Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навошта ўлады Беларусі запрашаюць на суды назіральнікаў АБСЭ


Беларусь запрасіла назіральнікаў АБСЭ для ўдзелу ў судовых разглядах па справе ўдзельнікаў непарадкаў 19 сьнежня. Раней беларускія ўлады вырашылі не працягваць мандат менскага офісу арганізацыі. Чаму ж цяпер яны запрашаюць на рэзанансныя суды назіральнікаў АБСЭ?

«Рэспубліка Беларусь запрасіла назіральнікаў АБСЭ для ўдзелу ў ходзе судовых разглядаў па справе ўдзельнікаў непарадкаў 19 сьнежня. Гэта тэхнічная місія, якая будзе назіраць за ходам судовага працэсу з пункту гледжаньня выкананьня ўсіх абавязацельстваў Беларусі ў кантэксьце членства ў АБСЭ ", – заявіў ў эфіры тэлеканалу РТР-Беларусь сакратар Міністэрства замежных спраў Андрэй Савіных.

Між тым, 31 сьнежня 2010 году Беларусь паінфармавала членаў сталай рады АБСЭ аб рашэньні не падаўжаць мандат менскага офісу арганізацыі ў сувязі з «адсутнасьцю аб'ектыўных падстаў для захаваньня місіі». На думку аналітыкаў, прычынай закрыцьця офісу стала нэгатыўная ацэнка прадстаўнікамі АБСЭ вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. Аднак, як адзначае палітоляг і юрыст Юры Чавусаў, нягледзячы на жорсткую рыторыку, якая захоўваецца ў адносінах паміж Беларусьсю і Эўразьвязам, імкненьня канчаткова разарваць адносіны з Захадам у беларускага кіраўніцтва няма.

– Пры непрацягу мандата Офісу АБСЭ ў Менску беларускі рэжым проста скарыстаўся удалым момантам, каб пазбавіцца ад структуры, якая ажыцьцяўляла, у першую чаргу, функцыі назіраньня. Зь іншага боку, запрашэньне такіх экспэртаў для дачы заключэньняў па крымінальных справах здаецца беларускім уладам найбольш эфэктыўным спосабам згладзіць то нэгатыўнае ўражаньне, якое ствараецца ад палітычных спраў, – цытуе аналітыка сайт "Заўтра тваёй краіны".

Ён таксама нагадвае, што па справе Мікалая Аўтуховіча, прадпрымальніка з Ваўкавыска, а таксама па справе аб гібелі журналіста Алега Бябеніна заключэньні экспэртаў-крыміналістаў з боку АБСЭ былі спрыяльнымі для ўладаў. Яны хутчэй пацьвярджалі адсутнасьць палітычнай матываванасьці падчас расьсьледаваньня гэтых спраў.

Старшыня зарэгістраванага ў Літве "Праваабарончага альянсу» Людміла Гразнова лічыць запрашэньне назіральнікаў ад АБСЭ на судовыя працэсы пазытыўным крокам.

– Калі суд адкрыты, і на ім прысутнічаюць прадстаўнікі АБСЭ, то гэта сьведчаньне больш цывілізаванага падыходу, – лічыць Людміла Гразнова. – Але тут трэба ўлічваць некаторыя нюансы, гэта значыць, практыку дзеяньняў уладаў у пляне выбіваньня выгадных для ўладаў паказаньняў, шантажу і пагрозаў. Такія паказаньні могуць быць прадстаўлены ў судзе. У гэтым і будзе заключацца падвох з боку уладаў з запрашэньнем назіральнікаў ад АБСЭ.

Чавусаў прагназуе, што тыя асобы, якім пакуль не прад'яўленае абвінавачваньне і якія пакуль застаюцца ў статусе падазраваных, могуць і не паўстаць перад судом:

– Тыя ж, хто паўстане перад судом, будуць прызнаныя вінаватымі, паколькі вопыт двух працэсаў, якія завяршыліся, сьведчыць, што ў судовай вытворчасьці па гэтых справах ёсьць вялікі абвінаваўчы ўхіл, - лічыць экспэрт. – А магчымасьці далейшага гандлю будуць мець месца ў пытаньнях амніставаньня або датэрміновага вызваленьня гэтых вязьняў. Вопыт ранейшых палітычных спраў, напрыклад, справа Аляксандра Казуліна, паказвае, што беларускі рэжым сапраўды настроены на гандаль тымі, каго ён ужо асудзіў, а не на стадыі абвінавачваньня або судовага разбору.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG