыня Галіна лічыць, што некаторыя жанчыны, у прыватнасьці, Натальля Радзіна, Ірына Халіп, Наста Палажанка, якія патрапілі пад жорны рэпрэсіяў, мацнейшыя нават за многіх беларускіх мужчын:

“Наташа, Ірына, Насьця, вы сапраўдныя жанчыны, і мацнейшыя за большасьць мужчынаў, якія ёсьць ў нас, у Беларусі. Жадаю вам – самае галоўнае – здароўя і ўдачы. А мы будзе вас падтрымліваць”.

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


“Мы – разам, мы – супольна, мы не баімся…”


Актывісткі з Гарадзеншчыны, якія былі на плошчы Незалежнасьці 19 сьнежня, сьцьвярджаюць, што іх не запалохалі перасьледы з боку ўлады, яны і надалей працягваюць жыць ідэаламі Плошчы.

Гарадзенку Валянціну Бусько пасьля падзей на Плошчы пазбавілі права працаваць адвакатам – так вырашыла Гарадзенская абласная калегія адвакатаў. Сына адлічылі з Гарадзенскага ўнівэрсытэта імя Янкі Купалы.

Дагэтуль спадарыня Валянціна не знайшла сталай працы, кажа, што на хлеб зарабляе выпадковымі падпрацоўкамі. Праўда, яна кажа, што не пачуваецца самотнай.

“Дапамагаюць мне і з “Салідарнасьці”, і проста людзі тэлефануюць, прыходзяць, размаўляюць – я не адна, людзі са мною трымаюць сувязь. І ніхто з нас у сваёй шкарлупіне не закрываецца”.

Дар’я Бахар, актывістка БХД з Наваградка кажа, што Бог ставіць перад беларусамі значна большыя мэты, чым барацьба з рэжымам, і таму яна лічыць, што Плошча – гэта адзін з этапаў згуртаваньня беларускай нацыі. Яна любіць паўтараць: мы разам, мы супольна…

“Мы разам змагаемся і, вядома, што падтрымка ў мяне заўсёды ёсьць ад сяброў і я іх заўсёды падтрымліваю. Мы ж – каманда, і як гэта, каб не было падтрымкі”.

Алену Давідовіч, актывістку БХД з Мастоў, па ананімным даносе выклікалі на камісію па справах непаўналетніх пры Мастоўскім райвыканкаме і вынесьлі папярэджаньне "аб адказнасьці за неналежнае выкананьне бацькоўскіх абавязкаў па выхаваньні і ўтрыманьні дзяцей, забесьпячэньні аховы іх жыцьця і здароўя".

Спадарыню Алену гэта вельмі ўзрушыла, яна падала скаргу ў суд і справа яшчэ працягваецца. Зараз спадарыня Алена кажа, што ёй няпроста гэта перажыць, але радуе, што дзеці разам зь ёй, здаровыя і яна цяпер добра разумее за якую будучыню для іх будзе надалей змагацца.
Не, я ад гэтага болей ніколі не адступлюся ...

“Не, я ад гэтага болей ніколі не адступлюся. Гэта раней я пабойвалася, калі яшчэ была ў “Маладым Фронце”, каб нехта не заўважыў, каб прозьвішча не ўсплывала. А зараз я ўжо нічога не баюся, бо бачу шмат людзей побач з сабою, якія хочуць зьмяніць да лепшага наша жыцьцё, для маіх дзетак, для усёй Беларусі”.

ВІЦЕБШЧЫНА


Сьвята для маці – ліст ад сына

Маці зьняволенага ў СІЗА КДБ Паўла Севярынца, спадарыня Тацяна, сустракае 8 сакавіка ня дома, у Віцебску, а ў Менску. Яна спадзяецца дамагчыся сустрэчы з сынам, дамаўляецца пра паслугі новага адваката замест звольненага Паўла Сапелкі.

Што да сьвяткаваньняў, то іх у апошнія месяцы проста не было, кажа Тацяна Севярынец: азмрочаныя арыштам Паўла былі і Новы год, і Каляды, і вось цяпер – 8 сакавіка. Хаця зь дзяцінства гэты дзень памятаецца Тацяне Севярынец сямейным сьвятам:

Тацяна Севярынец
“8 сакавіка – гэта жаночы дзень, сьвята – добрае, прыгожае, з ласкавай ўсьмешкай маці… І з клопатам такім сьціплым майго таты, каб падараваць маці ці то нейкую хустачку, ці панчохі. Бацька быў вельмі стрыманы ў пачуцьцях чалавек, і нам, тром сёстрам, было дужа прыемна назіраць, як тата рабіў маці нейкі такі падаруначак!”

Летась, якраз напярэдадні падзеяў 19-га сьнежня, спадарыня Тацяна пахавала сваю маці. А пасьля таго, як у зьняволеньне трапіў сын, яна чакае іншых сьвятаў і падарункаў:

“Гэтым годам у мяне сьвятаў увогуле няма! Мае сьвяты – гэта ліст ад Паўла, ці вось частка раману, што я атрымала, калі ён піша, што атрымаў ліст. Калі я нешта такое зраблю, вось я дамаглася, каб ён лекі атрымаў – гэта таксама сьвята!”

Тацяна Севярынец гаворыць, што найлепшым падарункам да жаночага сьвята для яе было б спатканьне з сынам, якога яна ня бачыла амаль тры месяцы. Маці зьняволенага палітыка так наўпрост і сказала кіраўніку сьледчай групы Анатолю Сукалу:

“Добры дзень, Анатоль Мікалаевіч! Я да вас прыйшла па падарунак напярэдадні сьвята!” А ён нават не адрэагаваў на мае гэтыя словы, сказаў: “Пакідайце заяву ды сыходзьце. У мяне няма жаданьня з вамі размаўляць”. Я кажу: “У мяне таксама няма жаданьня з вамі размаўляць. Мяне да вас прывяла бяда: толькі ад вас залежыць, ці атрымаю я дазвол на сустрэчу з сынам! Тут зайшоў начальнік сьледчага камітэту і пачаў крычаць: “Грамадзяначка! Пакіньце памяшканьне! Я кажу вам катэгарычнае “не”, сустрэчы з сынам вы не атрымаеце!” Пытаюся: “Чаму не атрымаю? Вось я дамагаюся сустрэчы з сынам. А ваша маці? Ды яна цэглу грызла б, каб толькі з вамі ўбачыцца!” “Не,– кажа.– І я не абавязаны вам нешта тлумачыць!”

МАГІЛЁЎШЧЫНА


"Цярпець нельга, трэба змагацца!"

Ад чацьвёртага сакавіка даймае сям’ю Шкадуноў супрацоўнік Ленінскага аддзелу міліцыі Магілёва Уладзімер Радзевіч. Ён патрабуе, каб непаўналетняя Ганна Шкадун падпісала пратакол адміністрацыйнага правапарушэньня. Віна дзяўчыны ў тым, што 16 студзеня яна ўдзельнічала ў акцыі салідарнасьці зь беларускімі палітвязьнямі.

Ганна Шкадун (другая зьлева) удзельнічае ў акцыі салідарнасьці

Сьледчы Ўладзімер Радзевіч ўжо дапытаў Ганна Шкадун аб яе ўдзеле ў акцыі. Допыт доўжыўся больш за дзьве гадзіны. За свае няпоўныя васемнаццаць гадоў Ганна ўпершыню даведалася як працуюць супрацоўнікі міліцыі. З такім псыхалягічным ціскам, кажа яна, ёй яшчэ ніколі не выпадала сутыкацца:

“Ён не азнаёміў мяне з правамі на пачатку допыту. Мая маці заявіла яму: “Чаму вы не азнаёмілі дачку зь яе правамі?”. А ён рабіў выгляд, што ня чуе мамы. Даў нейкі аркуш і ўсё тыкаў: “Расьпісвайцеся, расьпісвайцеся”. Дастаў фоткі з Плошчы 19 сьнежня й кажа, што вы тут напэўна таксама ёсьць. Мо я вас знайду. Потым пачаў гаварыць пра кандыдатаў у прэзыдэнты, што яны нагамі ламалі дзьверы ў Доме ўраду”.

Калі раней дзяўчына ацэньвала сытуацыю ў Беларусі толькі чытаючы навіны ў інтэрнэце, то пасьля сустрэч зь міліцыянтам ведае непасрэдна, што ж творыцца ў краіне. Беларусь апанаваў страх, кажа Ганна. Я не шкадую, што ўдзельнічала ў акцыі салідарнасьці, заяўляе яна:
не разумею тых людзей, якія баяцца. Цярпець нельга, трэба змагацца! ...

“Многія пасьля дзевятнаццатага запалоханыя. Пасьля гэтых допытаў, пасьля таго, як пасядзелі. Нават людзі, якія ня ўдзельнічалі, пасьля таго як паглядзелі, што адбывалася, баяцца. Я проста не разумею тых людзей, якія баяцца. Цярпець нельга, трэба змагацца!”.

Ганна Шкадун з таго пакаленьня беларусаў, якое ня бачыла іншай Беларусі. Усе свае гады ў тэлевізары яна бачыць адну й тую ж карцінку з нязьменным героем сюжэтаў. Дык якой мусіць быць Беларусь на яе думку?:

“Эўрапейскай будзе. Людзі стануць іншымі. Сьмялее ўсё будзе. Людзі ня будуць баяцца гаварыць усё, што думаюць. Хаця некаторыя й кажуць, што прыйдзе хто-небудзь другі. Горш ня будзе”.

Як зьбівалі жанчын у часе мірнай дэманстрацыі 19 сьнежня

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG