Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Дачку і ўнучку Някляева да яго не пусьцілі


Дачка і ўнучка Уладзімера Някляева не змаглі зь ім сустрэцца. Ала Саньнікава адправіла сыну ў турму віншавальную тэлеграму з днём нараджэньня. Міколу Статкевічу адмовілі ў спатканьні з жонкай.

Два з паловай месяцы пад арыштам знаходзяцца тры былыя кандыдаты ў прэзыдэнты Беларусі. Андрэй Саньнікаў і Мікалай Статкевіч — у СІЗА КДБ, Уладзімер Някляеў — пад хатнім арыштам. Як іх справы?

Уладзімер Някляеў
7 сакавіка дачка і ўнучка Ўладзімера Някляева мусілі зьехаць зь Менску, так і не сустрэўшыся з Уладзімерам. Ілона, старэйшая дачка палітыка, якая стала жыве ў Маскве, прыехала ў Менск разам з сваёй дачкой, каб наведаць Уладзімера Някляева. 6 сакавіка ўвечары Ілона з дачкой прыйшлі да дому, дзе жывуць Уладзімер з жонкай Вольгай, але ў кватэру палітыка іх не пусьцілі ахоўнікі з КДБ. «Яны спаслаліся на адсутнасьць адмысловага дазволу на сустрэчу зь Някляевым», — паведаміла «Свабодзе» Вольга Някляева:

«Я зь ёй сустрэлася, мы зь ёй паразмаўлялі. А да нас не пусьцілі. Мы ўжо тры лісты напісалі, і пракурору Менску, і генпракурору, што яны недакладна трактуюць пункт закону — пакуль не дапамагло. Сказалі, што трэба чакаць афіцыйнага адказу. Калі дазвол будзе, тады пусьцяць».

Раней дазволу сустрэцца з Уладзімерам Някляевым прасіла ягоная малодшая дачка Ева, якой таксама ў гэтым адмовілі.

Пра здароўе Ўладзімера Някляева ягоная жонка Вольга сказала, што ў яго «па-ранейшаму моцна баліць сьпіна».

Увечары 19 сьнежня Уладзімер Някляеў быў зьбіты людзьмі ў цывільным, калі з актывістамі свайго штабу накіроўваўся на Кастрычніцкую плошчу. Актывісты штабу Някляева мяркуюць, што яго зьбілі супрацоўнікі спэцслужбаў, якія пры гэтым выкарысталі шумавыя гранаты. Уладзімер Някляеў на нейкі час страціў прытомнасьць і быў адвезены ў шпіталь, адкуль яго забралі прадстаўнікі сілавых структураў і зьмясьцілі ў ізалятар КДБ «амэрыканка». Болей за месяц таму Ўладзімеру Някляеву зьмянілі меру стрыманьня на хатні арышт, паводле якога яму забароненыя ўсе сустрэчы, ў тым ліку зь дзецьмі.

Андрэй Саньнікаў
8 сакавіка Андрэю Саньнікаву спаўняецца 57 гадоў. Мой сёньняшні званок засьпеў маці палітыка Алу Саньнікаву па дарозе на Галоўпаштамт.

«Вось іду адправіць яму тэлеграму. Заўтра ж у Андрэя дзень народзінаў».

Ужо болей за тыдзень ад Андрэя Саньнікава няма зьвестак: ад яго няма лістоў, а ягоны абаронца Павал Сапелка некалькі дзён таму быў выключаны з калегіі і страціў права працаваць адвакатам. 4 сакавіка ў Алы Саньнікавай не прынялі ў КДБ частку перадачы для Андрэя, па чым жанчына мяркуе, што сын захварэў.

Мікола Статкевіч
Марына Адамовіч, жонка Мікалая Статкевіча, таксама ўжо шмат дзён не атрымлівае ад Мікалая лістоў і ня мае зьвестак, як ягоныя справы і здароўе. Каб атрымаць спатканьне зь Мікалаем, Марына напісала некалькі заяваў і скаргаў. На некаторыя са скаргаў ужо ёсьць адказы, пакуль — адмоўныя:

«Я пісала і ў пракуратуру адносна ліставаньня, на гэтую скаргу быў адказ, што пераправілі ў КДБ. І пісала адносна спатканьня. Па вялікім коле ішла гэтая скарга, і яе таксама пераправілі ў КДБ. І вось нядаўна з КДБ адказалі, што гэта немагчыма, але гэта не выключае такой магчымасьці ў далейшым. Хоць такі, але адказ. Калі я да таго два месяцы запар наўпрост зьвярталася ў КДБ, яны зусім не адказвалі».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG