Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Free Belarus Now падае міжнародныя зыскі супраць Лукашэнкі


Палітыкі, акторы і сваякі беларускіх палітвязьняў будуць дамагацца ацэнкі дзеяньняў беларускай улады міжнароднымі інстанцыямі, такімі як ААН і міжнародныя суды.

Яны выступілі заснавальнікамі кампаніі Free Belarus Now.

Сярод іх Ірына Багданава (сястра Андрэя Саньнікава), Ева Някляева (дачка Уладзіміра Някляева), Кацярына Статкевіч (дачка Мікалая Статкевіча), Алена Эдвардс (сястра Міланы Міхалевіч), драматург Том Стопард, юрыдычная фірма "H20 Law LLP", беларускі “Свабодны тэатар”, а таксама палітыкі Міхаіл Гарбачоў, Вацлаў Гавэл, Рычард Дэрбін, акторы Джордж Клуні, Майкл Дуглас, Марк Нопфлер, Сігурні Уівэр ды іншыя.

Як паведамляе сайт “Хартыя-97”, заснавальнікі кампаніі Free Belarus Now накіравалі ў ААН лісты аб намерах, якія зьяўляюцца першым крокам у распачынаньні справаў у камісіях ААН. Лісты накіраваныя ў чатыры інстытуцыі ААН: у Камітэт па правах чалавека, спэцдакладчыку ААН па незалежнасьці судзьдзяў і адвакатаў, спэцдакладчыку па пытаньнях абароны свабоды перакананьняў і выказваньня і спэцыяльнаму прадстаўніку генэральнага сакратара ААН ў пытаньні праваабаронцаў.

Ініцыятары кампаніі заклікаюць усіх, хто пацярпеў ад рэпрэсій беларускіх уладаў, прыняць удзел у публікацыі фактаў і паведаміць аб такіх парушэньнях юрыстам кампаніі, якія возьмуць на сябе працэдуру афармленьня скаргаў, іх акумуляваньня і суправаджэньня ў працэсе разгляду ў камісіях і падкамісіі ААН.

Яшчэ адным заяўленым напрамкам працы кампаніі стане прыцягненьне беларускай улады да адказнасьці ў міжнародных судах.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG