Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Іосіф Сярэдзіч: «Паклёпніка і лгуна Кастусева пацягну ў суд»


Іосіф Сярэдзіч, архіўнае фота.
Іосіф Сярэдзіч, архіўнае фота.
Галоўны рэдактар «Народнай волі» Іосіф Сярэдзіч адказаў на заяву былога кандыдата ў прэзыдэнты Рыгора Кастусёва пра тое, што быццам Сярэдзіч вымагаў за публікацыю грошы.

На канфэрэнцыі гомельскай абласной арганізацыі Партыі БНФ Рыгор Кастусеў сказаў, што напярэдадні выбараў яго спрабавалі зганьбіць, публікавалі на яго пасквілі, прычым ня ўладныя структуры. Кастусёў заявіў наступнае: «У „Народнай волі“ ў адным толькі нумары былі два такія артыкулы на мой адрас. Мы з Аляксеем Янукевічам былі ў Сярэдзіча, размаўлялі зь ім, але Сярэдзіч сказаў адкрыта, што давайце грошы і мы апублікуем артыкул, які вы замовіце. Гэта што — нармальна?»

Галоўны рэдактар «Народнай волі» Іосіф Сярэдзіч паведаміў Радыё Свабода:

«Да апошняга часу гісторыя Шклова ведала Ілжэдзьмітрыя. Цяпер вось зьявіўся яшчэ ілжэц Кастусёў. Ні пра якія грошы я зь ім наагул не размаўляў, як ніколі не размаўляў на гэтую тэму і зь іншымі кандыдатамі ў прэзідэнты. За паклёп, за хлусьню абавязкова пацягну Кастусёва ў суд.
Кастусёў ніколі больш ня зьявіцца на парозе рэдакцыі. Будзем гнаць яго.
Гэта ж вельмі сур’ёзныя абвінавачваньні. Такой бязглузьдзіцы, такой няпраўды я проста не чакаў. Мы апублікавалі вялікую гутарку зь ім. Нават калі ў лістах чытачоў і былі нейкія ня вельмі прыемныя выказваньні на яго адрас, дык што, ён — сьвятарная карова? Кастусёў ніколі больш ня зьявіцца на парозе рэдакцыі. Будзем гнаць яго».

Карэспандэнтка: «З вуснаў Кастусёва прагучала, што, маўляў, калі б ён ведаў, што ў залі прысутнічае журналіст, то шмат пра што не гаварыў бы. Як вы гэтую заяву пракамэнтуеце?»

«Гэта сьведчыць пра яго няшчырасьць, пра яго двухаблічны характар. Гэтаму чалавеку і блізка нельга быць у апазыцыі і ў палітыцы наагул! Калі чалавек для адной аўдыторыі можа гаварыць адно, для іншай другое — на гарматны стрэл такіх людзей нельга падпускаць! А я маю сур’ёзны намер абараняць гонар, годнасьць і дзелавую рэпутацыю ў судзе».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG